“У ВЕТЭРАНАЎ ВУЧУСЯ АПТЫМІЗМУ», –
сцвярджае сацыяльны работнік Ніна Уладзіміраўна ЧАРНАВОКАЯ.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яе нязменна называюць у ліку самых адданых справе прафесіяналаў. За 14 год работы зарэкамендавала сябе адказнай і сумленнай працаўніцай. Цярпліва і ўважліва клапоціцца пра восем адзінокіх састарэлых лунінчан. Асаблівае стаўленне – да сям’і Валянціна Паўлавіча і Елізаветы Іванаўны КРАСІКАВЫХ.
Гаспадыня – удзельнік прыфрантавых дарог, выдатная майстрыха. Шматлікія вязаныя і вышытыя сурвэткі выраблены яе залатымі рукамі. У 1944 годзе ўраджэнка Варонежскай вобласці прыбыла на вызваленае Палессе ў складзе калоны асобага паравознага рэзерва. Застаўшыся працаваць на станцыі Лунінец, Елізавета Іванаўна дзякуе лёсу за гэты выбар. Другой радзімай лічыць Беларусь і гаспадар, малая радзіма якога – Смаленская вобласць. У нашы мясціны трапіў таксама пасля вызвалення ад фашыстаў – маму накіравалі настаўнічаць у Бастынь. У свой час Валянцін Паўлавіч таксама быў чыгуначнікам.
Летась адсвяткавала юбілей жонка, сёлета – муж. Абодва лічаць здароўе галоўнай каштоўнасцю жыцця. Паколькі ў больш чым 80-гадовым узросце цяжка спадзявацца на паляпшэнне самаадчування, Красікавы не скардзяцца, а настройваюць сябе на пазітыўны погляд на рэчаіснасць. Захапляюцца павагай да ветэранаў з боку кіраўніка краіны, што адлюстроўваецца і ў адносінах усяго грамадства. Імкнуцца не абцяжарваць жыццё навакольным, у якіх дабрыня і сціпласць ветэранаў выклікае такую ж шчырую добразычлівасць.