Присяга
ВЫЗВАЛЕННЕ Лунінца ішло праз Бастынь…
10 ліпеня Бастынь
У Бастынскім сельсавеце Дзень Незалежнасці сустракалі 11 удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Па аднаму – у Велуце і Люшчы, астатнія – на цэнтральнай сядзібе. У Бастыні ў ліку самых паважаных жыхароў – 82-гадовы Павел Пятровіч БУНАС. Ён дзеліцца ўспамінамі аб трагічных і гераічных падзеях вайны:
– Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі ў складзе БССР усе ведалі аб мірным дагаворы паміж СССР і Германіяй. Але ўпарта хадзілі чуткі, што хутка пачнецца вайна. У большасці жыхароў, некаторым з якіх давялося выпакутаваць жахі Першай сусветнай, гэта выклікала апасенні. Асабліва напалоханымі былі яўрэі. Калі пачаліся нямецкія бамбардзіроўкі, яны сталі раздаваць хатнія пажыткі і нават золата суседзям і знаёмым, ведаючы, што ніякае багацце не абароніць іх ад фашыстаў.
Нечаканасць нападу Гітлера перашкодзіла ўладам арганізаваць эвакуацыю. З пачаткам акупацыі ў ліпені 1941-га першымі загінулі савецкія актывісты. У гэтыя ж дні немцы выселілі яўрэяў з іх дамоў – яны сталі вязнямі гета. Праз год іх расстралялі. Гэта адбылося на ўскраіне вёскі. Па дарозе з Бастыні ў напрамку возера Белае злева стаіяць перадапошняя хата. Насупраць – лес, сосны, узгорак, дзе адбылася трагедыя. Тут жа немцы і закапалі нашых землякоў.
Памятаю некаторых аднавякоўцаў. Лею Ражанскую забілі разам з дзецьмі. Сям’я была заможнай, трымалі магазін… Два браты Ражанскія мелі млын… Асабліва здзекваліся над уладальнікам пякарні Флаксманам. Яго прывязалі да каня і нагналі жывёлу ў галоп, У вёсцы шкадавалі яго прыгажуню-дачку: немцы кожную ноч забіралі яе і гвалтоўна вадзілі да аднаго з афіцэраў… Шавец Румін… Вялікая сям’я Каплана… Разам з яўрэямі расстралялі і двух сялян. Адзін, здаецца, па прозвішчу Бусько, дрэнна чуў. Як звалі другога, на жаль, забыўся…
Немцы закідвалі мясцовасць лістоўкамі з заклікам падпарадкоўвацца «новаму парадку”, таму што не сёння-заўтра яны возьмуць Маскву. Скажу шчыра: ніхто не верыў у гэта нават у самыя складаныя часы адступлення савецкіх войскаў.
Магазіны не працавалі – немцы тавараў не завозілі. Людзі вымушаны былі зарабляць на жыццё. У лепшым становішчы апынуліся тыя, хто працаваў на чыгунцы і лесазаводзе. Ім выплочвалі маркі, за якія можна было купіць харчаванне ў Лунінцы. Сялянам жа давялося весці натуральны абмен на гарадскім рынку: мяса, молако, яйкі і іншыя прадукты мянялі на цукар, соль, газу, запалкі, медыкаменты, – на ўсё, чаго асабліва не хапала ў той час.
Пры акупацыі дзеці не вучыліся. У школе размясціўся нямецкі гарнізон, пры ім – управа з 20-цю паліцэйскімі. У 1943 годзе будынкі школы, лесазавода і млына, якія выкарыстоўвалі акупанты, былі знішчаны партызанамі.
Медыцынскае абслугоўванне адсутнічала. Людзі паміралі ад хвароб: дызентэрыя, тыф, сухоты. Ніякіх мер па папярэджанню ці, тым больш, па лячэнню хворых новая ўлада не прадпрымала. Даведаўшыся, што нейкі чалавек моцна захварэў, немцы абыходзілі яго дом бокам. Насельніцтва ратавалася тым, што прымяняла зёлкі, народныя сродкі. Толькі ў рэдкіх выпадках жыхарам, якія мелі нейкія кантакты з немцамі, удавалася набыць пэўныя лекі.
Брат ваяваў у партызанскім атрадзе. Наша сям’я была на падазрэнні ў паліцаяў. Чаму яны сталі памагатымі акупантаў? Напэўна, кожны меў свае прычыны. Шмат пацярпелі людзі ад паліцаяў: Сцяпана Баўкуновіча, Куніцкага, Міхаіла Мацко. Пра апошняга расказвалі, што пры знішчэнні Краснавольскіх хутароў кідаў дзяцей у агонь падпаленых хат.
Мяне хацелі адправіць у Нямеччыну, ды бацькам удалося адстаяць памочніка. На жаль, некаторыя вяскоўцы добраахвотна запісваліся на вываз у Германію. Немцы ахвотней бралі тых, хто быў слабы на розум, але моцны фізічна. Перавагу аддавалі моладзі. Пасля вайны вярнуліся практычна ўсе. Расказвалі, што лепш было займацца звычайнай сельскай гаспадаркай у баўэраў (хаця сярод іх таксама былі розныя). На заводах і фабрыках наогул жа чакала знясільваючая рабская праца. Казарменае становішча, нішчымная ежа, рабочы дзень па 12-14 гадзін у суткі…
З канца 1942-га бацькі з намі, дзецьмі, хаваліся ў лесе, у сямейным лагеры. Хутка, 14-гадовым, я ўжо быў залічаны да разведчыкаў у партызанскі атрад «За Радзіму” брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Разам з беларусамі змагаліся рускія, палякі, яўрэі. Вялі баявыя дзеянні ў наваколлях Лунінецкага, Пінскага, Жыткавіцкага, сучаснага Салігорскага раёнаў. Асабліва паспяховымі былі аперацыі «рэйкавай вайны”. Ніякіх міжнацыянальных канфліктаў у нас не было і быць не магло – аб’ядноўвала агульная мэта. Адзначу, што побач дыслацыраваўся яўрэйскі партызанскі атрад. Яго актыўнасць уступала нашаму: байцы больш хаваліся ад немцаў, чым змагаліся з фашыстамі.
Інфармацыю аб франтавых падзеях атрымлівалі са зводак Савінфармбюро. Даведаўшыся аб чарговым наступленні, радаваліся і віншавалі адзін аднаго. Усе жылі агульнай надзеяй на перамогу.
У вызваленні нашага краю «лясныя мсціўцы” ўдзельнічалі разам з дзеючымі вайскамі. Заўсёды балюча ўспамінаць, што партызанскія камандзіры папярэджвалі армейскае камандаванне: у Бастыні знаходзіцца ўмацаваны нямецкі гарнізон. На жаль, вайскоўцы не прыслухаліся да парад людзей, якія лепш арыентаваліся ў становішчы на мясцовасці. Наадварот, пасмяяліся: маўляў, гарады бяром, а тут нейкая вёска… Гэта неабачлівасць каштавала жыццяў многіх салдат і афіцэраў. Брацкая магіла вызваліцеляў у Бастыні – самая вялікая ў раёне.
У ліпені 1944-га, наш партызанскі атрад расфарміравалі. Маіх старэйшых таварышаў прызвалі ў Чырвоную армію. Нас, маладзейшых, у атрадзе так званых «ястрабкоў” пакінулі ахоўваць горад. Калі ў Лунінцы ўсталявалася вайсковая часць, мяне і яшчэ двух равеснікаў прызвалі радавымі ў войскі НКУС. Служыў у Мазыры, Іванава, Століне, Драгічыне, затым яшчэ 5 год у Заходняй Украіне. Абаранялі і вызвалялі раёны ад бандытаў і бэндэраўскіх фарміраванняў.
Многа маіх сяброў не вярнуліся з франтоў Другой сусветнай вайны. Нам наканавана жыць – сапраўды, як у песні: «за сябе і за таго хлопца”…
Падрыхтавала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.