Присяга

«Дзякуй за Перамогу!»

Спецыяльныя шыльды з такімі словамі, дапоўненымі выразам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны” і выявай чырвонай зоркі, неўзабаве паявяцца на дамах 4 жыхароў Лунінскага сельсавета – Івана Салуйчыка з Вулькі 1, Аляксандра Аляшкевіча і Івана Козіна (абодва – з Палескага) і Міхаіла Якаўца з Лобчы.

Каторы год запар старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева праводзіць ушанаванне тых, хто ў свой час адстаяў мір і свабоду нашай Радзімы. І, трэба адзначыць, што яны больш радуюцца не падарункам (актывісты руху падрыхтавалі прадуктовыя наборы), а цёплым стасункам, нечаканым прыемным візітам і магчымасці падзяліцца тым, што сёння хвалюе іх сэрцы.

дзякуй за перамогу

У госці да ветэранаў, акрамя Людмілы Іванаўны, накіраваліся таксама прадстаўнікі Лунінскага сельвыканкама: старшыня – Аляксандр Якавец і галоўны спецыяліст – Наталля Курак. Сонейка выглянула з-за хмар, калі мы пад’ехалі ў Вульку 1 да дома Івана Салуйчыка. Шчырая ўсмешка з’явілася на твары гаспадара, калі ён прымаў гасцінцы. Расказаў, што адразу пасля вызвалення Лунінецкага раёна ў 1944-ым займаўся размініраваннем нашай тэрыторыі – дарог, мастоў, палёў… У мірны час працаваў на Палескай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства, а затым – у паравозным дэпо. У 2017-ым разам з жонкай Марыяй Васільеўнай адзначаць жалезнае вяселле – 65-годдзе сумеснага жыцця. Моцныя адносіны шлюбу сталі прыкладам для 3 дачок, 5 унукаў і 11 праўнукаў.

дзякуй за перамогу 02

Клёкат буслоў сустрэў у Лобчы, дзе жыве Міхаіл Якавец. Драўляная хата, здаецца, дыхае побытам нашых дзядоў. Асабіста мне пацяплела на душы, калі ўбачыла да болю знаёмыя саматканыя дываны на падлозе, вышываныя ручнікі на сямейных партрэтах – усё, як некалі было ў доме маёй бабулі, што цяпер жыве толькі ў памяці… Сапраўды, дзіцячыя ўспаміны – самыя яркія! Апранаючы святочны пінжак з медалямі і ордэнамі, Міхаіл Міхайлавіч успамінаў, як разам з тым самым Іванам Салуйчыкам, пра якога расказалі вышэй, пазбаўлялі лунінецкую зямлю ад мін. Працоўнае жыццё прысвяціў чыгунцы. У пачатку лютага ветэран адзначыў 88-мы дзень нараджэння. На жаль, 6 год таму аўдавеў, але адчуваць сябе адзінокім не даюць дзеці, унукі і праўнукі. А калі ж на сэрца ўсё-такі нахлыне туга, гаспадар бярэ ў рукі кнігу. Колькі разоў перачытаў “Ціхі Дон” ці “Маладую гвардыю”! Прыемна было ўбачыць на стале свежы нумар “Лунінецкіх навін”.

дзякуй за перамогу 03

З Кубані прыехаў у п. Палескі Іван Козін (на здымку разам з Людмілай Казадаевай). Ваяваў у Японіі, быў мараком. Нягледзячы на сталы ўзрост, дабудаваў дом, куды правялі прыродны газ.

Як жа хораша цвітуць вішні  і чырванеюць цюльпаны ў двары Аляксандра Аляшкевіча! Але за гэтай прыгажосцю ён можа назіраць толькі з акенца – вось ужо 2,5 года Аляксандр Барысавіч прыкаваны да ложка.

Пра бацьку клапоціцца дачка Тамара. Яго стол упрыгожаны букетам кветак – гэта вучні мясцовай школы нядаўна былі ў гасцях. Будучы падлеткам, Аляксандр трапіў на прымусовыя работы ў Германію. А калі іх вызвалілі, то ён мужна дайшоў да Берліна, дзе сустрэў вестку аб Перамозе…

З кожным днём застаецца ўсё менш шанцаў сустрэцца з жывымі сведкамі ваеннага ліхалецця. Па словах старшыні раённага савета ветэранаў Надзеі Лазіцкай, віншаванні з адметнай майскай датай будуць прымаць 43 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 15 інвалідаў, 11 работнікаў тылу, 14 – прыфрантавых дарог, 6 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Давайце разам аддадзім ім даніну павагі і ўдзячнасці!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть