Присяга

«…І памяць пра загінуўшых у афгане будзе вечна ў душы палаць»

Гэтыя радкі можна прачытаць на абеліску воінам-інтэрнацыяналістам у Лунінцы, каля якога ў мінулую пятніцу пачалася ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з паўднёвай краіны.

Тут сабраліся былыя
салдаты і афіцэры, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, каб пад гучны салют мірных залпаў ускласці вянкі і кветкі. Потым усіх запрасілі ў кінатэатр “Кастрычнік”, дзе ўдзельнікаў ушанавання сустракаў духавы аркестр. Неўзабаве пад афганскія песні на вялікім экране адзін за другім змяняліся фотаздымкі, расказваючы аб подзвігу нашых герояў у той “неаб’яўленай” вайне. Зала, дзе прысутнічалі і вучні, ціхенька сачыла за фотапрэзентацыяй. Толькі па цвёрдых позірках былых афганцаў было зразумела: ніхто ні на секунду не сумняваецца, што абараняў інтарэсы сваёй ра-дзімы – Савецкага Саюза, а здраджваць памяці загінуўшых сяброў проста не мае права.
Пра мужнасць і інтэрнацыянальны абавязак суайчыннікаў гаварыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які пайменна ўзгадаў 9 ураджэнцаў Лунінеччыны, што не вярнуліся з афганскага пекла. Іх памяць хвілінай маўчання ўшанавалі пад гулкія гукі метранома…
Пад апладысменты Васіль Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама. З такой жа прыемнай місіяй на сцэне пабываў і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў. Шэраг воінаў-інтэрнацыяналістаў атрымалі нагрудныя знакі “За заслугі” і каштоўныя падарункі.
Кожнае выступленне чаргавалася з прыгожымі музычнымі нумарамі мастацкай самадзейнасці ў выкананні Сяргея Місікава, Ігара Мігалевіча, Ірыны Ханцэвіч, Галіны Брэзінай, Вольгі Валодзінай. Песню ў выкананні Алега Жумашава зала слухала стоячы, а жанчыны ўжо не маглі стрымаць слёз…

 

Яны не любяць скардзіцца, жывуць ціха і непрыкметна. Працуюць там, дзе атрымалася знайсці прымяненне сваім здольнасцям і жаданням. Нясуць любоў у свае дамы – тут зразумеюць і падтрымаюць родныя. А іх мінулае – гэта засцеражэнне ўсім нам і нашым дзецям – не дапусціць больш падобнага кровапраліцця.

У кожнага з воінаў-афганцаў былі свае страшныя моманты і цуда-дзейныя выратаванні. Дапамагалі малітвы родных, калі часам лёс трымаў на валаску ад смерці. Але пра гэта не прынята расказваць. Той боль яны схавалі глыбока ў душы, толькі часам у сне здрадніцкі стогн сарвецца з вуснаў, растрывожыўшы ўсю сям’ю.
На цёплай лютаўскай сустрэчы для афганцаў, арганізаванай работнікамі Вулькаўскага 2 СДК гутарка ішла аб мірнай паўсядзённасці. Пра клопаты на рабоце, жыццёвыя дасягненні дзяцей і першыя крокі маленькіх унукаў. Але ў размову часам урывалася набалелае: як трохдзённы паёк даводзілася расцягваць на два тыдні, пра нязвыклы клімат спякотных дзён і халодных начэй. Аб сіле інтуіцыі, калі да прызыву юнак больш за іншых распытваў у дэмабілізаваных пра Афганістан, а потым сам трапіў туды.
Цяпер у Вульцы 2 іх восем – Андрэй Верас, Аляксандр Пятакоў, Сцяпан Кісель, Мікалай і Сяргей Паўловічы, Міхаіл Соц, Мікалай і Уладзімір Яраховічы. Балюча, што браты Міхаіл і Мікалай Соцы пайшлі з жыцця пасля службы ў гарачых кропках. Памяць пра іх, а таксама ўсіх, хто не вярнуўся з вайны, беражліва захоўваецца ў сэрцах.
Хай не ўсе змаглі прыйсці на вечар, але ў будучым такія мерапрыемствы трэба ладзіць абавязкова. Каб хлопцы не адчувалі, што пра іх забыліся. Каб была магчымасць гэты дзень прысвяціць свайму юнацтву, сцягнутаму тугой салдацкай папругай, каб ад духмянага кубачку чаю выветрыўся з памяці пах пораху.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть