Присяга

Іх прыгажосць, дзявочыя ўсе мары ахутвалі вайны суровай хмары

У сузор’і майскіх святаў ёсць адно, асабліва любімае, напоўненае светлай радасцю і гонарам  – Дзень Перамогі. Непарыўна зліліся ў ім пакланенне подзвігу народа, які адстаяў сваю незалежнасць, і сум па тых, хто аддаў свае жыцці дзеля таго,   каб усе, хто жыве сёння, маглі радавацца мірнаму блакіту, шчодраму сонцу, пяшчотным васількам на мяжы, дзіцячай усмешцы, цёплай раніцы…

Заўсёды чаканым быў гэты зень у сям’і Вольгі Фёдараўны Міцкевіч. У гады ваеннага ліхалецця тата, мама і тры іх дачушкі, сярод якіх была і трынаццацігадовая Вольга, апынуліся ў партызанскім атрадзе імя Варашылава. Абпаленае вайной дзяцінства дагэтуль памятаецца трывожнымі начамі ў коле лясных мсціўцаў, небяспечнымі  партызанскімі рэйдамі і адзінай марай, якая аб’ядноўвала і старых, і малых – хутчэй прагнаць з роднай зямлі ненавіснага ворага.

Пасля вызвалення Беларусі некаторы час жылі ў вёсцы Зазерка Рудзенскага раёна, дзе настаўнічала мама Марыя Міхайлаўна. Потым пераехалі ў Мінск. Вольга атрымала выдатную адукацыю, у дасканаласці авалодала дзвюма замежнымі мовамі. Але жыццё склалася так, што працаваць давялося па самай першай і, бадай, самай любімай прафесіі – будаўніка. Пасада прараба абавязвала да многага, прымушала быць строгай і прынцыповай, а іншы раз станавіцца ўвасабленнем па-сапраўднаму мужчынскіх рысаў характару. Затое нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Вольга Фёдараўна беспамылкова пазнавала на вуліцах сталіцы будынкі, ва ўзвядзенні якіх прымала самы непасрэдны ўдзел.

На жаль, асабістае жыццё склалася не так, як хацелася б. У маладосці страціла маленькага сына, пасля – мужа. Старасць наканавана было сустрэць у адзіноце. Калі пачалі асабліва адольваць хваробы, Вольгу Фёдараўну забрала да сябе ў Лунінец пляменніца Ірына – дачка старэйшай сястры Ларысы, якую ў нашым горадзе, як і ўсю вядомую сям’ю, памятаюць пад прозвішчам Шахатуні.

Сёння жыццёвая восень жанчыны сагрэта цяплом і ўвагай. Чарговую пераможную вясну яна зноў сустракае, як жартуе сама, у страі. Да таго ж, 5 мая, у Дзень друку, наша суразмоўніца адзначае дзень нара-джэння: ёй споўніцца 89 год. Гэтую навіну журналісты раёнкі ўспрынялі з асаблівым пачуццём. Уручаючы падарунак ад “Лунінецкіх навін” і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, мы шчыра жадалі мужнай жанчыне здароўя і дабра.

Лізавета Іванаўна Красікава (на здымку) – чалавек у Лунінцы вядомы. Здаецца, пачынаючы з 1944-га, калі пасля вызвалення трапіла ў Лунінец, не было ніводнага святкавання Дня Перамогі, у якім не брала б удзел гэтая жыццялюбівая франтавічка. Менавіта таму ў 2017-ым яе асабліва засмучае тая акалічнасць, што самастойна дабрацца да плошчы Леніна, дзе ў райцэнтры па традыцыі будуць ладзіцца ўрачыстасці, ёй, 95-гадовай, ужо не пад сілу. Давялося заспакоіць, што, калі бу-дзе на тое яе жаданне, абавязкова дапаможам дабрацца на свята.

– Што вы! Турбаваць з-за такой дробязі, – сумелася Лізавета Іванаўна. – Ды і калегі былыя мяне не забываюць, за што ім вельмі ўдзячна!

Вайна для ўраджэнкі г. Гразі Ліпецкай вобласці звязана са службай у паравозным палку №68, які дастаўляў у прыфрантавую зону тэхніку і ваенную сілу. Нягледзячы на тое, што наўкола бушавала вайна, юнацтва брала сваё: дзяўчына закахалася. Ды толькі шчасце было нядоўгім: каханы загінуў, падарваўшыся на міне, а 21-гадовай Лізе давялося з-за цяжарнасці асталявацца ў Лунінцы, дзе паравозны полк зрабіў чарговы прыпынак…

Тут таксама звязала свой лёс з чыгункай, працавала ў кандуктарскім рэзерве, дыспетчарам, правадніком, а з 1953-га і да самага выхаду на заслужаны адпачынак была спісчыкам вагонаў. Гэтая работа ў нечым падобная на работу звычайных пуцейцаў – увесь час у любое надвор’е трэба было на станцыі абыходзіць саставы. Выгадавала сына, які сёння жыве ў Казахстане. Старасць пераадольвае разам з мужам Валянцінам Паўлавічам, сустрэчу  з якім жыццё падарыла ў далёкім цяпер 1947-ым…

Нягледзячы на тое, што час бярэ сваё, узросту Лізавета Іванаўна стараецца не паддавацца – дзякуй сацыяльнай службе ды добраахвотным памочнікам. Вось і ў час нашага візіту градкі на невялікім агародчыку рыхтавалі пад пасадку навучэнцы по-літэхнічнага каледжа, валанцёры гуртка “Патрыёт” Раман Лобан і Дзмітрый Трухноў (на здымку).

З цёплымі словамі ўручылі Л.І. Красікавай падарунак, а яна, па даўняй звычцы правяла нас да дзвярэй, затрымалася на парозе веснічак, развітальна махнуўшы рукой і ўсміхнуўшыся, маўляў, яшчэ сустрэнемся…

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть