Дзякуй вам за спакой на зямельцы маёй!
Присяга

Дзякуй вам за спакой на зямельцы маёй!

10 ліпеня для Лунінеччыны самы радасны дзень. Вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 73 гады таму прынесла спакутаваным людзям веру ў спакойнае заўтра, дало магчымасць пачаць новае жыццё пад мірным небам. Даніну шчырай памяці тым, хто мужна змагаўся на фронце, актыўна ўдзельнічаў у партызанскай барацьбе ці без ніякай віны стаў ахвярай ворагаў маладзейшыя пакаленні аддаюць дагэтуль.

Традыцыйным стаў аўтапрабег па розных населеных пунктах раёна. І сёлета яго ўдзельнікі спачатку правялі ўрачысты мітынг і ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў загінуўшым у скверы ў цэнтры горада, затым калона з некалькіх машын і аўтобусаў у суправаджэнні аўтамабіля ДАІ ўзяла накірунак да іншых абеліскаў. Святочныя надпісы красаваліся на шкле, сцягі з адпаведнай атрыбутыкай развяваліся пад павевамі ветру.

Да значнасці падзеі не засталіся абыякавымі ўсе ўдзельнікі – прадстаўнікі самых розных пакаленняў і арганізацый. Працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні падрыхтаваліся да мерапрыемства адказна і старанна. У гэты дзень усе адчуванні былі сумна-святочнымі і ўрачыста-балючымі. Ветэранаў вайны, афганцаў, школьнікаў і навучэнцаў аб’яднала любоў да Радзімы, радасць за мірнае неба над галавой, боль ад непапраўных страт.

Першы прыпынак быў каля Кургана Бессмяротнасці. Словы-успаміны пра жудасныя падзеі ліхалецця быццам вярнулі ўсіх у тую жахлівую рэчаіснасць, дзе наша зямля страціла тысячы сваіх суайчыннікаў. Хвіліна маўчання і кветкі сталі быццам адзінай пясчынкай у тым насыпу, што нашчадкі ўзвялі ў памяць ахвяр…

Калона накіравалася ў Ракітна да помніка воіну-афганцу Міхаілу Мацкевічу, узведзенаму ў савецкі час з дапамогай калгаса “Расія”. Далей пясчаная дарога прывяла ў густы зараснік за вёскай, дзе ўвекавечана памяць расстраляным мірным жыхарам Ракітна. На камені названы імёны больш як 80-ці з іх. Балюча чытаць пералік прозвішчаў, бо сярод большасці з іх пазначаны дзіцячы ўзрост.

У Кажан-Гарадку спыніліся ў цэнтры вёскі. Тут ганаровая варта стаяла каля помніка савецкім воінам, што загінулі на фронце. Сонца адлівалася на гранітнай пліце, быццам спецыяльна дорачы ў гэты дзень больш святла і цяпла. У Дрэбску ўдзельнікаў аўтапрабегу сустракалі не толькі школьнікі. Самыя юныя жыхары вёскі выстраіліся ў рад, нібы яшчэ раз сцвяр-джаючы, што барацьба з ворагам была не дарэмнай – новыя пакаленні растуць, радуюцца мірнаму жыццю і дзякуюць прапра-дзедам за іх гераічны подзвіг.

Не так шумна было ў Мелясніцы. Населены пункт невялікі, бо амаль усіх яго жыхароў не стала ў гады вайны. Калі б не тая жахлівая трагедыя, колькі б вырасла юнакоў і дзяўчат. Яны б нарадзілі сыноў і дачок, тыя – унукаў, і вёска разраслася б да велізарных памераў. Але таму не су-джана было збыцца…

Каля ўезду ў горад спыніліся каля помніка-самалёта Мікалаю Давыдаву, пачулі гісторыю яго подзвігу, калі лётчык цаной асабістага жыцця выратаваў лунінчан ад магчымай трагедыі. Ураджэнец іншага краю пахаваны на мясцовых могілках, яго памяць шануюць тыя, каго ён імкнуўся зберагчы, накіроўваючы няспраўны самалёт за межы паселішчаў.

Кветкі і вянкі да помніка воінам-афганцам у райцэнтры сталі завяршальным момантам аўтапрабегу. Кроў, пралітая на чужой зямлі, таксама болем аддаецца ў сэрцах сучаснікаў. Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Мікалай Кавалец уручыў Ганаровыя граматы і медалі самым актыўным яго ўдзельнікам.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть