Присяга

Меліяратар з баявымі ўзнагародамі

З кожным годам нас пакідае нехта з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, застаючыся жыць толькі ва ўспамінах. У маладых так мала часу, каб пазнаёміцца з людзьмі, чые лёсы апалены вайной. Такія сустрэчы заменяць многія ўрокі выхавання, бо менавіта ціхі расказ чалавека, які прайшоў праз вогненнае пекла, кранае за жывое, засцерагаючы ад нахабства, абыякавасці і грубасці. А былыя воіны непрыкметна жывуць сярод хатняй размеранасці, мужна змагаючыся з хваробамі, і ў гэтай вайне за сваё здароўе ім яшчэ цяжэй атрымаць перамогу, чым некалі на перадавой.

Павел ПАЖЫВІЛКА нарадзіўся ў 1925 годзе ў в. Сулавы ў Жабчынскім раёне, які пасля рэфармавання стаў часткамі Пінскага і Іванаўскага. Гэта маляўнічыя мясціны гонкага сасновага бору і духмяных траў. Хлапчук добра зведаў усе куточкі роднага краю, калі за пяць кіламетраў дабіраўся ў польскую школу. Навука давалася лёгка, таму ў 14 год паехаў на таварным цягніку ў райцэнтр паступаць у педвучылішча. Але правучыўшыся некалькі месяцаў, вярнуўся дадому і назад у школу, бо не было грошай плаціць за жыллё. Бацькі жылі бедна, маючы толькі вузенькую палоску зямлі. Навокал былі балоты. Гэта пазней, дзякуючы меліярацыі, людзі адваююць у іх пладародныя землі. Маленькі Паўлік тады яшчэ не ведаў, што менавіта ён прыкладзе для гэтага ўсе свае сілы.
А пакуль, хай беднае, але бязвоблачнае дзяцінства, мары пра лепшую долю, звычайная сялянская праца. Як выдатніку, яму давалі накіраванне ў ваеннае вучы-лішча ў Варшаве. Але ў Польшчы на той час ужо было неспакойна, і бацька пабаяўся адпусціць хлопца ў далёкі свет, дзе пахла ўжо гарматным дымам. Неўзабаве гукі кананады і варожай бамбёжкі дакаціліся да Палесся…
Ад рук паліцаяў у 1942-ім загінуў бацька. Па дарозе на Пінск яго перастрэла група здраднікаў. На нявінным чалавеку не засталося жывога месца ад удараў штыкоў… Горкая страта заставіла Паўла ўзяцца за плуг і касу, каб дапамагчы выжыць матулі і брату. Давялося нацярпецца ад голаду за ўсе ваенныя гады.
З прыходам вызвалення стала лягчэй, але паклікалі франтавыя дарогі. З іх вёсачкі праганяць ворага пайшла мужчынская палавіна, акрамя дзяцей і старых. Вярнуліся не ўсе…
У Пінску – кароткія зборы, і цягнікі рушылі на Брэст. За Бугам, добра ведаючы польскую мову, хлопец часта размаўляў з мясцовымі жыхарамі. Палякі паважалі савецкіх салдат і чакалі хутчэйшага заканчэння вайны. У запасным палку Павел прайшоў курсы снайпераў. Вінтоўка з аптычным прыцэлам у яго руках стала звычнай зброяй. Трапнасць стрэлу не выклікала сумненняў, сярод групы заняў першае месца. Побач быў фронт, грукаталі гарматы, а яны два месяцы вялі падрыхтоўку да баявых дзеянняў. Маладыя гарачыя байцы рваліся ў бой, з нецярпеннем чакалі наступлення. Аднойчы з сябрам-украінцам ціхенька заспявалі, каб раза-гнаць трывогу і сум:
“Ой, хмэлю, мой хмэлю…”
Пачуў камандзір, і праз пару дзён палескі юнак стаў запявалам. Спачатку было ніякавата – побач бой, а тут – песня. Але як узнімала яна баявы дух, па 400 чалавек ішло ў страі пад гукі знаёмага маршу!
Сапраўдная вайна сустрэ-
ла Паўла моцнай кантузі-
яй. Пасля бамбёжкі з трох бакоў вакол сябе ўбачыў свежыя варонкі… Нібы здзекуючыся, смерць хадзіла зусім побач. Потым было лёгкае раненне, але яно выбіла са строю ненадоўга. Маленькімі крокамі рухаліся наперад. Часам было вельмі цяжка. Наступаючы, мост праз Віслу пабудавалі за адну ноч…
Каля Одэра байцам паставілі адказную задачу. Варожы дзот спыніў наступленне нашых – многіх страцілі ў тым жудасным баі. Калі ўсё ж агнявая кропка змоўкла і прарваліся наперад, дарогу юнаку загарадзіла разрыўная куля. Ад глыбокай раны страціў многа крыві, быў без памяці. Сябар на сабе адцягнуў у бяспечнае месца. Падумаўшы што ён мёртвы, пацалаваў на развітанне і пабег у атаку.
Тады смерць зноў пралічылася – Паўла хутка заўважылі і адвезлі ў шпіталь. Аперацыя, замест наркозу – вядомыя сто грамаў… Быў на мяжы, урачы не верылі, што выжыве. А ён справіўся, адкрыў вочы. Лячыцца давялося доўга. Дзень Перамогі сустрэў на бальнічным ложку. Ніколі больш не стаў у ваенны строй, бо раненне было вельмі цяжкім.
Але ў Берлін усё ж трапіў пасля шпіталю, шукаючы свой полк. У грудзях замірала ад велічнасці подзвігу савецкіх салдат. Родны сцяг над будынкам Рэйхстага, здаецца, зменшыў боль ад свежай раны, трымцела ў сэрцы ад гонару за нашу Перамогу!
Вярнуўся дадому, скончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Паўлу Несцеравічу пашчасціла стаяць ля вытокаў асушэння балот сваёй малой Радзімы. Не хапала тэхнікі, і людзі шлі на суботнікі з рыдлёўкамі ў руках. Збіраліся па 800 чалавек. А здольнасці арганізатара і ўмелага кіраўніка паступова вялі інжынера-гідратэхніка да новых працоўных вяршыняў.
Неўзабаве накіравалі на Лунінеччыну, дзе пачыналася вялікая меліярацыя. Пра той час пісалі газеты, аб іх поспехах грымела радыё, дасягненні ў гэтай галіне адзначаны ордэнамі і медалямі. Асушаныя землі давалі вельмі высокія ўра-джаі, паднімаючы ўзровень жыцця людзей. Пасады змяняліся адна за другой. Начальнікам міжраённага меліярацыйнага ўпраўлення асушальных і арашальных сістэм П.Н. Пажывілка стаў хутка. Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства расло, стаўшы адным з лепшых не толькі ў рэспубліцы. Тройчы быў удастоены гонару паехаць у Маскву, на ВДНГ. Атрымаў там дыплом 1 ступені. Гэта было на той час найвялікшае дасягненне. Ордэны “Знак Пашаны” і “Працоўнага Чырвонага Сцяга” яшчэ раз пацвердзілі стараннасць і працавітасць умелага спецыяліста і доблеснага воіна. Медалі “За перамогу над Германіяй”, “За вызваленне Варшавы”, “За адвагу” і ордэн Айчыннай вайны 1 ступені беражліва захоўваюцца ў ветэрана.
Але Павел Несцеравіч жыў
не толькі працай. Ён
спазнаў вялікае каханне ў сваім жыцці. Магчыма, менавіта цеплыня пачуццяў, давер і разуменне блізкага чалавека дапамаглі многага дасягнуць у працы. Яшчэ ў 1950-ым сустрэў у роднай вёсачцы маладую настаўніцу Валянціну Іосіфаўну. Дзяўчына прыехала са Слуцка пасля педвучылішча. Яны паважалі адзін аднаго, падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны. Потым разам прыехалі ў Лунінец, дзе жонка стала настаўнічаць у школе №1. Даючы маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам першыя пазнанні навакольнага свету, дарыла кожнаму з іх і кропельку сваёй душы. Менавіта яна трымала некалі маленькія далонькі многіх юных першакласнікаў, якія потым праславілі родны край дасягненнямі ў розных прафесіях.
У атмасферы шчырасці і дабрыні выраслі дзве дачкі. Святлана – урач-педыятр, жыла ў Брэсце, цяпер даглядае тату. Таццяна – настаўніца, па волі лёсу апынулася на Случчыне, малой мамінай Радзіме. Наогул, многія з радні прысвяцілі сябе менавіта педага-гічнай працы.
Даўно раз’ехаліся дзеці, падраслі ўнукі, узрост часцей стаў нагадваць пра хваробы. Ужо 7 год, як не стала Валянціны Іосіфаўны. Балючая страта асіраціла іх усіх…
Застацца без дарагой жанчыны было найвялікшай бядой для адзінокага чалавека. Гады паціху бралі сваё. Кожны дзень сумныя думкі адольвалі з новай сілай. Праблемы з сэрцам патрабавалі быць напагатове днём і ноччу, каб даць хвораму неабходныя лекі. Пакідаць надоўга яго аднаго стала рызыкоўна, таму, адклаўшы ўбок усе асабістыя справы, Святлана пераехала ў Лунінец.
Дарэчы, нарадзіўся Павел Несцеравіч 8 сакавіка. Цудоўна, бо вясновае свята адзначалі ў іх сям’і не толькі жанчыны, а ўсе разам. Хто ў гэты дзень гатаваў ежу, каму першаму ўручаліся падарункі – цяпер самыя светлыя ўспаміны з мінулага. Даўно мае слабы зрок, у апошні час пагоршыўся слых, але памяць у 89-гадовага ветэрана выдатная, на зайздрасць маладым. Прыгожая мова, адукаванасць і адкрытасць сапраўды зачароўваюць, і яго аповяд пра мінулае можна слухаць бясконца…
Бягуць гады, змяняюцца пакаленні і тыя дасягненні, для якіх было прыкладзена столькі сіл і намаганняў паступова становяцца толькі гісторыяй. Краіна славіць новых герояў, але нам трэба ўсёй душой захоўваць цеплыню і павагу пра тых, хто не шкадуючы сябе, дбаў пра бяспеку і дабрабыт у недалёкім мінулым. Іх спакойная старасць, шчырая падтрымка – на сумленні нас, маладзейшых. І хай іх добрыя вочы свецяцца радасцю ад паўсядзённага клопату і пашаны!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть