Присяга

ЗНАК ЛЁСУ

88-гадовая лунінчанка Валянціна Антонаўна Караткова ўпэўнена, што Багародзіца выратавала яе ў гады Вялікай Айчыннай вайны і дапамагае на працягу доўгага складанага жыццёвага шляху…
Яе дзед «па кудзелі” быў накіраваны з Баранавіч у Лунінец пасля будаўніцтва чыгункі. Працаваў у дэпо машыністам паравоза. Яму было даверана весці цягнік з царом, калі Мікалай ІІ знаёміўся з Палесскімі чыгункамі. У дарозе Ілья Іванавіч Зуй цяжка захварэў і прама са шляху следавання быў адпраўлены ў шпіталь, дзе памёр. Хутка пачалася Першая сусветная вайна. У час яе дачка чыгуначніка выязджала ў эвакуацыю ў Днепрапятроўск, адкуль вярнулася з мужам і двума сынамі. У бабуліным доме на былой Царкоўнай вуліцы нарадзіліся і дзве дачкі. У сям’і сцвярджаюць, што выбраннік лунінчанкі паходзіў з багатага каталіцкага роду. Польскія ўлады не даравалі яму шлюбу з праваслаўнай. Даводзілася перабівацца часовымі заробкамі, каб урэшце набыць уласны дом.
– Нядобразычлівасць палякаў і адчужэнне сваякоў-беларусаў не паўплывала на талерантнасць таты, – усхвалявана гаворыць Валянціна Антонаўна. – Мае браты былі хрышчоныя ў касцёле, я з сястрой – у царкве.
Дзеці старанна вучыліся ў «паўшэхнай” школе, дапамагалі бацькам па прысядзібнай гаспадарцы. Нашчадак шляхты з задавальненнем асвойваў сялянскую справу. Любіў жывёл, якія нібыта адчувалі добрыя адносіны. Карміліца-карова дазваляла гаспадару даіць яе, не заўсёды падпарадкоўваючыся гаспадыні.
– Тата і мама былі прыстойнымі, годнымі, сумленнымі людзьмі, – скрозь слёзы гаворыць Валянціна Антонаўна. – Іх загубіла людская зайздрасць…
Без пярэчанняў суразмоўніцы, у думках не згаджаюся з ёй. Яе бацькі загінулі ад рук фашыстаў.
Вайна выкрывала ў кожнага чалавека ці самыя ганебныя рысы, ці самыя высакародныя якасці. Патрыётам роднай зямлі быў Павел Кароль – партызанскі сувязны. За гэта пацярпела ўся сям’я. Немцы арыштавалі старых і маладых. Пры ўспамінах яна дагэтуль уздрыгвае ад адчайнага крыку сябра-аднагодка Валодзі:
– Сволачы! Усіх не знішчыце! Нашы прыйдуць і адпомсцяць!
Увесь род – дзесяць душ – немцы расстралялі на месцы масавых катаванняў на Баханова, дзе пасля вайны быў насыпаны Курган Бессмяротнасці… На наступны дзень карнікі прыйшлі на двор іх суседзяў.
– Нас схапілі і павялі ў турму, – дзесяцігоддзі не змяншаюць боль ад сумных успамінаў. – Мы бачылі, як адзін з паліцаяў выносіў з дома пажыткі і складваў на воз. Няцяжка было здагадацца: гэты знаёмы лунінчанін узвёў немцам паклёп, што Сіневічы звязаны з партызанамі, каб завалодаць нашай маёмасцю…
Бацькі і трое дзяцей (старэйшы, Пётр, напярэдадні вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію і ваяваў на фронце) апынуліся ў падвалах будынка друкарні, якія гестапа выкарыстоўвала для ўтрымання зняволеных. Раніцай юнака і дзвюх дзяўчын выклікалі вартавыя:
– Выходзьце чысціць бульбу!
Двое паліцэйскіх правялі іх на станцыю і ўціснулі ў цягнік, які вывозіў моладзь у Нямеччыну. Па дарозе вязні адарвалі дошкі ў вагоне і самыя смелыя сталі выскокваць на хаду.
– Брат паказаў нам прыклад, за ім скочыла сястра, услед за ёй – я, – і цяпер здзіўляецца ўласнай адчайнасці Валянціна Антонаўна. – Збіла ў кроў калені, але бегла як мага далей ад чыгункі, пакуль ні набрыла на лясную хацінку. Гэта было непадалёку ад Брэста. Разам з такімі ж бедалагамі – маладой жанчынай з двума дзецьмі – перачакалі ліхалецце. Не ведаю імёнаў, але ўвесь час малілася за хлопцаў-падпольшчыкаў, якія выратавалі мяне, рызыкуючы сваім жыццём…
У Лунінец яна вярнулася пасля вызвалення. На месцы хаты было папялішча. Прытулкам стала хата бабулі, якая паведаміла: дачку і зяця немцы расстралялі. Пазней да родных дабралася і Антаніна. Прапаў без вестак Уладзімір, пра якога нічога не вядома пасля іх уцёкаў з цягніка.
Сёстры доўга чакалі брата. Таму і не напісалі яго імя сярод загінуўшых, калі на месцы расстрэлу суседзяў і бацькоў улады дазволілі ўвекавечыць імёны загінуўшых. Сціплы помнік вырабіў, адмовіўшыся ад грошай, мясцовы майстар Мікалай Міхайлавіч Бясан…
Кранаючыя душу прозвішчы ахвяр фашызму ў свой час так уразілі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, што ў самым пачатку свайго вядомага нарыса «Зямля пад белымі крыламі” ён адзначыў:
«Часам едзеш лесам, і раптам – паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск. А на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:
«Тут пахаваны расстраляныя немцамі 21.ІХ.1943 г. Кароль Алена Мікітаўна, 1925 года наражджэння, Павел 1920 г., Васіль 1898 г., Зофія 1892 г., Уладзімір 1922 г., Іван 1924 г., Мікола 1927 г., Марыя 1934 г., Вера 1939 г., бабуля 70 год, Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г. і Серафіма Иллінічна 1888 г. і іншыя”.
«Іншыя” – гэта, згодна з Актам расследавання злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі раёна, «805 чалавек мірных жыхароў, у тым ліку 336 жанчын і 205 дзяцей, а таксама 2813 ваеннапалонных салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі”. За час, прайшоўшы з трагічных падзей, удакладнена не больш як 20 імёнаў загінуўшых. Першай свой чалавечы і грамадзянскі абавязак выканала Валянціна Антонаўна – у 1946 годзе.
У кніжцы памылкова ўказана іншая дата гібелі мірных жыхароў. Згодна з пасведчаннем аб нараджэнні, у іншы дзень паявілася на свет і Валянціна Антонаўна. Але ў яе пашпарце пазначана так, як на помніку: 21 верасня. Каб памятаць… Галоўнае ж:
– Гэта – дзень Нараджэння Божай Маці, – тлумачыць жанчына. – Калі пакутавала ў лесе, аднойчы бачыла сон. Быццам у акно хацінкі зазірнула Багамаці, ды такая прыгожая, як ні на адной іконе. Праз сцяну апусціла нада мной блакітнае празрыстае пакрывала, а потым выйшла праз дверы, не кранаючы падлогі сваімі залатымі чаравічкамі, якія зіхацелі больш за сонца… Яна падтрымала мяне, калі давялося застацца без мужа, адной з трыма дзецьмі, цяжка працаваць, даглядаць прысядзібную гаспадарку… На схіле год я цяжка захварэла, ампутавалі абедзьве нагі. Але летась са старога дома перасялілі ў добраўпарадкаваную сацыяльную кватэру, дзе, хаця ў старасці, дачакалася вады, цяпла, цывілізаваных умоў быту. Хіба ж гэта не клопат Божай Маці?! Гонарам лічу мець адзін з ёю дзень нараджэння…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть