Присяга

Афган забраў у іх сыноў…

Жонка, пахаваўшая мужа, лічыцца ўдавой. Хлопчык ці дзяўчынка, што засталіся без мамы і таты, з’яўляюцца сіротамі. А як называюць бацькоў, якія страцілі сваіх дзяцей? Раны на іх сэрцах не загояцца ніколі, а любімыя партрэты заўсёды на віду. Перажыць трагедыі ў час вайны ў Афганістане давялося ў 9-ці сем’ях Лунінеччыны. Паездка па адрасах, аб’яднаных горам, адбылася напярэдадні чарговай гадавіны вываду савецкіх войск з далёкай паўднёвай краіны.

Маршрут пачаўся з Велуты, дзе жыве Вера Рыгораўна ЮРКО. Вось ужо 32 гады яна шануе памяць пра свайго Сярожу. Са слязамі на вачах жанчына сустракала гасцей – намесніка старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандра Рамановіча, кіраўніка Лунінецкай-Ганцавіцкай міжраённай структуры ДТСААФ Барыса Гнедзьку, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыну Харкевіч. Яны, а таксама актывісткі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” падрыхтавалі для бацькоў падарункі. Прымаючы іх, Вера Рыгораўна дзякавала за ўвагу і клопат.

– Чаму я жыву дагэтуль? – спрабавала атрымаць адказ жанчына, якая летась адзначыла 83-ці дзень нараджэння. – Ногі баляць, спіна ные, рухаюся з ківенькай…  Але ж жыць трэба!..

– Трэба – дзеля блізкіх! – усялялі надзею госці.

– Іх у мяне многа. Сыны, дачка, сярод 16-ці ўнукаў пераважаюць дзяўчынкі, а сярод 17-ці праўнукаў – хлопчыкі! Ведаеце, а я ж на швейнай машынцы яшчэ шыю! Прывозяць адрэзкі тканіны, з якіх атрымліваюцца навалачкі, падкоўдранікі, сумкі. Вунь тое пакрывала сама ткала, гэтыя круглыя дыванкі таксама зрабіла. А сумачкі я вам падару – перадасце ў свой жаночы савет.

Памяць Віктара КАНАПАЦКАГА з Дзятлавіч ушаноўваецца на адкрытым турніры па настольным тэнісе. Гэта стала прыемнай навіной для яго бацькоў – Валян-ціны Іванаўны і Рыгора Сямёнавіча. Сям’ю не пакідаюць без увагі мясцовыя ветэраны вайны ў Афганістане. Таму на пытанне, ці ім што трэба, адказалі адмоўна.

– Усё ў нас нармальна. Дзякуй, што не забываеце. Перадавайце астатнім мамам прывітанні і пажаданні моцнага здароўя!

Апошняя пахаванка з Афганістана прыйшла на Лунінеччыну ў дом Алены Антонаўны КОЎШЫК з Дварца. Яе Анатоль загі-нуў 14 ліпеня 1988-га. Са сцяны на нас глядзеў прыгожы юнак у ваеннай форме на фоне гор і верталётаў. Аб тым, што намаляваны партрэт жалобны, сведчылі дзве чырвоныя гваздзікі. Яго матуля паскардзілася на дрэнны слых. Яно не дзіўна: вясной жанчына сустрэне 88-мы дзень нараджэння. Але сам-насам з жыццёвымі цяжкасцямі не застаецца: побач – дачка Надзея Сцяпанаўна. Не-не ды нахлынуць на абе-дзвюх успаміны, як праважалі сына і брата ў армію, як з нецярпеннем чакалі пісьмаў, зваротны адрас на якіх зусім не выклікаў трывогі. Перачытваючы радкі, маці нават не ўяўляла, дзе быў яе сын. Ніколі не забудзецца і дзень, калі ў дом даставілі “груз 200”…

– Не дай Бог нікому перажыць сваё дзіця, – звычна паўтарае маці…

Акрамя дарожных знакаў, на адной з вуліц у Ракітна ёсць памятная шыльда. Белымі літарамі на чорным граніце выведзена фраза: “Вуліца названа ў гонар Міхаіла Мацкевіча, загінуўшага пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна)”. Яна патрабуе невялікага рамонту. Было б добра, каб увагу звярнулі органы мясцовай улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. На вуліцы сына-героя жыве Вера Дзмітрыеўна МАЦКЕВІЧ. У яе дом жудасная вестка аб гібелі сына прыйшла адной з першых. Са стратай матуля не змірылася дагэтуль. З цяжкасцю 86-гадовая Вера Дзмітрыеўна прысела на канапу: назаляе  боль ад выпадковага падзення на абледзянелым ганку. Дзеці прапаноўвалі паехаць да ўрача, аднак жанчына адмовілася. Да гасцей звярнулася з просьбай высветліць, ці можа яе зяць аформіць догляд за цешчай. Фірма, дзе ён працаваў, распалася. Да пенсіі мужчыне далёка, вось і турбуецца за матэрыяльны дабрабыт сям’і. Сацыяльнага работніка з ліку чужых лю-дзей не хоча. Спадзяемся, у сітуацыі разбяруцца спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Дарэчы, паводле слоў дырэктара ТЦСАН Тамары Патурай, яны таксама клапоцяцца пра бацькоў загінуўшых юнакоў у Афганістане. Сёлета ўсе  атрымаюць невялікую матэрыяльную дапамогу, якая да канца месяца будзе аказана з фонду сацыяльнай абароны.

Ужо на развітанне нашу ўвагу прыцягнуў чорна-белы фотаздымак, на якім адлюстравана група салдат. Аказалася, яго на старонцы ў сацыяльных сетках размясціў саслужывец Міхаіла. Свайго дзядзьку-нябожчыка пазнаў пляменнік. Наладзіўшы кантакты, сем’і сустрэліся. Шмат падрабязнасцей пра службу сына даведалася Вера Дзмітрыеўна. Летась на яго магіле памяняла помнік.

Наступным прыпынкам стаў дом Івана Паўлавіча КАВАЛЕВІЧА з Дрэбска. Больш за 30 год яго Павел жыве толькі ў памяці бацькі. Неяк хутка за сынам пайшла на той свет і маці. Ды адзінота – страшная рэч. Усведамляючы гэтую акалічнасць, Іван Паўлавіч сышоўся з Ганнай Сямёнаўнай, якая таксама страціла мужа. Цяпер іх будні і святы напоўнены ўвагай і клопатам адзін пра аднаго. Гаспадыня задаволена “залатымі рукамі” Івана Паўлавіча. Шматлікія карціны, табурэткі, паліцы пад кветкі і тэлефон, часопісныя столікі, гадзіннікі – справа таленавітага майстра. А яшчэ ён стварае прыгожыя кошыкі. Іх з задавальненнем прадэманстраваў гасцям, да якіх далучыўся старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко.

У Чэрабасава жыве Ніна Дані-лаўна Захарчук. Навечна застаўся маладым яе Мікалай. На жаль, сустрэча з матуляй не адбылася – яна якраз праходзіць лячэнне ў Віцебскім цэнтры медыцын-скай рэабілітацыі для інвалідаў, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Вырашана перадаць падарункі ў бліжэйшы час. У мінулым годзе ў сталіцы таксама папраўляла здароўе Марыя Аляксандраўна ТРУХАНОВІЧ з Сітніцы. Наш візіт стаў сапраўдным сюрпрызам для яе. Папярэдзіць не ўдалося – нядаўна змяніўся нумар тэлефона. Усё гэтак жа на стале ў пакоі стаіць партрэт яе Сашкі. Побач – таблеткі, акуляры, пруткі з ніткамі і пятнічны выпуск “Лунінецкіх навін”. Яна сціпла расказвала, што ёй нічога не трэба – дапамагае сын, і шчыра цікавілася, як жывуць іншыя матулі. Радавалася, што ўсе жывыя.

Паездка завяршылася ў Мікашэвічах у доме Аляксандры Барысаўны і Уладзіміра Платона-віча ЗАЙЧАНКАЎ. У 1985-ым яны пахавалі свайго Аляксандра. Працягваюць жыць дзеля другога сына і яго сям’і. Апошнім часам Уладзімір Платонавіч моцна хварэе. Некалькі разоў ляжаў у бальніцы. Аблегчыць пакуты любімага чалавека стараецца Аляксандра Барысаўна.

Спадзяемся, у 2019-ым юбілейнай даты заканчэння “неаб’яўленай” вайны дачакаюцца ўсе мамы і таты загінуўшых землякоў. У памяці працягваюць жыць бацькі Івана Зылевіча з Бастыні, а таксама мама яшчэ аднаго “афганца” – Кацярына Гаўрылаўна Гулівец…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть