Присяга

Літоўскае прозвішча – беларускі характар

Ветэраны вайны і падлеткі таго страшнага часу ўсе вельмі падобныя ў адным. Бачыўшы ліхалецце, прыніжэнні і пакуты, яны бязмежна даражаць так цяжка заваяваным мірным небам. “Толькі б не было вайны”– іх самае галоўнае жаданне! Яно часам выклікае іронію ў маладога пакалення. У пагоні за дастаткам, за свабодай слоў і дзеянняў у моладзі губляецца той сапраўдны галоўны сэнс жыцця – не бачыць бесчалавечнасці, беззаконнасці і бяссілля. Да гэтага імкнуліся адважныя воіны 40-ых. Тыя памкненні збыліся – пенсіянерамі сталі пасляваенныя дзеці, якія не бачылі вайны.

Толькі сэрцы былых воінаў б’юцца з трывогай, ім нельга забыць мінулае. Яно прыходзіць у снах, ажывае ў думках, быццам кадры з вядомага фільма бясконца паўтараецца на экране стомленай душы.
Георгій КАМАНДЗІС ступіў на шлях барацьбы з немцамі юнаком. Так атрымалася, што муж сястры стаў камісарам партызанскага атрада. Баючыся кары ворагаў за роднасную сувязь з народнымі мсціўцамі, пайшоў у лес і ён, малодшы брат. Да паўналецця Жору не бралі на баявыя заданні, што вельмі крыўдзіла хлапчука. Потым удзельнічаў у разгроме ваеннага гарнізона. Часам падкладвалі міны і падрывалі варожыя эшалоны. Пры неабходнасці арганізоўвалі засады. Многа мужных учынкаў на рахунку іх атрада “За Сталіна”.
Доўгачаканае вызваленне дазволіла вярнуцца з лесу да нармальнага жыцця. Многіх равеснікаў забралі на фронт, а Георгію Паўлавічу дасталася асаблівая місія. У раёне Залесся фарміравалася часць, куды бралі былых партызан. Адразу меркавалася, што гэта зенітчыкі, якія пойдуць за фронтам. На самай справе так арганізоўвалі дапамогу ўнутраным войскам.
Наводзіць парадак на роднай знявечанай зямлі было вельмі нялёгкай задачай. Немцы і паліцаі, якія не паспелі сысці за фронтам, хаваліся ад заслужанай кары ў лясах і балотах. Іх жорсткія вылазкі за харчаваннем часам заканчваліся трагічна. Знайсці і абясшкодзіць, дапамагчы землякам дыхаць лягчэй, больш не баючыся здзекаў і пакут – галоўнае прызначэнне брыгады. Далі абмундзіраванне і зброю, правялі кароткія курсы па страявой, і пачалася неспакойная служба. Па аператыўных звестках, дзе арудуюць бандыты, ішлі дзясяткі кіламетраў. Балюча, калі спазняліся, і вёскі ўжо былі абрабаваны. Спалоханыя дзеці і спакутаваныя старыя чакалі дапамогі.
Аднойчы натрапілі на засаду. Застрэлілі хлопца з Бастыні, які ішоў побач. Кроў і боль халадзілі душу, але барацьба працягвалася. Кожны затрыманы вораг, ці разгромленая банда наводзілі страх на вырадкаў – іх станавілася менш, жыццё спакайнела…
Пасля Перамогі пачалася ў Георгія
Паўлавіча армейская служба. Многа дзе пабываў за тыя пасляваенныя гады. Дамоў вярнуўся толькі ў 1950-ым. Лунінец на той час быў ужо адбудаваным прыгожым гарадком. Тут, даючы ўпэўненасць у будучым, бясконца грукатала чыгунка. Рашэнне стаць машыністам, быць бліжэй да сталёвых магістраляў, прыйшло само сабой. Тры гады вучыўся ў Гомелі, каб атрымаць жаданы дыплом.
І панесліся ў невядомае вагонныя колы. Кіраваць вялізным саставам давяраюць толькі мужным, упэўненым людзям. У юнака, загартаванага на дарогах вайны, былі ўсе адпаведныя якасці. Некалькі разоў за свой працоўны шлях Георгій Паўлавіч спрабаваў сябе ў другой дзейнасці на маслазаводзе і РМЗ, толькі чыгунка зноў клікала да сябе. Немагчыма так проста пазбавіцца ад мары. Нават ужо будучы на пенсіі мужчына працаваў, бо сядзець без справы яго не навучылі бацькі.
Пражыўшы з нараджэння на Лунінеччыне, Г.П. Камандзіс не мае беларускіх каранёў. Маці – расіянка, бацька – з Літвы. Лёс звёў іх на сцежках палескага гарадка ў час першай сусветнай вайны. Павянча-ліся ў мясцовай царкве, жылі каля Сінкевіч. Купіўшы каня, тата працаваў на лесаперавозцы. Потым уладкаваўся на тагачасны фанерны завод.
Светлае дзяцінства для хлапчука доўжылася нядоўга. Калі малому споўнілася 10 год – памерла матуля, пакінуўшы трое сірот. Боль ад страты самага роднага чалавека адразу прымусіла пасталець. Тады ён не ведаў, што блізкіх сэрцу жанчын прый-дзецца аплакваць яшчэ не аднойчы…
Пасля арміі Георгій Паўлавіч сустрэў
дзяўчыну з Гомеля, якая вельмі яму спадабалася. Ніна была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, працавала ў райцэнтры. Пасябравалі, рамантычныя вечары супакойвалі сэрца юнака, змучанага вайной. Потым ажаніліся, гадавалі дачку і сына. Займаючыся любімай справай, з радасцю ішлі раніцай на работу, а вечарам хутчэй вярталіся дамоў.
Незаўважна ляцеў час. Дзеці сталі дарослымі, асталяваўшыся ў Лунінцы, стварылі свае сем’і. Дачка пайшла па слядах маці, настаўнічае ўсё жыццё. Сын жыве непадалёку ад бацькоўскай хаты, працуе ў “Водаканале”.
Пенсійны ўзрост дадаў у іх паўсядзённасць цішыню і размеранасць. Жыць бы ды жыць, радавацца першым дасягненням унукаў, але ў лютым 1994-га Георгій Паўлавіч зноў страціў сваю самую дарагую жанчыну. Ад хваробы сэрца памерла Ніна Васільеўна, жонка і сяброўка, дарадчыца і памочніца…
Адзінота была вельмі балючай. Вытрымаць цяжкасці дапамагла загартаванасць характару і дапамога дзяцей.
Бясконцыя дні, калі сонца не хацела хіліцца к вечару, а раніцай узыходзіла вельмі павольна, сталі для немаладога чалавека пакутай. Пра яго ніколі не забываліся родныя. Улады клікалі на святы ветэрана вайны і ганаровага чыгуначніка, але ўрачыстасць заканчвалася, і зноў уладарыла цішыня.
Каб пазбавіцца ад манатоннасці, удзельнічаў у хоры ветэранаў вайны і працы “Спадчына”. Там зблізіўся з Галінай Апанасаўнай, таксама адзінокай жанчынай.
Сваю самотнасць немаладыя людзі вырашылі аб’яднаць у адну. Дзеці падтрымалі рашэнне бацькі, бо бачылі, як няўтульна старому ў пустой хаце.
Гэта спроба знайсці на старасці яшчэ крышачку цяпла дала ім дваім ціхія гады размеранага жыцця. Яны быццам дапаўнялі адно аднаго. Але неўзабаве і Галіна Апанасаўна памерла, прымусіўшы Георгія Паўлавіча ў трэці раз перажыць цяжкую страту. Мінуў год пасля пахавання…
У прасторных пакоях фотаздымкі ўсіх
родных глядзяць са сцяны. Вялікі стол гасцінна прыцягвае сесці і паслухаць ціхі расказ ветэрана пра ўсё перажытае. Для сваіх 88-мі год ён выглядае цудоўна, сам даглядае курэй, ката і сабаку. Бо не ўяўляе жыцця без працы, якой былі аддадзены ўсе памкненні. Ён – грыбнік і рыбалоў, зведаў самыя аддаленыя куточкі ў пошуках не толькі здабычы, але і імгненняў аб’яднання з прыродай. “Раёнку” перачытвае да “корачкі”.
– Праўда, у акулярах, – смяецца сын Віталь, які зайшоў адведаць бацьку. Дарэчы яны – адзіныя Камандзісы на Лунінеччыне. Але замежнае ў іх, напэўна, толькі прозвішча, бо гасцінныя па характару, разважлівыя, працавітыя – нічым не адрозніваюцца ад жыхароў нашай краіны, якая стала іх Радзімай. За Беларусь ішло змаганне з ворагам, дзеля яе працвітання дасягаліся працоўныя вышыні і праводзіліся плённыя ўрокі выхавання. І сёння новым пакаленням Камандзісаў жыць і тварыць разам з сучаснікамі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть