Лунінчане атрымалі павесткі падчас Дня прызыўніка
Присяга

Лунінчане атрымалі павесткі падчас Дня прызыўніка

У Савецкім Саюзе ў арміі служылі амаль усе мужчыны. Менавіта з таго часу склалася традыцыя арганізоўваць урачыстыя провады, маштаб якіх можна было параўнаць хіба што з вяселлем…

Магчыма, ідэя праводзіць будучых салдат “усім светам” бярэ пачатак яшчэ ў дарэвалюцыйны перыяд, калі ў армію забіралі аж на 25 год! Цяпер тэрміны службы значна карацейшыя, але ўрачыстасць развітання з навабранцамі не страціла сваёй актуальнасці. У аўторак у абедзенны час вуліцы 17 Верасня і Чырвоная ў Лунінцы акунуліся ў гукі духавога аркестра. Дружнай калонай у суправаджэнні аўтамабіля ДАІ юнакі прайшлі ад будынка райваенкамата ў гарадскі Дом культуры, дзе ладзіўся Дзень прызыўніка. Раз-пораз з натоўпу чуўся вясёлы смех, на імгненне твары застывалі дзеля памятных сэлфі. Але строгія каманды начальніка аддзела прызыву Аляксандра Цялушкі “Стой! На-пра-ва-а! Калонай па аднаму падымаемся ў залу!” прымусілі маладых людзей падпарадкавацца.

Сустракаючы калону прызыўнікоў, шукала ў натоўпе “свайго салдаціка” Святлана Чопчыц з Мікашэвіч. Яе Ігар у бліжэйшы час папоўніць рады пагранічнікаў.

Кульмінацыі мерапрыемстваў па адпраўцы навабранцаў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь папярэднічалі праходжанне медагляду і пасяджэнне прызыўной камісіі, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч.

У час яе работы пабывалі ў райваенкамаце. Разам з Анатолем Міхайлавічам са справамі прызыўні-коў працавалі ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Жук, старшы інспектар групы кадраў РАУС Аляксандр Бахонка, работнікі ЦРБ – Вольга Чынікайла і Таццяна Захарава. Будучыя салдаты па чарзе заходзілі ў кабінет, адказвалі на пытанні, робячы ўпор на пажаданні служыць у тых ці іншых відах войск. Трэба зазначыць, што кожнага тут выслухалі з увагай і разуменнем. Падпісаўшы неабходныя дакументы, у вызначаны час юнакі сабраліся і накіраваліся да ГДК.

Зала Дома культуры была практычна запоўненай. За сцэнай назіралі блізкія і сябры навабранцаў, прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства, грамадскасці. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №261 ад 27.07.2017 г. “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве” зачытала вядучая ўрачыстасці Крысціна Збралевіч. Ганаровае права першым павіншаваць юнакоў атрымаў ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў, палкоўнік Уладзімір Жук. У сваім выступленні ён пажадаў годна прайсці “школу жыцця”, займець новых сяброў і надзейных камандзіраў. Пад апладысменты ўручыў павесткі і сімвалічныя падарункі.

Такую ж прыемную місію выканалі намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, настаяцель Свята-Параскевінскай царквы з Бастыні протаіерэй Іаан Пятрэнка, падпалкоўнік у адстаўцы Алег Іваннікаў, старшы інспектар групы кадраў РАУС Аляксандр Бахонка і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў. Іх выступленні чаргаваліся з прыгожымі канцэртнымі нумарамі, пра якія паклапаціліся самадзейныя артысты раёна.

Каля 140 жыхароў Лунінеччыны неўзабаве прымуць воінскую прысягу. Першая група навабранцаў адправіцца ў войскі 8 лістапада.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть