Даруйце, хлопцы, што ў Кабуле варожая скасіла куля…
Присяга

Даруйце, хлопцы, што ў Кабуле варожая скасіла куля…

афганецУ юнакоў 80-ых быў вельмі падобны шлях у дарослае жыццё. Школа, а потым – абавязкова армія. Не служылі толькі адзінкі, якім балюча даводзілася адчуваць сябе абдзеленымі. Павага да ваеннай службы была бязмежнай.
авабранцам ладзілі двухдзённыя провады, на якія збіралі ўсю знаёмую моладзь, блізкую і далёкую радню. Гасцей было шмат, музыка грымела на ўсё наваколле.
Так пачыналася новая старонка і ў жыцці Вячаслава НАГОРНАГА, прыгожага і здольнага хлопца з Міжлесся. Праўда, сярод агульнай весялосці перад яго адыходам у армію восенню 83-га ўсіх палохала слова “Афганістан”. Тады чужая, далёкая вайна здавалася яшчэ нечым несапраўдным. Але праз два месяцы Слава ўжо любаваўся краявідамі незнаёмай краіны.
Яму не было страшна. Гэта зараз ён бы глядзеў на Кабул з трывогай і задуменнасцю, а тады жыло ў сэрцы нейкае асаблівае пачуццё. “Так трэба”, – свідравала адзіная думка.
Сярод такіх жа мала-дзенькіх, нагала падстрыжаных хлапчукоў, ён пазнаваў жахлівыя ўрокі вайны. Маючы боекамплект, ніколі не адчуваў сябе абароненым. Часам небяспека сыходзіла і ад мірнага насельніцтва, якому бандыты плацілі грошы за знішчаных савецкіх салдат. У суправаджэнні БТРаў калоны грузавікоў пераадольвалі высокія перавалы і патаналі ў зеляніне, дзе заўсёды таілася смерць. Калі ў баі загарэўся новенькі бензавоз, Вячаслаў паспеў выскачыць з вогненнага палону. Але найгорш было страціць блізкага таварыша, які не раз выратоўваў ад смерці…
Цяжка было вярнуцца да мірнага жыцця. Нават не верылася, што дома спакойна сеюць хлеб, гуляюць вяселлі, звычна змяняюцца поры года. Ноччу снілася вогненнае пекла, у сэрцы жыла незразумелая трывога. Здавалася б, усё скончылася, але жахі не пакідалі змучанага байца. Згадваючы тых, навечна маладых і прыгожых, хвалявала пытанне: “За што?”.
Адказу не было. Яшчэ больш прыкра стала ад слоў аднаго з чыноўнікаў, які на просьбу афганца адрэзаў: –“Я цябе туды не пасылаў”.
Потым хтосьці з ветэранаў Вялікай Айчыннай сказаў: “Я абараняў Радзіму, а ты?”.
Пякло ў грудзях ад такіх слоў. Балела не за сябе – за тых, хто загінуў.
Папрацаваўшы пару месяцаў на трактары, Слава сам не ведае чаму, пайшоў вучыцца на стаматолага. Лёгка даліся экзамены, хаця спецыяльна не рыхтаваўся. Амаль тры гады ў Оршы паступова аддалілі цяжкія ўспаміны. Жаніўся, пабудаваў дом, нарадзіліся сын і дачка. Жыццё пакацілася сваім звычным шляхам…
Ужо 25 год Вячаслаў Раманавіч працуе ў Краснавольскай амбулаторыі зубным урачом. У лютым ён святкуе двойчы – Дзень стаматолага і ўспамін пра цяжкі салдацкі Афганістан.
Родная зямля не адпусціла былога салдата назусім. Летам, у час водпуску, ён садзіцца за штурвал камбайна. Убіраць хлеб пад родным сонцам – найвялік-шыя лекі для яго растрывожанай душы.
Cам афганец – з мясцовай працавітай сям’і. Тры браты прайшлі службу ў спакойных кропках. Усе яны і сястрычка жывуць непадалёку. Бацькі Раман Дзмітрыевіч і Вольга Аляксееўна ўжо адсвяткавалі залатое вяселле. Іх малітвы 30 год таму абаранілі сына ад варожай кулі.
У дзяцінстве ён любіў гуляць у вайну. Ніхто не думаў, што той вясковы “герой” з драўляным аўтаматам сутыкнецца з жахлівай праў-дай пакут, болю і адчаю.
У сённяшняй моладзі слова “Афганістан” не выклікае асаблівых эмоцый. “Некалі там была вайна”, “Гэта цёплая краіна”, “Не ведаю наогул” – такія адказы далі юнакі і дзяўчаты. З аднаго боку – шкада, што забываем мінулае, а з другога – дзякаваць Богу, што скончылася ваеннае пекла, і родныя не плачуць на магілах сваіх блізкіх.
Тым Маці, самым няшчасным і спакутаваным, якія аддалі чужой краіне сваіх маладых і здаровых сыноў, нясе нізкі паклон Вячаслаў Нагорны ад імя ўсіх воінаў-афганцаў, для якіх лёс аказаўся больш літасцівым, і яны вярнуліся жывымі. Давайце мы ўсе паклонімся Матулям да зямлі. І няхай ніколі не паўтараецца праклятая вайна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть