Присяга

Магіле дзеда пакланіўся ўнук

галецРадавы зараджальшчык 1079 стралковага палка 312 стралковай дывізіі Віктар Данілавіч ГЕЛЕЦ загінуў 31 студзеня 1945 года пры вызваленні Польшчы. Яму было толькі 24 гады…
Старэйшаму сыну Міхаілу цяпер у тры разы больш. Ён не памятае бацьку. Маці расказвала, што ў сям’і было шмат фотаздымкаў, але ў 1943-ім ускраек Вулькі 1, па-мясцоваму Калюга, спалілі фашысты. Хтосьці данёс, што многія гаспадары пякуць хлеб партызанам, вось немцы і адпомсцілі. Ворагі стралялі толькі ў тых, хто імкнуўся бегчы і знайсці выратаванне ў бліжэйшым лесе. Астатнім было загадана стаяць і глядзець, як у полымі знішчаецца твой дом. З таго часу самай жудаснай зброяй жыхары Вулькі 1 лічылі агнямёты…
На адзіным групавым фота сярэдзіны 1930-ых, дзе адлюстравана вясковая пажарная каманда, невысокі хлопец выглядае з-за вялікай бочкі. Пэўна, марыў пасталець і стаць у рады вартавых агню? Пра гэта ўжо не зведаць.
– Хаця было ў бацькі захапленне – рыбалка, – усміхаецца Міхаіл Віктаравіч. – Адзін яго трафей з Бобрыка як цяпер памятаю. Вялікага шчупака кінулі ў начоўкі. Мяне зацікавіла пашча рыбіны. Сунуў палец… і як закрычу! Рука ў крыві, перапалоханая маці абвязвае рану беленькай анучкай. Бацьку не помню, а гэты эпі-зод – бы ўчора быў…
Пасля вызвалення бацька пайшоў на фронт, а маці, цяжарная, абаснавалася ў доме родных свёкра пад яго апекай. Калі прынеслі “пахаванку”, малодшыя 5-ці і 3-гадовыя Міша і Косця не зразумелі, чаму так адчайна плача матуля. Яе гора, пэўна, адчула дачка-немаўля, якая паявілася на свет зімой 1945-га. Быццам у імкненні зберагчы сілы мамы, малышка праз месяц памерла…
– Далей было ўсё, як ва ўсіх. Галадалі, працавалі, гуляліся са снарадамі, якімі былі ўсыпаны палеткі, толькі вечарам пад мамінай папругай асэнсаваўшы небяспеку.
Закончыўшы мясцовую сямігодку, у Лунінскай СШ атрымаў сярэднюю адукацыю (аказваецца, платную ў той час). Потым былі Пінскае вучылішча механізацыі і тры гады службы ў арміі – у Літве. Вярнуўшыся дамоў, уладкаваўся вадзіцелем у калгас “Авангард”. Адначасова паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. З гаспадаркай звязаў усё працоўнае жыццё, займаючы розныя пасады. Да любой справы ставіўся адказна і прафесійна, што і засведчана медалём “За працоўную доблесць” у 1970-ым. Выбіраўся і старшынёй прафкама…
– Дарэчы, звольніцца па ўласным жаданні мне “дапамагла” газета, – жартуе Міхаіл Віктаравіч. – Быў камуністам, а ў тыя атэістычныя часы вельмі сачылі за “свабодай сумлення”. У канцы 1970-ых трэба было па-хрысціць пляменніцу. У Вульцы 1 царкву разбурылі – звярнуўся да лунінецкага свяшчэнніка. Таінства адбывалася ў яго на даму. Была там не толькі наша сям’я, але “пільныя” заўважылі толькі мяне і далажылі. Аж у абласной “Заре” высмейвалі “адурманенага опіумам для народа” старшыню прафкама. Пасля публікацыі мяне і папрасілі “пайсці з мірам”…
Ён сумленна працягваў працаваць да 60-ці. Адразу выйсці на пенсію прымусіла хвароба жонкі, якой неабходны быў пастаянны догляд. На жаль, яе хутка не стала. Боль страты не пакідаў. Ад бяды выратавалі дзеці, якія з часам падарылі жаданых нашчадкаў. Цяпер у Міхаіла Віктаравіча іх восем – трое ўнучак і пяцёра ўнукаў.
– Працягваецца наша прозвішча, – радуецца вясковец. – Малодшы сын Васіль жыве ў Лунінцы, займаецца прадпрымальніцтвам. Гэта ён пакланіўся магіле дзеда ў мястэчку Вільда пад Познанню. А старэйшы асталяваўся ў роднай вёсцы. Названы ў гонар майго загі-нуўшага бацькі. Значыць, жыве Віктар Гелец у Вульцы 1…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть