Присяга

Годныя перспектывы

ёсць у юнакоў, якія прайшлі тэрміновую вайсковую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым вёў гаворку намеснік начальніка мабілізацыйнага аддзела раённага камісарыята Руслан Туцін на сустрэчы з былымі ваеннаслужачымі.

Яны нядаўна вярнуліся дамоў – пасталеўшыя, узмужнелыя, з новымі поглядамі на далейшае жыццё. Некаторых дачакаліся дзяўчаты, іншыя ж упэўнены, што толькі цяпер настаў час пошуку асабістага шчасця. Будучы нешматслоўнымі, маладыя людзі сціпла прыгадвалі армейскую службу. Прайшлі яе хто ў Брэсце, хто ў Слуцку, хто ў Жодзіна… Адны выконвалі абавязкі вадзіцеляў, іншыя былі механікамі і наводчыкамі. Вядома, больш за ўсіх хваляваліся за салдатаў родныя. Але бацькі задаволены, што выхавалі сапраўдных мужчын, якія могуць устаць на абарону Радзімы. І шчаслівыя, што цяпер лю-бімыя сыны ўжо дома.

Звяртаючыся да прысутных, Руслан Туцін нагадаў, што ў запасе юнакі будуць стаяць на ўліку да таго моманту, пакуль ім не споўніцца 50 год. А, значыць, на працягу гэтага часу неабходна беражліва ставіцца да ваеннага білета. У выпадку страты аднавіць важны дакумент немагчыма. Давядзецца панесці і адміністрацыйную адказнасць. Былым салдатам вызначылі ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, атрыманыя пры праходжанні тэрміновай вайсковай службы. Адпаведныя адметкі ў ваенных білетах зрабілі інспектары мабілізацыйнага аддзела і браніравання райваенкамата Валянціна Сергіевіч і Ганна Патурай (на здымку з Яўгенам Гелецам).

Цяпер лунінчане Ілья Леўшыц, Дзмітрый Хілюк, Вадзім Пуляк, Дзмітрый і Яўген Гелецы, а таксама Арцём Косач з Дзятлавіч і Максім Кіслюк з Лахвы па жаданню могуць шукаць работу ў сілавых структурах. Са свайго боку Руслан Юр’евіч крыху падрабязней расказаў аб перспектывах далейшай службы ва Узброеных Сілах: праве ваенных ісці на заслужаны адпачынак у 48 год, магчымасці пасля атрымання вышэйшай адукацыі атэставацца ў афіцэрскі састаў. Выбар – за юнакамі. Зрэшты, якім бы ён не быў, галоўнае, што свой грамадзянскі абавязак яны ўжо выканалі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть