Присяга

Каб не згубіць у вечнасці імёны вызваліцеляў

дырдаЧым больш мінае год пасля Вялікай Айчыннай вайны, тым часцей ахутвае трывога: ці ўсё сучаснікі зрабілі дзеля захавання памяці ўдзельнікаў тых крывавых падзей? Ці ўсе імёны ўспомнілі, каб жыццё, аддадзенае барацьбе за вызваленне, не засталося згубленым у хуткаплыннасці часу.
Канстанцін ДЫРДА ў вайну быў падлеткам, але юначая памяць захавала імёны людзей, якія зрабілі так многа для набліжэння Перамогі. Яго бацька Рыгор Мікалаевіч родам з Дзятлавіч. Падрабязных звестак няма, але вядома, што ён пахаваны ў брацкай магіле ў Ленінградскай вобласці.
Далей Канстанцін Рыгоравіч згадвае: яго брат па лініі маці Сяргей Душанін у час вайны меў сувязь з партызанамі. У лагеры сапсаваўся радыёпрыёмнік. Не маючы вестак пра падзеі на фронце, атраду цяжка было весці барацьбу. Юнаку даручылі знайсці майстра. Калі яны ўжо ішлі ў лес, перастрэлі паліцаі. Іх схапілі, павезлі ў гарнізон. Музыканта Грышу, які згадзіўся адрамантаваць радыё, забілі, а Сяргею нанеслі моцныя ўдары і адпусцілі, дзякуючы просьбам маці. Больш не рызыкуючы, хлопец назусім пайшоў у партызанскі атрад. Ды ўжо над сям’ёй навісла пагроза, бо карнікі знішчалі ўсіх, калі хто з родзічаў меў сувязь з ляснымі мсціўцамі.
Уцякаючы ад немінуемай кары, яны ўсёй сям’ёй апынуліся на хутары каля Бастыні. Трое сутак пешшу дабіраліся да сваякоў. Перавезлі жывёлу, асталяваліся ў цеснаце чужой хаты. Маці падтрымлівала сувязь з партызанамі, дзе ваяваў сын. Паведаміла ім, што многа мясцовых жыхароў жадае далучыцца да барацьбы. Так утварыўся новы атрад. Некалькі месяцаў Марыя Іосіфаўна, рызыкуючы жыццём, была сувязной, перадавала запіскі камандаванню. Аднойчы група нарвалася на засаду. Абшукаўшы байцоў, карнікі знайшлі паперку і жанчыну арыштавалі.
Тады Чучавічы і Навасёлкі былі адміністрацыйнай часткай Ганцавіч. Разам з некалькімі жыхарамі гэтых вёсак, якія трапілі пад падазрэнне, іх павезлі ў райцэнтр. На наступны дзень Канстанцін разам са старэйшай сястрой пайшлі пешшу даведацца пра лёс маці. І выявілася страшнае – іх расстралялі.
Бязлітасным потым аказаўся лёс і да брата, Сяргея Душаніна. Яго накіравалі на курсы партыйных работнікаў у Маскву ў 1944-ым. Але самалёт, на якім паляцеў, быў збіты і больш пра яго нічога не вядома.
Засталіся сіротамі ўпяцярых, жылі з бабуляй. Нельга забыцца, як ворагі здзекаваліся над мірнымі жыхарамі. Каб пазбегчы вывазу ў Германію, Канстанцін з сястрой Валянцінай далучыліся да партызан. Падлетак усімі сіламі хацеў адпомсціць за маці, таму не баяўся ісці на заданні. Удзельнічаў у падрыве чыгуначнага палатна. У сэрцы жыў гонар за сваіх, якія мужна змагалі-ся з ворагам. Да самага вызвалення ён быў у радах мсціўцаў.
Пасля вайны юнак узяў на
сябе клопат пра малодшых братоў і сясцёр. Дакументы былі знішчаны. Тады адзіны раз за ўсё жыццё ён парушыў закон. Яму ў адноўленых дакументах недакладна паставілі дату нараджэння. Запісалі з 1929-га, маладзейшым на два гады. Рабілася гэта дзеля невялікай дапамогі, якую выплачвалі на непаўналетніх. Грошы былі неабходны, каб дзеці не памерлі з голаду. Але сродкі хутка скончыліся, а Канстанцін многа раз пашкадаваў аб зробленай памылцы. Толькі зараз перад дзяржавай не лічыць сябе надта вінаватым: на пенсію пайшоў пазней патрэбнага, значыць адпрацаваў больш належнага на лішнія два гады.
Стаўшы дарослым, часта наведваў магілу маці ў Ганцавічах. Калі хацелі яе знесці і пабудаваць тут дом, усімі сіламі дабіваўся справядлівасці. Помнік усё ж паставілі, а будынак узвялі ў другім месцы.
Разам з маці там расстраляны і пахаваны жыхары Вялікіх Чучавіч і звестак пра іх больш нідзе няма. Гэта Леанід Кушнярэвіч і Вера Іванаўна Ліхтар. Недаравальна, што забыліся пра лю-дзей, якія цаной свайго жыцця дапамагалі змагацца з ворагам.
Юнак прайшоў вайсковую службу ўжо ў мірнай краіне. Працоўныя будні пачынаў у якасці касіра, потым быў інспектарам райфінаддзела. Старшынёй Бастынскага і Дзятлавіцкага сельсаветаў адпрацаваў больш як па дзесяць год у кожным (усяго 23 гады). Час мяняўся, даводзілася быць у гушчы злабадзённых праблем. Людзі жылі бедна, імкнуліся хоць да нязначных выгод, якія дазваляла вясковае жыццё – перасяляліся з хутароў, праводзілі электрычнасць, будавалі жыллё. Стоячы ля руля мясцовай улады, даводзілася быць псіхолагам і дарадцам, а найчасцей – суддзёй і праваахоўнікам. Ганаровыя граматы і медалі – яскравае сведчанне адданага служэння людзям.
Цяпер Канстанцін Рыгоравіч жыве разам з жонкай Аляксандрай Аляксандраўнай на адным падворку з сынам Яўгенам непадалёку ад чыгуначнай станцыі Дзятлавічы. Дачка Антаніна асталявалася ў Лунінцы. Радуюць старых чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў. Мужчына страціў зрок, не можа абыходзіцца без пабочнай дапамогі. Але памяць захавала ўсё набалелае, і ён баіцца не паспець расказаць аб людзях, якія страчвалі жыццё і здароўе ў цяжкай барацьбе за вызваленне. Сірочы лёс з невыноснымі пакутамі дзяцінства не дае магчымасці на схіле гадоў спаць спакойна – той боль трывожыць у цемры і цішыні. Але самае галоўнае – засцерагчы Радзіму ад новых узброеных канфліктаў, каб страшная гісторыя мінулага больш ніколі не стала явай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть