ШАКАЛАДНЫЯ ЛІТАРЫ
На беласнежнай глянцавай паверхні торта паблізу чароўных крэмавых руж вопытны кулінар па дадатковаму заказу шакаладным шнурочкам вывеў прывычныя словы: “З днём нараджэння!”.
Чытач можа здзівіцца, што ж тут незвычайнага? Торт спатрэбіўся ў сувязі з тым, што сваячка аўтара гэтых радкоў даўно адзначае два дні нараджэння. Чаму?
… – Цёця патанула! Цёця патанула..! – пакаціліся раптам па ўзбярэжжу трывожныя дзіцячыя галасы дзяўчынак, якія гулялі ў мячык на аксамітным дыване маладой травы.
І вось аднекуль з прыбярэжных кустоў выслізнуў малады чалавек у марской цяльняшцы. Натрэніраваны смелы матрос-адпускнік куляй нырнуў у глыбокае месца ракі, імгнена схапіў тонучую дзяўчыну, выцягнуў на бераг, як здавалася, нежывое цела.
– Дзе я? Што са мною, – шэптам прамовілі яе злёгку пасінелыя вусны.
Мінула з таго трывожнага дня ўжо шмат гадоў. А наша сваячка ўжо дарослая, адзначаючы кожны год два святы нараджэння, са шчырай удзячнасцю ўспамінае выратавальніка. Часам са слязінкай на вачах за сталом, на якім традыцыйны торт з шакаладным надпісам “З днём нараджэння!”.