Присяга

УДОВІНЫ СЛЁЗЫ

Гэта гісторыя адбылася на адным з хутароў нашага раёна.

Сям’я франтавіка, які з першых дзён вайны служыў у Чырвонай арміі, выпрабоўвала пакуты акупацыі. Як і ўсе вяскоўцы, больш за ўсё цярпелі ад голаду. Вараныя крапіва, свірэпа, шалупінне з бульбы было пастаяннай ежай на стале, а калі зрэдку паяўляўся хлеб, гэта лічылі святам. Жанчына абменьвала ўсе хатнія рэчы на прадукты, толькі каб пракарміць трох малых дзяцей. Куды б яна ні ішла, паўсюдна перад маці паўставалі галодныя вачаняты малышоў…

Аднойчы, збіраючы ў лесе ягады, натрапіла на параненага чырвонаармейца. Паклікала на дапамогу старога бацьку, і разам з ім перанесла небараку дамоў. Бядотныя харчы трэба было дзяліць з параненым, падсцерагала небяспека выкрыцця, але яна і ў думках не меркавала кінуць чалавека на волю лёсу. Праз два месяцы клопату і догляду ён устаў на ногі. Падзякаваўшы выратавальніцы, пайшоў у лес да партызан.

Прыйшла Перамога, але няшмат што змянілася ў гэтай сям’і. Муж і бацька загінуў «смерцю храбрых”, як было адзначана ў пахаванцы. Хлеба дзецям па-ранейшаму не хапала. Хутаранцы не было за што купіць ежы.

І ўсё ж аднойчы яна накіравалася ў вясковы прадмаг. За прылаўкам стаяў мажны і дагледжаны мужчына, у якім з цяжкасцю можна было пазнаць схуднелага і змарнаванага параненага. Набраўшыся смеласці, жанчына папрасіла ў прадаўца кавалак хлеба. Не глянуўшы, ён адмовіў. І тады яна не вытрымала і нагадала:

– А я не шкадавала апошняга, ад дзяцей адрывала, толькі каб цябе падтрымаць…

Прадавец, не ўзнімаючы вачэй («Значыць, адразу пазнаў”, – у думках усміхнулася жанчына), працягнуў ёй бохан хлеба. Маці прынесла ежу дамоў. Упершыню дзеці ўдасталь наеліся. І толькі ўдава не кранула ніводнага кавалачка, глытаючы слёзы роспачы і верачы, што дзеці загінуўшага абаронцы Айчыны ўсё ж не будуць галоднымі.

Ніна НІКІЦЮК. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть