Присяга

«Божа, вярнІ татку…»

Выпадковая сустрэча ў дызель-цягніку пазнаёміла мяне яшчэ з адной трагічнай старонкай ваеннай гісторыі нашага краю. Пажылая пасажырка, убачыўшы за акном вагона абеліск памяці загінуўшых у Вялікую Айчынную, уздыхнула: “Няма ў Беларусі сям’і такой, дзе б не пацярпелі ад вайны…”. Яна хацела працягнуць размову, але мне трэба было выходзіць на наступным прыпынку. Дамовіліся, што сустрэнемся ў Лунінцы. І вось наведваю спадарожніцу дома. Пелагея Фёдараўна ХОРАШАВА вельмі адпавядае свайму прозвішчу – прыцягвае добразычлівасцю, ласкавымі інтанацыямі, нават калі перадае боль душы. Запісала яе расповяд:
– Мая малая радзіма – Азярніца, дзе я паявілася на свет у 1940 годзе. Была вельмі маленькай у перыяд акупацыі, але асобныя неасэнсаваныя фрагменты дзяцінства адбіліся і ўмацаваліся пад успаміны бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр.
Калі немцы прыйшлі ў нашу вёску, выбіралі месца, адкуль быў бы бачны маяк у напрамку Дварца. Залазілі на гарышчы, рабілі агляд мясцовасці. Наш дом стаяў у цэнтры. Спадабаўся ён немцам. Яны адразу выселілі сям’ю. Куды дзявацца бацькам з васьмю дзецьмі?
Тата сябраваў з Мікалаем Юрцэвічам. Яго сядзіба размяшчалася за вёскай. У полі. Хутар так і называўся – Запольны. Гаспадары выдзелілі нам пярэдні пакой, а самі з дваімі дзецьмі размясціліся ў кухні. Хто спаў на ложках, хто – на хутка вырабленых паліцах. Старэйшыя паклапаціліся нават пра драўляны самаробны ложачак для мяне і старэйшай на 2 гады сястрычкі Ганначкі. Праўда, мяне гэта не задавальняла. Здавалася, што сястра мне перашкаджае. Каб пазбегнуць сваркі паміж малышкамі, мама забрала мяне спаць да сябе.
Самаадчуванне яе было надзвычай цяжкім пасля аднаго выпадку.
З нашага дома, які занялі немцы, суседскія хлопцы ўкралі зброю і схавалі яе ў стог сена праз дарогу. А мы ж прыходзілі на наш двор, даглядалі агарод. Вось немцы і вырашылі, што гэта – справа рук майго старэйшага брата. Выклікалі Сцяпана і пачалі яго збіваць, патрабуючы прызнацца ва ўчыненым. Нават калі б гэта было праўдай, маці ўсё роўна заступалася б за сына. Уявіце, як кінулася яна маліць немцаў, ведаючы, што сын – не вінаваты?! Хапала салдат за рукі, сабой закрывала Сцяпана. Гэта так раз’юшыла немцаў, што яны звалілі яе на зямлю і пачалі збіваць каванымі ботамі. Тым часам, людзі перадалі солтысу, што над сям’ёй Пятніцы ідзе такая экзекуцыя. Стараста прыйшоў і паручыўся перад немцамі, што Сцяпан – не злодзей. Яны адпусцілі брата, нават далі кансерваў з сабой, быццам каб не крыўдаваў. Але хіба гэта магло дапамагчы маме? Больш як два месяцы ляжала, лячылася народнымі сродкамі…
Аднойчы ў пошуках партызан немцы з Дварца “прачэсвалі” лес. Па-мойму, гэта было на досвітку. Уварваліся ў дом, дзе мы спалі. Вывелі бацьку ў ніжняй бялізне, каб паказаў напрамак на Азярніцу. Што там было шукаць? Хутар быў побач з вёскай… Немец, які ўвайшоў у дом, ліхтарыкам асвятліў пакой. Я хавалася за маму. Ён заўважыў у кутку дзіцячы ложачак. І прама з ганку выстраліў разрыўной куляй…
Было цёмна. Усе спалохана затаіліся па сваіх месцах. Бацька падышоў да ложачка, навобмацак дакрануўся да твару дачушкі – ён быў заліты крывёй. Тата зразумеў, што Ганна – мёртвая… Мама спыталася:
– Усе жывыя?
У адказ пачулася:
– Не хвалюйся…
Здавалася, небяспека адышла. Я заснула з мамай – знясіленай пасля пабоеў, стомленай цяжкай працай. У гэты час тата са старэйшымі дзецьмі вынес ложачак у кухню і зачыніў дзверы на засоў. Як білася мама, спрабуючы выйсці, калі ўсё зразумела! Мяне дагэтуль трасе ад яе крыку… Толькі калі сабралі разбітую галоўку дзяўчынкі і змылі кроў, маме дазволілі паглядзець на дачку.
Нават не ведаю, дзе пахавана сястра. Пасля вайны так было цяжка жывым, што забываліся пра мёртвых…
У ліпені 1944 года вызвалілі раён. Бацьку адразу прызвалі ў Чырвоную Армію. Мае бабуля і мама былі вельмі набожнымі людзьмі. Да царквы ў Лахве далёка ісці, а малельны дом у вёсцы, дзе збіраліся баптысты, быў побач. Не здраджваючы праваслаўнай веры, мы хадзілі туды на сходы. Але самыя шчырыя малітвы былі дома, ля святога кутка, завешанага іконамі. Мама выстрайвала ўсіх нас:
– Дзеці, прасіце Бога, каб ваш тата прыйшоў з вайны…
Памятаю, і я, маленькая, шэпялявіла:
– Бозе, вярні нам татку…
Бацька ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы і ўзяцці Берліна, аб чым сведчылі медалі. Аднойчы быў лёгка паранены. Вярнуўся амаль здаровым. Вось толькі я яго не пазнала. Незнаёмы чалавек у салдацкай форме працягнуў кацялок з цукеркамі:
– Бяры, дачушка!
Пачастунак я ўзяла і схавалася за маму…
Мой бацька, Фёдар Цімафеевіч Пятніца, пражыў доўгае і годнае жыццё. Памёр 20 год таму, але пражыў 92. Маме ж, Алене Васільеўне, не было і 70-ці, калі трапіла пад колы машыны… Мае браты і сёстры – Сцяпан, Марыя, Мікалай, Таццяна, Васіль, Ева – добрасумленна працавалі, карысталіся павагай у сваіх калектывах.
Многія ўнукі ветэрана вайны атрымалі вышэйшую адукацыю. Дзед вельмі ганарыўся старэйшым. Пляменнік Дзіма працаваў на Палескай станцыі, куды, дарэчы, яго запрасіў мой першы муж – энергетык тагачаснай ПОМС. Дзмітрый Сцяпанавіч Пятніца абараніў дысертацыю, быў кандыдатам навук, узначальваў гаспадарку. На жаль, заўчасна завяршыў зямны шлях, як і яшчэ яго трое стрыечных братоў – мае сыны…
Сваю дачку назвала Ганнай. Імя святое, прыгожае – і ў памяць аб сястры. Яна выйшла замуж за афіцэра-падводніка, жывуць у Севераморску.
Больш як 30 год таму стала лунінчанкай. Працавала сястрой-гаспадыняй у чыгуначнай бальніцы. З другім мужам асталявалася ў невялікім доме на Залессі. У хатняй гаспадарцы трымаю козачак, малако якіх валодае гаючымі ўласцівасцямі. З мамінага пасагу захавала пралку, на якой зімовымі вечарамі праду воўну.
Мне наканавана было паявіцца на свет 26 ліпеня – у дзень Архангела Гаўрыіла, які прыносіць добрыя весткі. Шчаслівая, што ў 2007-ым у дзень майго нараджэння быў закладзены камень у падмурак новага храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, які асвячаны сёлета 16 лютага. Калі настаяцель а. Сергій Крышталь служыць паніхіды ў памяць аб бязвінна загінуўшых ахвярах фашызму, думаю аб сваёй сястрычцы Ганначцы, якая назаўжды засталася 5-гадовай…
Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть