Любоў да мяча — з першага ўдара…
Присяга

Любоў да мяча — з першага ўдара…

semia_800x6002 лютага адзначыў 50-годдзе Сяргей ДАМАШЭВІЧ — адзіны з прафесійных футбалістаў вышэйшай лігі чэмпіянату СССР, які ў тэрміновую армейскую службу як дэсантнік-сапёр удзельнічаў у баявых аперацыях на “афганскай” вайне…

Спорт

Гэта імя вядома кожнаму балельшчыку 1980-ых. Фізічна загартаваны юнак з лунінецкага Залесся паказваў плённыя вынікі на школьнай спартыўнай пляцоўцы. Марыў аб хакеі, але для гэтай гульні ў нашым горадзе ўмоў не было. Пачаў займацца лёгкай атлетыкай. Здольнасці вучня заўважыў трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіл Аляшкевіч. Так Сяргей стаў футбалістам. Жартуе, што, як ударыў першы раз па мячу, так любоў засталася на ўсё жыццё. Стаў трэніравацца са старэйшымі па ўзросту ігракамі. З камандай раёна выступаў на першынстве вобласці, перамаглі ў юнацкіх спаборніцтвах БССР на прыз “Крыштальны мяч”. Юнака запрасілі ў пінскі “Машынабудаўнік” — у гэтай камандзе гуляў на нацыянальным чэмпіянаце. Кар’еру футбаліста спыніў прызыў на тэрміновую службу ў армію.

Вайна

afgan2

— Спартыўныя функцыянеры заспакойвалі, што «зробяць армію”, — прызнаецца Сяргей Уладзіміравіч. — Не хвалюючыся, працягваў гуляць. Але аднойчы прыехаў дамоў, а бацька падаў павестку з ваенкамата. Абсалютна натуральна прыняў яе. У большасці тагачаснай моладзі і ў думках не было адхіліцца ад выканання ганаровага воінскага абавязку. Навакольныя сказалі б: ці хворы, ці дурны… Быў складаны час узброенага канфлікту ў Афганістане. Усведамляў вялікае хваляванне родных. Але і яны разумелі, што немагчыма адмовіцца нават ад накіравання ў “абмежаваны кантынгент Савецкіх войск’’…
Спартсмен быццам прадбачыў — яго добры фізічны стан будзе запатрабаваны на вайне. Спачатку прызначылі ў Прыбалтыйскую ваенную акругу, у 44-ую вучэбную паветрана-дэсантную дывізію. Кароткі час “вучэбкі’’ — і вось ён ужо радавы 350-га асобнага парашутна-дэсантнага палка…

Трымаючы ў руках дарагі сэрцу блакітны берэт, можна прыгадваць аб многім. Кабул, Кандагар, Лашкаргах, асобны інжынерна-сапёрны батальён… Красамоўна, без слоў, сведчыць аб мужнасці земляка вышэйшая салдацкая ўзнагарода — медаль “За адвагу”.

Спорт

Пэўна, малітва мамы захавала сына. 30 год таму ён жывым і здаровым вярнуўся з вайны ў сваю вялікую краіну, якую пачалі захлістваць хвапі перабудовы. Але Сяргей не зважаў на палітыку — быў шчаслівы вяртаннем да любімай справы. Быццам і не было двух год вымушанага перапынку! Аднавіўшы добрую фізічную форму, зноў пачаў гуляць у пінскім “Машынабудаўніку’’. Пасля выступленняў на першынстве БССР былі паспяховыя матчы на чэмпіянаце СССР у складзе каманд “Дынама” — Брэст (другая ліга) і Мінск (вышэйшая ліга).

Год 1989-ты, пэўна, — самы плённы ў спартыўнай кар’еры Сяргея. Зразумела, актыўна ўдзельнічаючы ў гульнях, не быў застрахаваны ад рознага роду траўмаў. Адна з іх вымусіла спыніць футбол…

Сучасны спартыўны часопіс, дэвіз якога — “Усё жыццё — барацьба”, летась прысвяціў нашаму земляку вялікі фотанарыс пад загалоўкам “Ніхто, акрамя нас”. Прыводзіцца ў ім і выказванне заслужанага трэнера СССР, славутага Эдуарда Малафеева аб Сяргеі Дамашэвічы: “Колькі таленту! Такія дадзеныя! I такі лёс…

Ён выконваў добры аб’ём работы. I ў паўабароне мог сыграць, і нападаючым. I мячом добра валодаў… Ён вельмі добры футбаліст быў, бацькі заклалі ў яго добрыя кандыцыі: і антрапамятрычныя, і мышачныя, і іншыя. У гэтых адносінах ён быў вельмі адораны хлопец. Яго трэба было толькі аграніць, гэта значыць, запусціць тыя механізмы, якія садзейнічаюць росту хуткасна-сілавога рэжыму, хуткаснай трываласці, яго моц прывесці ў норму… I на тых зборах ён так цудоўна выглядаў! Мы выступалі на турніры ў Германіі, і на яго пачалі ўжо звяртаць увагу нават замежныя каманды… А мы пераехалі ў Францыю на збор, і там усё здарылася. Трэніраваліся… Ён на мяч наступіў, а тут слупок бетонны тырчаў, і ён у тэты слупок усёй вагой… Аперацыю быццам нармальна зрабілі. Але пасля ён ужо на такім узроўні не зайграў…”.

Яшчэ 10 год лунінецкая спартыўная грамадскасць захоплена сачыла за выступлениям! свайго прадстаўніка ў чэмпіянатах Беларусі. За гонар гуляць з ім лічылі футбалісты шэрагу каманд, у тым ліку і вышэйшай лігі: магілёўскі “Днепр” (1991-1993), пінскі “Камунальнік” (1994-1997), мінскае “Тарпеда”, гродзенскі “Нёман” (1998)! Мае і вопыт гульні ў замежных клубах — рыжскім “Даўгава” (Латвія) і хельсінскім ХІКу (Фінляндыя).

Жыццё

Як часта сустракаем людзей, якія адступаюць перад жыццёвымі выпрабаваннямі (у тым ліку — і пасля “Афгана”), імкнуцца “ўтапіць у гарэлцы” сваю бязвольнасць і нават шукаюць спагадлівага разумення навакольных… Хлопцы ўсіх часоў, хочаце стаць сапраўднымі мужчынамі — бярыце прыклад з Сяргея Дамашэвіча! Яго моц духу не дазваляе нават кароткай слабасці. Ва ўсім прывык спадзявацца на сябе, больш таго — быць першым.

— Пры чым тут разгубленасць? — пытаннем на маё — аб адчуваннях пасля лячэння — адказвае суразмоўнік. — Перш-наперш, былі думкі аб тым, як хутчэй аднавіць спартыўную форму. Тым больш, што ажаніўся, трэба было ўтрымліваць сям’ю.

Пасля чарговай траўмы, калі асэнсаваў, што не зможа выходзіць на поле, працаваў адміністратарам у клубе “Пінск-900”. З цягам часу пачаліся праблемы з суставамі. Але І тут не здаваўся — працягваў паводзіць сябе так, каб заставацца аўтарытэтам для дзяцей, клапаціцца пра бацькоў.

На жаль, Уладзіміра Мікалаевіча, былога прараба ПМК-47, пахавалі ў 2001-ым. Летась бязлітасная хвароба спыніла жыццё старэйшага на 5 год брата Уладзіміра, які ў Мінску працаваў на чыгунцы…

Штомесяц Сяргей наведвае маму. Былой выхавальніцы чыгуначнага дзіцячага садка Лідзіі Дані-лаўне сёлета споўніцца 80. Яна жыве гэтымі прыездамі сына, адлюстраваннем радасцей унукаў.

Сяргей Уладзіміравіч, памінаючы родных, абавязкова прыгадвае сваіх школьных настаўнікаў, якія таксама завяршылі зямны шлях. Гэта Вячаслаў Рыгоравіч Басюк, Уладзімір Васільевіч Арлоўцаў, Соф’я Зіноўеўна Онгейберг, Уладзімір Аляксандравіч Тарасевіч, Іван Данілавіч Захарэвіч… Сустракаючыся на вуліцы ў Лунінцы, заўсёды рады вітаць з пажаданнем доўгага веку сваіх дарагіх педагогаў, у ліку якіх Лідзія Уладзіміраўна Барадзінская, Соф’я Міхайлаўна Гуз, Аляксандра Георгіеўна Кулага, Павел Уладзіміравіч Кунда.

У СШ №3 таксама шануюць выпускніка-1982 — майстра спорту СССР па футболе. Цяпер адзін з вучняў рыхтуе даследаванне пра спартсмена, каб пазнаёміць новае пакаленне юных лунінчан з вядомым земляком.

Яго сыны выбралі шлях, не звязаны са спортам. Уладзіслаў — студэнт БДУІР, Аляксей — 6-класнік адной з пінскіх школ. Для іх жа бацькі футбол па-ранейшаму займае першае месца ў жыцці. Таму і пацікавілася ў Сяргея Уладзіміравіча, ці запатрабаваны яго спартыўны вопыт? I пачула ўпэўнены абгрунтаваны адказ:

— Дзяцей трэба вучыць гуляць у футбол з трох год, як робіцца ў самых паспяховых у гэтым відзе спорту краінах. Нарэшце і ў нас прыходзяць да ўсведамлення гэтай высновы. У Мінску сталі набіраць у секцыі не з 10-ці, як звычайна, а з 6-ці год. Цяпер у Пінску пабудавалі тры новыя стадыёны. Хутка адкрываецца Акадэмія Футбола. Мяне запрасілі трэнерам…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть