Присяга

Важнейшае за акадэмію КАХАННЕ

Менавіта так уладкаваў сваё жыццё ўдзельнік Вялікай Айчыннай Міхаіл Іванавіч СЯМЁНАЎ (1919-1977).

Ураджэнец Ленінградскай вобласці ўстаў на абарону Айчыны з першых дзён вайны. Напружанне баёў у глыбіню душы хавала хваляванне за родных, якія напярэдадні асталяваліся ў горадзе на Няве. Яго бацька стаў ахвярай блакады… Мама, малодшыя брат і дзве сястры выпакутавалі голад і холад, але ім пашчасціла выжыць. Аб баявым шляху старэйшага сына і брата сведчаць шматлікія падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якія свята захоўваюцца ў сям’і Міхаіла Іванавіча.

Лейтэнант Сямёнаў удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Адпаведна словам папулярнай песні ваенных часоў, “с боем взяли город Брест” 28 ліпеня 1944-га – і вуліца вывела на заходнюю мяжу СССР. Потым пачаліся цяжкія баі за авалоданне гарадамі Усходняй Прусіі. З загадаў даведваемся незнаёмыя назвы далёкіх мясцін: Гумбінен узялі 21 студзеня, Прэйсіш Айлау – 10 лютага, Хайлігенбайль – 23-га і Кенінгзберг – 29-га сакавіка 1945-га. Потым на бланках “падзяк за выдатныя баявыя дзеянні” чорны і белы колеры змяніліся на чырвоны і белы, у каштоўных папер павялічыўся фармат. Так Міхаіл Іванавіч адзначаны 2 мая 1945-га, прычым двойчы: спачатку як удзельнік баёў па акружэнню і ліквідацыі групы нямецкіх войскаў на паўднёвым усходзе сталіцы трэцяга рэйха, потым – за ўзяцце Берліна.

З таго часу ў гісторыі май назаўжды застаўся пераможным… Прыгожыя маладыя твары вызваліцеляў Еўропы глядзяць са здымка. Сфатаграфаваліся афіцэры палка, які дыслацыраваўся ў горадзе Оксі. “Любімай мамачцы ад сына Мішы” – такі подпіс зрабіў лейтэнант Сямёнаў. І дадаў: “Памяць лепшых баявых таварышаў на час заканчэння вайны. З імі прайшоў баявы шлях ад перадгор’я Каўказа і да логава ворага”.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 чэрвеня 1945-га камандзір 66-га стралковага палка быў узнагароджаны трыма медалямі: “За ўзяцце Кенігзберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Яны былі ўручаны ў студзені 1946-га, а ў верасні таго ж года – ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені. Адбылося гэта ўжо на беларускай зямлі. З Германіі Міхаіл Іванавіч трапіў у Лунінецкі гарнізон. Не меркаваў затрымлівацца тут. Лейтэнант меў накіраванне на вучобу ў Маскву, у Ваенную акадэмію. Але лёсам было наканавана на танцах у клубе чыгуначнікаў сустрэць прывабную лунінчанку. Малодшая дачка каваля паравознага дэпо Сергіевіча не магла пакінуць састарэлых бацькоў – і закаханы баявы афіцэр вырашыў спыніць ваенную кар’еру.

– Гэта было 65 год таму, а быццам учора, – са светлым сумам усміхаецца Людміла Канстанцінаўна Сямёнава. – Мы разам пражылі 30 год, значна больш ужо я без мужа, але ўспаміны аб сямейным шчасці саграваюць і ў зіму жыцця…

Міхаіл Іванавіч выйшаў у запас. Чалавечыя і арганізатарскія якасці былога франтавіка былі запатрабаваны і “на гражданцы”. Ён працаваў нарадчыкам у кандукторскім рэзерве, потым узначальваў раённую арганізацыю Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. У сакавіку 1965-га быў выбраны ў гарадскі Савет дэпутатаў. Да юбілейных узнагарод у гонар адметных ваенных дат дадалася новая адзнака – медаль “За доблесную працу”.

– Пэўны час “штаб-кватэра” Лунінецкага БТПР размяшчалася на рагу вуліц Піянерская і Савецкая, – прыгадвае жонка. – Калі мужа не стала, балюча было праходзіць каля знаёмага будынка. Радавалася, калі памяшканні перадалі пад краязнаўчы музей…

На бацькоўскай сядзібе жонкі Міхаіл Іванавіч пабудаваў дом для сваёй сям’і. Ужо ў пенсійным узросце загадваў гаспадаркай СШ №3, захоплена працаваў над стварэннем школьнага сада, які шмат год быў упрыгожаннем Залесся. На многіх здымках 1960-ых адлюстраваны на ўласнай сядзібе, якая таксама ўражвала садам і пчальнікам. Любоў да прыроды была яго галоўным захапленнем. Дагэтуль даюць плады яблыні і грушы, выпешчаныя клопатамі гаспадара.

Каханне Людмілы і Міхаіла Сямёнавых увасобілася ў трох дзецях. Дочкі засталіся без бацькі ў дастаткова маладым узросце, але з малаком маці ўвабралі ў сябе разуменне быць годнымі прадстаўнікамі адзінага ў Лунінцы прозвішча. Спецыяльную адукацыю ўсе атрымлівалі ў Ленінградзе. У расійскім Бранску асталявалася Тамара. Яна і Наталля, якая працуе ў Лунінцы, – медсёстры. Лунінчанка і Ірына, ветэран фінансавай службы органаў мясцовай улады.

Сёлета вялікая сям’я віншавала маму з 85-годдзем. 6 унукаў і 10 праўнукаў уважліва слухалі расповяд бабулі аб мінулым, беражліва разглядалі фотаздымкі і ваенныя ўзнагароды дзядулі, якія сталі сапраўднымі рэліквіямі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть