Присяга
“Вось так САПЁРЫ робяць!”
Сяргей Грыневіч узначальвае Лунінецкі дзяржаўны сортавыпрабавальны ўчастак, што размешчаны на землях СВК «Гарадоцкі” ў Дрэбску. Спецыяліст захоплены вывучэннем гісторыі малой радзімы. З гонарам расказвае вясковец аб сваіх дзядах.
«Аб двух ведаю толькі па расказах родных, ад аднаго пашчасціла чуць зварот: «Унучак”… Маю на ўвазе Аляксандра Іванавіча Грыневіча (1900-1989). Яго памятаюць і па родавым імя Іванкоў, і па пазнейшай мянушцы Сапёр. Тлумачэнне знаходжу ў ваенным білеце. Згодна з ім, дзед закончыў 2 класы пачатковай школы ў 1910-ым. Прызваны «Лунинецкой призывной комиссией Пинской области в 1921 г.” – відавочна, гэта быў яшчэ павет, але захоўваю адпаведнасць дакументу. Служыў у польскай арміі сапёрам са снежня 1921 г. па лістапад 1923 г. Адзначана, што па нацыянальнасці беларус, родная мова – беларуская, у графе «веданне замежных моў” указана польская.
У 1940-ым дзед быў намеснікам старшыні калгаса «Чырвоны баец”. Аб вялікай увазе савецкіх улад да ўдасканалення ведаў прадстаўнікоў новага тыпу гаспадарання сведчыць: «Справка. Дана настоящая тов. Гриневичу Александру Ивановичу в том, что он действительно прошел в Лунинецкой Райветлечебнице двухнедельную практику ветеринарного санитара и днем 27-го июня 1941 года отпущен в сел. Дребск за провиянтами”. Падпісаў «Райветврач Бокун”.
У тым жа ваенным білеце, выдадзеным 29.02.1948 г., пазначана, што дзед – «селянін-аднаасобнік”. У той час такі факт меў негатыўнае адценне. Між тым, даведка з Лунінецкага аддзялення паравознай гаспадаркі Брэст-Літоўскай чыгункі (напісаная, дарэчы, на друкаваным бланку нямецкага стандартнага пратаколу) дае ўяўленне, чым дзед займаўся ў пасляваенны перыяд: «З 27.09.1944 – рабочы дэпо, 14.03.1945 – пераведзены цясляром будгрупы, 20.11.1952 – прызначаны вадалівам вадакачкі, 17.04.1954 – зноў цясляр, з 22.02.1955 – рабочы па падачы пяску на паравозным складзе паліва Лунінец да 19.06.1961 г.”. Аб добрасумленнасці працаўніка сведчыць пасведчанне Міністэрства шляхоў зносін СССР ад 27.12.1948 г. аб узнагароджанні знакам «Выдатны будаўнік”.
З бацькавага боку дзяды родны і стрыечны загінулі на фронце. Адрознівалі іх па родавым імя – Плісаковыя.
«Аляксей Яфімавіч Грыневіч, н. у 1911, радавы стралок 1234 стралковага палка 370 стралковай дывізіі, загінуў 15 студзеня 1945, пахаваны на станцыі Гарбатка Радамскага ваяводства (Польшча)”. З дзяцінства быў уражаны расказам свайго бацькі, што салдат быццам прадчуваў: накіроўваецца ў апошні шлях з роднай вёскі. Улетку 1944-га, па дарозе ў Лунінец у райваенкамат, з Дрэбска да Вічына ён ішоў з 9-гадовым сынам. Амаль 10 кіламетраў нёс хлопца на руках ці плячах, быццам, каб назаўжды перадаць яму адчуванне бацькоўскай падтрымкі.
Мой бацька, Рыгор Аляксеевіч Грыневіч, як старэйшы брат, усё жыццё клапаціўся аб трох малодшых сёстрах…
У кнізе «Памяць. Лунінецкі раён” увекавечаны і брат майго дзеда:
«Мікалай Яфімавіч Грыневіч, н. у 1916, радавы, мінамётны нумар 29 артылерыйскага корпуса, загінуў 25 лютага 1945, пахаваны на ўсходнім беразе ракі Одэр каля Ачэрскага завода (Германія)”.
Калі ў сярэдзіне 1950-ых мой бацька служыў у Групе савецкіх войскаў у Германіі, ён спрабаваў знайсці пахаванне дзядзькі, наведваў вайсковыя могілкі і брацкія магілы, але безвынікова…
На маё пытанне да дзеда Сашы, чаму не быў прызваны ў Чырвоную Армію, ён адказаў, што меў «бронь”. Многія яго равеснікі пазней аформілі пасведчанні ўдзельнікаў прыфрантавых чыгунак, што прыроўнівала іх у правах да ветэранаў вайны. Дзед не стаў хадайнічаць за сябе. Ён не чакаў клопату ад грамадства, заўсёды разлічваў толькі на ўласныя сілы і ў такім духу выхоўваў і нашчадкаў.
Выйшаўшы на пенсію, Аляксандр Іванавіч Грыневіч яшчэ 15 год шчыраваў у калгасе «Маяк камунізму”, які сваю гісторыю адлічвае з 1940-га, з даты стварэння першых калектыўных гаспадарак раёна ў Дрэбску і Цне. Працуючы на скірдоўцы сена ці саломы, выконваў справу вельмі акуратна і старанна. Калі заслугоўваў пахвалу ад кіраўніцтва, падкрэсліваў:
– Вось так сапёры робяць…”.
Запісала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.