Маладыя дрэўцы — у памяць аб загінуўшых земляках
Присяга

Маладыя дрэўцы — у памяць аб загінуўшых земляках

посадка деревьевЯк пакінуць след на зямлі? Кожны па-свойму імкнецца вырашыць гэта пытанне. Найлепшым метадам будзе добрая справа, зробленая на агульную карысць.

Дзеля будучых пакаленняў, якім наканавана прымнажаць багацце сваёй Радзімы і берагчы мір, у Лобчы ў невялікім скверы пасадзілі маладыя дрэўцы. Мерапрыемства прымеркавалі да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у якой палеская веска страцша многа сваіх землякоў.

Узялі ў рукі рыдлёўкі прадстаўнікі адразу некалькіх пакаленняў. Былыя вязні, якія найбольш пацярпелі ад акупацыі, паказалі прыклад юным аднавяскоўцам. Гаманлівым натоўпам далучыліся да справы вучні Лобчанскай яслі-сада базавай школы на чале з настаўнікамі і дырэктарам Міхаілам Ванюком.

Менавіта навучальная ўстанова, мясцовае сельгаспрадпрыемства і сельвыканкам выступілі арганізатарамі — паклапаціліся пра саджанцы, падрыхтавалі глебу, запрасілі прыняць удзел неабыякавых людзей. Старшыня Лунінскага сельскага Савета Аляксандр Якавец сказаў аб галоўным — нам і нашым дзецям трэба з гонарам працягваць справу на зямлі, адваяванай бацькамі і дзедамі. I пасадзіць дрэва — абавязак кожнага.

Дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Сяргей Карпец, які прысутнічаў на мерапрыемстве, нагадаў пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў, я кому зараз надаецца самая вялікая ўвага. I маладыя дрэўцы якраз дапасуюць, каб мясцовасць прыняла больш прыгожы і дагледжаны выгляд.

посадка деревьев 2Замільгалі рыдлёўкі ў руках, забразгалі вёдры з вадой для паліву — усе дружна ўзяліся за работу. У агульным памкненні прынялі ўдзел прадстаўнікі філіяла “Лобчанскае” на чале з Міхаілам Ільючыкам, работнікі культуры, а таксама многія іншыя мясцовыя жыхары.

Шчодры дожджык буйнымі кроплямі ўвільгатняў глебу, каб маладыя дрэўцы лепш прыжыліся на новым месцы. А можа гэта сімвалічнымі слязінкамі нябёсы аплаквалі тых, хто аддаў свае жыцці дзеля вызвалення ў страшнай вайне, забыць якую немагчыма і праз 70 год.

Гледзячы на руплівасць хлопчыкаў і дзяўчынак, падумалася — пройдзе яшчэ столькі ж часу, і тоненькія саджанцы ў новым скверы ператворацца ў магутныя кроны. Цяперашнія падлеткі прыйдуць сюды разам з унукамі і згадаюць, як у памяць аб загінуўшых продках яны пасадзілі свае першыя дрэвы.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть