Присяга

«Было ўсё – каханне, гора, страты… Жыццё – як ёсць, ніхто не вінаваты…»

Кароценькія словы віншаванняў з юбілеем пажылых людзей заўсёды выклікаюць цікавасць. Бо за кожным з іх стаіць няпросты чалавечы лёс: працоўныя пошукі і дасягненні, асабістыя перажыванні і радасці.
Пачуўшы па мясцоваму радыё віншаванне з 80-годдзем, адрасаванае ветэрану РАУС Івану ТУПЕКА, захацелася падрабязней даведацца пра чалавека, які ў савецкія часы шчыра дбаў пра бяспеку лунінчан. Аказалася, юбіляр жыве на плошчы Ле-ніна, дзе паўсядзённая імклівасць за вокнамі ніколі не дае сумаваць.
Адразу здзівілі яго добразычлівы позірк, бязмежная ветлівасць і тактоўнасць. У вазе стаялі кветкі, напаўняючы пакой незвычайным водарам і нагадваючы, што былыя калегі і блізкія не забыліся пра значную падзею.
Нарадзіўся Іван Андрэевіч у маленькай вёсачцы Добрая Воля. Гадавалася іх шасцёра: тры браты і тры сястры. У школу даводзілася хадзіць за сем кіламетраў у суседнюю вёску, але дарога не здавалася доўгай, бо колькі вясёлых прыгод адбывалася з імі кожны раз! А калі рэчка вясной разлівалася, знёсшы ўсе кладкі і масткі, вымушаныя канікулы зацягваліся на некалькі тыдняў.
Армейская служба доўжылася тры гады, стаўшы сапраўднай школай мужнасці і вынослівасці. Вярнуўшыся дадому, зразумеў, што заставацца ў глухой аддаленай вёсачцы няма ніякага сэнсу – ён хацеў быць карысным людзям.
Пайшоў працаваць у міліцыю. Спачатку быў радавым, потым камандзірам аддзялення. Паспрабаваў сябе і ў якасці ўчастковага інспектара. Дзяжурыў на гарачым тэлефоне “02”, прымаючы трывожныя выклікі землякоў. Начальства заўважыла выдатныя якасці юнака на розных пасадах, таму з часам даручыла папрацаваць оперупаўнаважаным у аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. З часам структура мяняла назву, але для Івана Андрэевіча работа менавіта тут працягвалася да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Са стажам 34 гады ў званні капітана ён пакінуў неспакойную службу, марачы пра ціхую старасць. Але асабістае жыццё аказалася больш горкім, чым працоўнае…
У 27 гадоў на ціхіх вуліцах роднага Лунінца сустрэлася Івану прыгожая дзяўчына Марыя. Яна прыехала са Століншчыны, працавала эканамістам у банку. Пазнаё-міўшыся, хлопец і дзяўчына знайшлі штосьці агульнае, што вельмі зблізіла іх. Так нарадзілася каханне…
Ажаніліся, атрымалі кватэру. Паўсядзённыя клопаты не былі цяжкімі, жыццё цякло сваім звычным шляхам. Нарадзілі трое дзяцей, якім стараліся даць як найбольш увагі і любові.
Былы вясковец сумаваў па сялянскай працы, таму некалькі сотак дачнага ўчастка сталі любімым месцам на выхадныя. Тут і адпачывалася лепш, чым на далёкіх курортах, куды імкнуліся паехаць знаёмыя.
Марачы правесці разам з каханай жанчынай усё астатняе жыццё, Іван Андрэевіч не ведаў, што іх сумеснаму шчасцю адмерана толькі 30 год. У 1991-ым Марыя Піліпаўна загінула ад жахлівага трагічнага выпадку. Згадваць пра гэта вельмі цяжка і цяпер, а тады яны з дзецьмі ледзь выстаялі пад страшным ударам лёсу.
Паступова дачка і сыны знайшлі сябе сярод жыццёвых дарог, атрымалі вышэйшую адукацыю. Галіна жыве ў Полацку, Віталь – на Міншчыне, Аляксандр застаўся ў Лунінцы. Тут не пакідаюць дзядулю без увагі і трое ўнукаў, нявестка Ірына заўсёды клапоціцца пра старога.
Але ніякія любоў і ўвага нашчадкаў не заменяць аўдавеламу чалавеку сямейнае цяпло, пра якое засталіся бясконцыя ўспаміны. Дзякаваць богу, здароўе пакуль дазваляе самому схадзіць у магазін і паехаць на Цну, дзе на дачы разрасліся любімыя дрэўцы. Летам мужчына сам даглядае ўчастак, бо фізічны занятак дапамагае прагнаць сумныя думкі.
Яшчэ засталася любоў да “ціхага палявання”. Раней часта ездзіў за грыбамі на малую радзіму, а пасля радыяцыі, якая ў Добрай Волі “зашкальвала”, і перасялення аднавяскоўцаў у Дубаўку, наведваць дарагія сэрцу мясціны стала балюча. Белае возера і лес пад Ракітна – новыя таямнічыя куточкі, дзе адпачывае яго душа.
Вялікія пустыя пакоі пакідаюць
горкі асадак у сэрцы. Толькі шматлікія фотаздымкі блізкіх супакойваюць і даюць надзею на лепшае. Тэлевізар смела размяс-ціўся ў цэнтры кватэры, расказваючы паўсядзённыя навіны свайму гаспадару.
А Іван Андрэевіч хавае недзе ў глыбіню ўсё набалелае, і выглядае ўпэўнена і бадзёра. Такім ён быў і на службе – спакойным, ураўнаважаным – у кожным бачыў спачатку чалавека, а толькі потым – парушальніка. Яго дэвізам было галоўнае – не перабольшыць пакаранне, даць магчымасць выправіцца. За сумленнасць яго паважалі калегі і знаёмыя.
Самыя шчырыя і сардэчныя пажаданні моцнага здароўя, бадзёрасці духу, любові і клопату родных, энергіі, аптымізму, жадання жыць, дабра і дабрабыту пажадалі ветэрану начальнік РАУС Уладзімір Рыбак (на здымку злева) і старшыня савета ветэранаў міліцэйскай службы Мікалай Мігель (справа), якія з падарункамі завіталі да юбіляра. Сустрэча працягнулася чаяпіццем з цудоўнымі ўспамінамі аб гадах службы. Менавіта на прыкладах Івана Андрэевіча і яго паплечнікаў вучацца новыя пакаленні праваахоўнікаў быць справядлівымі, знайсці патрэбную мяжу паміж чалавечнасцю і абавязкам.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть