Час не гоіць матуліны раны, не забыць усю горыч Афгана…
Присяга

Час не гоіць матуліны раны, не забыць усю горыч Афгана…

матери афганцевДзесяцігоддзе “неаб’яўленай” вайны ў Афганістане сабрала сваю “даніну”. Інтэрнацыянальны абавязак выканалі больш як 300 юнакоў Лунінеччыны. На вялікі жаль, дзевяць з іх парог бацькоўскай хаты больш не пераступілі… Цяжка падабраць правільныя словы для матуль, якія пахавалі сваіх сыноў маладымі і прыгожымі… Як і цяжка ўявіць, якімі б сёння яны сталі, кім працавалі б, чым ганарыліся. Балюча і горка, што нічога не зменіш. Хіба проста завітаеш у госці, спытаеш: “Ну як жывецца вам, як справы? Ці часам не хварэеце?”. А ў адказ з ледзь прыкметнай усмешкай пачуеш: “Усё добра, дзякуй! Нічога нам, старым, не трэба…”.

Тым не менш, яны не хавалі радасці ад сустрэчы, якую па традыцыі ладзілі напярэдадні юбілейнай гадавіны вываду савецкіх войск з далёкай паўднёвай краіны. Прыхапіўшы падарункі і пачастункі, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў, загадчык сектара па справах моладзі Сяргей Молчан, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Аляксандр Сімкін накіраваліся па знаёмых маршрутах. Шкада, але іх таксама паменшала – мы наведалі толькі 8 адрасоў.
У Дзятлавічах да нас далучылася вядучы спецыяліст мясцовага сельвыканкама Наталля Насковіч. Вось ужо 30 год успамінамі пра сына жывуць Валянціна Іванаўна і Рыгор Сямёнавіч КАНАПАЦКІЯ. З прыгожых партрэтаў на сценах вялікай залы глядзіць малады салдат.
– Так, гэта наш Віця, – пачулі ціхенькі адказ жанчыны, у якой міжволі павільгатнелі вочы. – Ідзе час, а прывыкнуць не магу… Так і жывем… Гады бяруць сваё, здароўе стала падводзіць. Але дапамагае Мікалай: сынок і прыбрацца можа, і бялізну памыць, і ежу прыгатаваць. Гаспадаркі не трымаем, дровы ёсць, магазін побач знаходзіцца. Дзякуй Богу за ўсё! Не забываюць і часта прыходзяць у госці былыя афганцы – Анатоль Брэзін, Аляксандр Арэхва, цёзкі па імя і прозвішчу – Васілі Кацубы.
У Велуце каля патрэбнага дома чакала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце мясцовага сельгаскааператыва Галіна Каліноўская. Да падрыхтаваных падарункаў яна дабавіла матэрыяльную дапамогу. Не змагла стрымаць слёз Вера Рыгораўна ЮРКО. Яе Сяргей быў сярэднім з 8 дзяцей. Пасля школы пайшоў у вучылішча, а потым апрануў вайсковае адзенне. Як яно яму дапасавала! Ён ужо адслужыў вызначаны тэрмін, і да снежня 1985 года па-вінны быў прыехаць дамоў. Не здарылася: 9 студзеня жыццё салдата абарвалася… І ў матуліным сэрцы таксама чагосьці не стала. Так, яна працягвала працаваць, ставіць на ногі астатніх дзяцей, але… Вось гэтае “але” пасялілася ў душы на ўсё жыццё. Пра яго забывае, калі разам збіраецца вялікая і дружная сям’я. У Веры Рыгораўны ёсць 15 унукаў і 8 праўнукаў! Не-не ды і зазірне хтосьці ў госці, падзе-ліцца радасцю ці няўдачай, і будзе ўпэўнены, што яго бабуля абавязкова падтрымае і падбадзёрыць!
Яркай чырванню на фоне шэрага наваколля выдзяляліся гронкі каліны, што растуць каля дома Алены Антонаўны КОЎШЫК з Дварца. Да яе завіталі разам з прадстаўнікамі сельвыканкама: сакратаром – Ларысай Казун і вядучым спецыялістам – Кацярынай Кіндрук. Тут, як і ў іншых вясковых хатах, было чыста і ўтульна. На падлозе – самаробныя дыванкі, на ложках – вышываныя сурвэткі, на партрэтах – ён… З чацвярых дзяцей Анатоль быў самым малодшым. Здаецца, яго і любілі больш за ўсіх. Літаральна пасля школы быў прызваны ў армію. Маці пісала пісьмы, нават адпраўляла пасылку, але яна вярнулася… Доўга не ведала, дзе служыць сын, і ма-лілася, калі стала вядома. Яна жыла на-дзеяй, што пройдуць яшчэ нейкія там два месяцы – і Толя будзе дома. Нават не здагадвалася, што лёсам наканавана зусім іншая сустрэча… Мінуў час. Старасць Алены Антонаўны імкнецца аблегчыць дачка. У доме сучасныя выгоды – прыродны газ. “Толькі жыць няма калі…” – сумна прамовіла гаспадыня.
Патрэбны адрас у Ракітна падказала стараста вёскі Ева Аліфяровіч. Вуліца названа ў гонар Міхаіла Мацкевіча. Вельмі хочацца, каб у спрыяльны час шматлікія яміны тут абавязкова падсыпалі. Жанчына жыве на ўскрайку. Варта паладзіць агароджу з вес-нічкамі ды і ўваходныя дзверы замяніць. Магчыма, кіраўніцтва сельгаскааператыва возьмецца за гэтыя справы? Было б добра.
– Дзякуй, што не забываеце, – Вера Дзмітрыеўна МАЦКЕВІЧ запрасіла ў дом. – Колькі клопатаў з намі, старымі… А тут усё такое, як я. Вунь летась снегам хлявы абваліла, дык прыязджалі з дзяржстраху, выплаты рабілі. Вядома, тых грошай не хапіла на будаўнічыя работы, але і за гэта ўдзячна. Цяпер у мяне новы хлеў, выдзяляецца з іншых. А хатка, што побач, – дык мы ў ёй некалі жылі. Дзяцей пяцёра нарадзілі. Пакуль былі маленькія, месца хапала. А потым гэты дом пачалі ўзводзіць. Хвароба мужа перашкодзіла хутка завяршыць будаўніцтва, інсульт наогул жыццё адабраў. І ведаеце, хоць трохі пажыў, а мой Мішка… Высокі, дужы хлопец. У водпуск прыязджаў. Мне нават не сказаў, што быў паранены ў плячо. Неяк памыцца сабраўся ў хаце, я кажу: “Давай хоць плечы патру”. А ён: “Мам, я сам”. Гэта ж мяне не хацеў хваляваць… Ён нават калі збіраўся ад’язджаць назад, прамовіў: “Можа і не ўбачымся больш”. Як у ваду глядзеў… Наша сям’я стала першай на Лунінеччыне, куды прывезлі цынкавую труну з Афганістана.
Сёння Вера Дзмітрыеўна радуецца за дзяцей, унукаў і праўнукаў, і просіць ва Усявышняга лепшай долі для іх.
Юбілейны медаль да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана, абавязкова ўручаць Івану Паўлавічу КАВАЛЕВІЧУ з Дрэбска. Вайна адабрала ў яго Паўла. Не змагла змірыцца са стратай сына і маці, якая жыве ў памяці дзяцей. Падкошваецца здароўе ў бацькі. Ён паабяцаў падумаць над прапановай падлячыцца ў шпіталі ці санаторыі. Неўзабаве ў вёску будзе падведзены прыродны газ. Старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Дзям’ян Бірыла, які таксама наведваў Івана Паўлавіча, ўдакладніў, ці напісаў ён заяву на ўключэнне ў кааператыў. Жыць будзе лягчэй, было б толькі здароўе.
Бадай, самая вялікая дэлегацыя завітала да Ніны Данілаўны ЗАХАРЧУК з Чэрабасава, якая, акрамя гасцей з райцэнтра, прымала старшыню Рэдзігераўскага сельвыканкама Валерыя Лусевіча, галоўнага эканаміста і спецыяліста па ідэалагічнай рабоце ПСУП “Рэдзігерава-Агра” Любоў Лусевіч і прафсаюзнага лідара прадпрыемства Віктара Кіндрука. Кожны знайшоў для жанчыны шчырыя і цёплыя словы. З удзячнасцю яна прыняла падарункі, краечкам хусцінкі выціраючы няпрошаныя слёзы. Не пазайздросціш яе жаночаму лёсу: 18-гадовы Мікалай загінуў у Афганістане. Не вытрымала сэрца яшчэ ў аднаго сына: проста заснуў і больш не прачнуўся. Яму было толькі 38… Увогуле, з семярых дзяцей у мнагадзетнай маці зараз засталося трое. Дзе браць сілы, каб пражываць кожны новы дзень? Правільна, шукаць іх у 9-ці ўнуках і 1 праўнучка. Яны – побач. Малыя не прамінаюць забегчы да бабулі, як і дачка, абавязкова пацікавяцца справамі. Хутка вясна, і Ніну Данілаўну паклічуць клопаты на агародзе. Тут у яе заўсёды парадак.
Не толькі ўласнымі праблемамі жыве Марыя Аляксандраўна ТРУХАНОВІЧ з Сітніцы. Яна мужна вытрымала гібель у Афганістане свайго Сашкі. Не сталі пакідаць маму і асталяваліся жыць побач яшчэ два сыны. Сёння сям’ю больш хвалюе становішча невялікай сажалкі, якая знаходзіцца праз дарогу. Па яе перыметру выраслі вялікія дрэвы. Пры моцных парывах ветру галіны абламваюцца, перашкаджаюць праязджаюча- му транспарту, падаюць у ваду. Вось бы іх зрэзаць! Магчыма, вырашэнню пытання паспрыяюць работнікі мясцовага лясніцтва, размешчанага непадалёк, ці Мікашэвіцкай ЖКГ.
Завяршылася наша падарожжа ў Мікашэвічах, дзе жывуць Аляксандра Барысаўна і Уладзімір Платонавіч ЗАЙЧАНКІ. Прыгожы катэдж уразіў гэткай жа дыхтоўнасцю і ўтульнасцю ўнутры. Трагедыя напаткала сям’ю ў 1985-ым, калі не стала старэйшага Аляксандра. Яго партрэт з чорнай стужкай размешчаны на самым бачным месцы ў зале. Побач – лампады і іконы. Мама свята захоўвае альбомы са шматлікімі фотаздымкамі сына ад маленства да армейскай службы. За смачным яблычным пірагом і кубкам чаю нетаропка перагортвалі старонкі, а Аляксандра Барысаўна ўспамінала. З усіх сіл яна старалася не плакаць.
Хопіць. Даруйце, матулі, за тое, што прымусілі зноў успомніць і перажыць самыя страшныя моманты ў жыцці. Няхай у вас будзе доўгае жыццё, напоўненае ўсмешкамі дзяцей, унукаў, праўнукаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть