Присяга

ШРАМЫ НА СЭРЦЫ

Ён 50 год хаваў тайну. Служыў у арміі, вучыўся ў інстытуце, кіраваў прадпрыемствам з «чыстай” біяграфічнай анкетай. І толькі перабудова, аднавіўшая правы былых остарбайтэраў – так званых «усходніх рабочых”, дазволіла адкрыта змяніць назву бацькоўскай вёскі, што была пазначана ў пашпарце, на сапраўднае месца нараджэння – паселішча Хаге каля горада Эмдэн у Германіі.

Мой суразмоўца – старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” Іван Іванавіч РУДОВІЧ:

– У час акупацыі многія юнакі і дзяўчаты з Дрэбска хаваліся ад прымусовага ўгону ў Нямеччыну, узяўшы шлюб з равеснікамі. Абвянчаліся і мае будучыя бацькі, але гэта не дапамагло. У 1942-ім маму запісалі на вываз. Яе слёз не мог перажыць бацька. Заявіў немцам: куды жонку забіраеце, там і мне з ёю быць. Так і апынуліся разам у баўэра паблізу Балтыйскага мора, на самай поўначы Германіі.

Жылі ў стайні. Апрацоўвалі палеткі гаспадара. Я паявіўся на свет 12 красавіка 1944 года. Пасля народзінаў на працягу месяца маці дазволілі быць з немаўлём, а потым прымусілі працаваць. Пакідала мяне ў 6 гадзін раніцы, забягала ў абедзены перапынак, а потым зноў ішла да 8-мі вечара. Калі было наканавана выжыць, так і адбылося… Прыгадвалі, што было цяжка, кармілі мала, але штодня. На суседнім жа хутары паднявольным парабкам баўэр даваў ежу праз дзень, здзекваўся над імі. Калі тэрыторыю вызвалілі амерыканцы і спыталіся пра адносіны гаспадара, гэтага пасля скаргаў працаўнікоў адразу расстралялі. Мае бацькі нічога дрэннага не сказалі пра свайго баўэра, які потым у ногі кланяўся беларусам за захаванне жыцця.

У лагеры для перамешчаных асоб бацькам прапаноўвалі выязджаць за мяжу, але яны імкнуліся да роднай зямлі. Калі трапілі ў савецкую зону, тату прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён служыў у Германіі, дарэчы, дзякуючы валоданню нямецкай мовай, ардынарцам у афіцэра. Мама са мной дабралася да роднай вёскі. Працавала ў калгасе. Дачакаліся вяртання роднага чалавека. Бацька ўладкаваўся маставым раманцёрам у дыстанцыі пуці. Паявілася сястра Марыя, на 4 гады маладзейшая за мяне. У яе доме цяпер дажывае век 87-гадовая мама…

У сям’і захавалася яе арбайцкартка з фотаздымкам, адлюстраваўшым рабскі нумар, адрас. У 1990-ыя мы напісалі ў Германію. Адказаў сын баўэра. Завязалася перапіска. Калі ж ён даслаў запрашэнне, папярэдзіў, што расходы па будучаму прыёму возьме на сябе мясцовая ўлада. Але ад бургамістра следам прыйшла афіцыйная папера, што візіт трэба адкласці па пэўных прычынах. Так наша «другое прышэсце” ў Германію не адбылося. Ні ў бацькоў, ні у мяне гэта не выклікала шкадавання. Не раз думаю аб іншым. Мама хацела дзіця і здолела выхадзіць мяне нават у няволі. Цяпер жа такія выдатныя ўмовы створаны для жанчын, але ў многіх жаданне нараджаць, на жаль, адсутнічае…

– Іван Іванавіч, калі ласка, паведаміце аб напрамках работы грамадскага згуртавання, якое вы ўзначальваеце.

– На ўліку ў нашай арганізацыі летась налічвалася 259 былых непаўналетніх вязняў фашызму, на пачатак года – 245. Ідуць у нябыт шматпакутныя людзі… Па тэрытарыяльных адзінках колькасць розная: ад 1 чалавека ў Багданаўцы да амаль 80-ці – у Лунінскім сельсавеце, 60 – у Лунінцы. Узносы не плацім. Пры неабходнасці кіраўніцтва з рэспублікі звяртаецца ў вобласць, а з Брэста афіцыйныя звароты ідуць на мой адрас.

– Ці праводзяцца ў вобласці ці рэспубліцы сустрэчы былых вязняў?

– Быў удзельнікам ІІІ (2004) і IV (2010) з’ездаў асацыяцыі. Вялікае ўражанне пакідае наведванне мемарыялаў. У Асвенцыме (Польшча) жанчыны – члены нашай дэлегацыі – ад убачанага страцілі прытомнасць, а ў мяне так балела сэрца, што тыдзень не мог супакоіцца… Таксама ўсхваляваў помнік дзецям, загінуўшым у гады вайны. У 2007-ым ён адкрыўся ў н.п. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна (Гомельшчына), на месцы размяшчэння буйнейшага з 16-ці дзіцячых канцлагераў Беларусі. Тут пры акупацыі ў хлопчыкаў і дзяўчынак 8-14 год гвалтоўна бралі кроў для гітлераўцаў…

– У свой час Германія выплаціла кампенсацыю остарбайтэрам за рабскую працу. Магчыма, паявілася новая інфармацыя ў дачыненні да гэтай сацыяльна абароненай катэгорыі грамадзян?

– Аб намеры выдзеліць дадатковыя сродкі паведаміла ўпраўленне чыгунак Германіі. Члены раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” запаўняюць заявы, якія будуць цэнтралізавана накіраваны па вызначаным адрасе.

Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть