Присяга

Бляск салдацкага медаля

блеск медали

Вядомы патрыятычны лозунг: «Ніхто не забыты, нішто не забыта» зноў яскрава пацвердзіўся на Лунінеччыне. Дзякуючы неабыякавым людзям і архіўным дакументам, тут даведаліся імя салдата, які быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Менавіта гэты медаль нядаўна быў знойдзены ў райцэнтры.

Каштоўная знаходка сем дзесяцігоддзяў знаходзілася ў зямлі побач з перакрыжаваннем вуліц Гагарына і Калінковіча. Пры правядзенні работ лунінчанін Эдуард Жук выпадкова заўважыў у пяску круглы серабрысты прадмет. Разумеючы значнасць баявой узнагароды, аднёс яе ў ваенкамат.

Пачаліся пошукі ўладальніка – запыты ў архівы і больш дасканалая работа з дакументамі. Неўзабаве стала вядома, што гэтым медалём у гады Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджаны Андрэй Сцяпанавіч Касцючкоў 1914 года нараджэння, жыхар Уваравіцкага (Буда-Кашалёўскага) раёна Гомельскай вобласці.

На жаль, салдат не вярнуўся з фронту. Родныя не атрымалі “пахаванку”, і ў глыбіні душы доўга спадзяваліся, што ён жывы. Але цуд не адбыўся. Толькі зараз прыйшло новае сведчанне таго, што баец мужна і аддана служыў Радзіме, бо без асаблівай смеласці і адвагі атрымаць такі медаль немагчыма.

Ва ўзнагародным лісце сказана, што Андрэй Касцючкоў служыў у якасці санітара ў медыка-санітарным батальёне, быў паранены ў студзені 1944-га пад Жлобінам. Далей звестак няма, але і гэтага дастаткова, каб нізка схіліць галаву перад памяццю абаронцы, які ваяваў на розных участках роднай зямлі, прыбліжаючы Перамогу над ворагам.

Ваенны камісар Уладзімір Жук перадаў медаль унуку ўзнагароджанага Андрэю Касцючкову. Малады чалавек удастоены гонару насіць імя і прозвішча дзеда, быць прадаўжальнікам роду. Ён прыехаў з Мінска разам з мамай Святланай Андрэеўнай. На жаль, яшчэ ў 1977-ым не стала яго бацькі Уладзіміра Андрэевіча, які быў адзіным сынам былога франтавіка…

Госці наведалі месца, дзе знайшлі медаль. Побач узняліся новыя дамы, пралягае асфальтаваная дарога, а тут, пад плотам, зелянее трава і разраслася маладая акацыя. Усе на хвілінку застылі ў маўчанні – хто ведае, якія падзеі разгортваліся ў той далёкі ваенны час, што прымусіла байца пакінуць тут дарагую ўзнагароду? Старэйшае пакаленне памятае, што непадалёк былі глыбокія варонкі ад бамбёжкі, іншыя многія знаходкі сведчылі аб магчымых баявых дзеяннях, але дакладных звестак няма. Наша зямля тоіць яшчэ столькі нязведанага…

Прыезд у Лунінец для нявесткі і ўнука Андрэя Касцючкова стаў данінай памяці, дакрананнем да мінулага сям’і. Хваляванне перашкаджала сказаць многае, ды гэта было не так важна. Галоўнае, яны знайшлі часцінку, звязаную з лёсам блізкага чалавека, упэўніліся, што ў палескай глыбінцы жывуць людзі, неабыякавыя да неўміручага подзвігу воінаў-вызваліцеляў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть