Горкая памяць мінулага …
Присяга

Горкая памяць мінулага …

узникиииПакуты дзяцей – ахвяр войнаў – не павінны паўтарыцца і не павінны быць забыты. Дзеля гэтага ў розных гарадах і краінах збіраюцца іх успаміны, выдаюцца дакументальныя сведчанні выпрабаванняў лёсу. Такі прыклад прывялі загадчыцы аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
Ірына Мархотка і Лідзія Чыжакова:
У аддзяленні знаходзіцца вялікая кніга – 220 старонак фармату А-4, у цвёрдай вокладцы, пад якой змешчаны расказы непаўналетніх вязняў фашызму – жыхароў расійскага Новакузнецка. Перадала яе Ніна Аляксандраўна Скрабец. На схіле год былая настаўніца, якая ўсё жыццё адпрацавала на Піншчыне, вярнулася на Залессе, у дом дзеда – лунінецкага чыгуначніка.
Сям’я Лапатка (дзявочае прозвішча цяперашняй лунінчанкі) з трыма дзецьмі ў 1944-ым была прымусова вывезена ў Германію. Пасля вызвалення бацька – свяшчэннік в. Церабяжоў Столінскага раёна – не змог знайсці месца службы – у Беларусі храмы закрываліся. Атрымаў запрашэнне ў Новакузнецк. З цягам часу туды пераехалі малодшая дачка і сярэдні сын. Першая завяршыла зямны шлях у 2003-ім, другі – у 2009-ым. Старэйшая сястра паказала ўспаміны Георгія Аляксандравіча Лапаткі, з яго фотаздымкам змешчаныя ў дыхтоўным выданні. Такім чынам, увекавечаны цярністы шлях усіх траіх… Прывядзем вытрымку з публікацыі:
“Нас прывезлі ў горад Зуль округа Эрфурт правін-цыі Цюрынгія. Усіх праца-здольных накіравалі на ваенны завод. Мяне, 12-гадовага падлетка, паставілі вучнем слесара. Працаваць прымушалі шмат, практычна без адпачынку.
Мы жылі ў лагеры, які складаўся з баракаў і быў абнесены калючым дротам. Кожны працаўнік атрымліваў харчаванне два разы ў дзень і паёк на тры дні. Хлеба нам ледзьве хапала, таму што на малодшую сястрычку 1942 года нара-джэння ежы не давалі. Ад голаду мы пакутавалі жорстка, усе думкі былі аб ежы. За 10 месяцаў знаходжання ў лагеры былі настолькі знясілены, што самі сябе не пазнавалі. Скура ды косці!
У красавіку 1945-га нас вызвалілі амерыканскія войскі, у жніўні – перадалі ў савецкую зону. Пасля шматлікіх праверак і блуканняў па лагерах, у таварных вагонах дабраліся да Церабяжова. Замест нашага дома была пустка… Бацькі прывезлі дзяцей у Лунінец, каб мы маглі вучыцца ў школе.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіў у Беларускі лесатэхнічны інстытут. Па накіраванню паехаў у Карэлію. У леспрамгасе ад-працаваў 9 год інжынерам па тэхніцы бяспекі. У 1965-ым прыехаў у Новакузнецк. Працаваў у лясгасе да выхаду на пенсію. Быў неаднаразова адзначаны як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва. Узнагароджаны медалямі “Ветэран працы” і “50 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Як расказала Ніна Аляксандраўна, прымусовая праца ў Нямеччыне – не адзінае выпрабаванне, якое прыпала на лёс яе брата. У сям’і Жоржа, так называлі яго дома, здарылася трагедыя – раніцай жонка пайшла на работу і прапала. Пазней яе цела знайшлі ў канаве… Георгій Аляксандравіч сам выгадаваў дачку Алену, якая набыла адукацыю па дзвюх спецыяльнасцях – медсястра і бухгалтар. Пляменніцу падтрымлівае сям’я цёткі Таццяны, муж якой, як і яе бацька, стаў свяшчэннікам. Духоўны шлях выбралі трое іх сыноў, якія служаць у храмах Новасібірска, а дзве дачкі выйшлі замуж за свяшчэннікаў.
Падалося, што малітвы родных працягваюць век Ніне Аляксандраўне, якая заўсёды ўражвае сілай духу і пазітыўным поглядам на рэчаіснасць. Каардынатары праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей” спадзяюцца, што ўспаміны сведкаў жудасных падзей знойдуць водгук у душах нашчадкаў. Кожнаму неабходна задумацца аб жыцці і аб міры. Хочацца, каб маладыя юнакі і дзяўчаты сталі крыху дабрэйшымі да ўбеленых сівізной людзей.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть