Присяга

Імчаць у сэрцы цягнікі…

OLYMPUS DIGITAL CAMERAМясцовыя жыхары даўно прызвычаіліся да суседняй чыгункі, і нават начныя гудкі не замінаюць іх спакойнаму сну. Чаго нельга сказаць пра Міхаіла ЯКАЎЦА з Лобчы, значная частка жыцця якога прысвечана сталёвым магістралям. Працоўны стаж, даўжынёй у 40 год, яскрава сведчыць пра веданне ўсіх тонкасцей гэтай справы. Асаблівы пах прапітанага смалой дрэва ніяк не выветрыцца з памяці, здольнай захоўваць у сваіх глыбінях усё самае значнае і каштоўнае…

У 1930-ым двухгадовы хлопчык застаўся сіратой. Іх разам з сястрычкай даглядала мачаха, на якой неўзабаве ажаніўся тата. Потым у сям’і нарадзіліся малодшыя.

Жылі, як усе. Калі голадна, калі больш-менш сытна. Дарослыя даручалі пасвіць жывёлу, даводзілася выконваць іншую пасільную работу, якую ў вёсцы колькі не рабі, усю не пераробіш. Але крыўдаваць не было на што — такім быў побыт таго часу. Паспеў скончыць 3 класы польскай школы.

Цяжэй давялося ў вайну. Яшчэ ў самым яе пачатку Міша стаў савецкім сувязным. Калі ён сабраўся гнаць кароў з пашы, падышлі незнаёмыя людзі ў чырвонаармейскай форме і спыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы. Яго, як невялікага падлетка, на якога не звернуць увагі ворагі, паслалі даведацца пра сітуацыю. Тое першае задание выклікала пачуццё гонару — хоць крышачку змог дапамагчы.

Далей быў партызанскі рух, дзе хлопец хацеў бы прымяніць свае сілы, але непаўналецце замінала стаць у рады змагароў.

Юнак паспеў прынесці вялікую карысць родным мясцінам, ужо вызваленым ад страшнай навалы. Старэйшыя былі на фронце, а ўзнікла неабходнасць тэрмінова размініраваць Лунінец і ваколіцы, дзе таілася мноства смяротных мін і снарадаў. Яго з сябрам выклікалі ў ваенкамат, растлумачылі задачу. Некалькі тыдняў далі на падрыхтоўку, дзе гучала галоўнае правіла — сапёр памыляецца толькі адзін раз.

Калі размініраванне скончылася, Мішу паклікала чыгунка. Выбраў яе раз і назаўсёды. Быў простым рабочым, абходчыкам, дзяжурным па пераезду адразу на Пінскай, потым на рэарганізаванай Лунінецкай дыстанцыі пуці. Прывычныя інструменты — у руках, спецвопратка — на плячах, і да позняга вечара — у страі. Прыемна было ад пачуцця значнасці сваёй справы — ствараць камфорт землякам, каб кожны з іх мог накіравацца ў падарожжа ў любы канец свету. Хаця самому катацца ніколі не хапала часу — перавагу аддаваў любімай справе. Ужо на пенсіі, а душа быццам засталася на тых грукатлівых пераездах. І думкамі стары зноў вяртаецца ў маладосць…

У спадарожніцы жыцця ён выбраў дзяўчыну Марыю. Яна паспела спазнаць вялікія цяжкасці ў Нямеччыне, куды яе вывезлі яшчэ непаўналетняй. Гаспадары ў чужой краіне не давалі іншай ежы, акрамя бруквы ды буракоў, а працаваць прымушалі ад раніцы да позняга вечара. Але выбіраць не выпадала, дзякавала Богу ўжо за тое, што жывая. Пераадолець нягоды дапамаглі малады запал ды вера ў хуткае заканчэнне вайны.

Маладыя стварылі сям’ю ўжо ў мірнай Беларусі, нарадзіліся 3 сыны і 2 дачкі. Спачатку было нялёгка з малымі, бо, акрамя догляду за імі, патрабавалася паспець на работу і ўпарадкаваць дамашнюю жывёлу. Потым хату напоўнілі штодзённыя школьныя клопаты падлеткаў, калі завучваліся вершы і правілы, рашаліся задачы, рабіліся першыя нязграбныя чарцяжы. І так незаўважна ляцеў час! Хутка ўжо заліваўся гармонік на вяселлях і провадах у армію.

Цяпер дзеці жывуць асобна, але ўсе яны са сваімі сем’ямі пасяліліся непадалёку. Для мужа і жонкі родная вёска стала нязменным месцам прапіскі ў іх пашпартах — тут пабудаваліся, тут потым сустрэлі сваю ціхую старасць. Ды паўсядзённасць прыносіць не толькі светлыя падзеі — у 2010-ым Марыі Антонаўны не стала.

Апусцела родная хата, няма бабулі ў 12 унукаў і 17 праўнукаў. Адзіноту Міхаіла Міхайлавіча саграваюць драўляныя сцены, якія доўгі час бераглі іх сямейнае шчасце. На падлозе прасланы саматканыя дарожкі, над карпатлівым вырабам якіх некалі шчыравала нябожчыца-гаспадыня. Больш яркімі і прыгажэйшымі — засцелены ложкі і канапа. Фотаздымкі нагадваюць пра самыя дарагія моманты з мінулага.

Дзяржава не пакідае ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны без увагі. У лютым Міхаілу Міхайлавічу споўнілася 87 год. Свой святочны касцюм з узнагародамі апранае толькі ў асабліва ўрачыстыя дні. Дзядуля пастаянна агорнуты клопатам родных, але без жонкі яго дом выглядае пустым. Цікавасць да падзей, што адбываюцца ў свеце, задавальняе чытаннем газет і часопісаў з дапамогай акуляраў. Ведае на памяць многа вершаў, хаця з кожным разам яны згадваюцца ўжо не так дакладна.

Два каты смела адчуваюць сябе побач з гаспадаром, захаваўшы яму шчырую адданасць — калі мужчына трапіў на пару тыдняў у бальніцу, яны не сышлі на суседнія сядзібы, а дачакаліся яго вяртання.

І зноў за вокнамі чуецца грукат цягніка, які вырывае з цішыні і задуменнасці былога чыгуначніка і сапёра. Каб мінулае вярталася ў яго згадкі і сны, поўныя радасці за жыццёвыя перамогі і лёгкага суму за часовыя няўдачы. І ён выйдзе на ганак, каб усім сэрцам удыхнуць свежае паветра, паслухаць блізкія сэрцу гукі. Шчырай удзячнасцю нябёсам адзавецца нешта шчымлівае ў грудзях — за мірнае неба на роднай зямлі, за яснае сонца. І жадае Міхаіл Міхайлавіч маладзейшым берагчы галоўныя каштоўнасці на свеце — сваіх блізкіх і сваю Радзіму. Бо без іх ніхто не здолее быць шчаслівым.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть