Набыткі і страты доўгага  веку
Присяга

Набыткі і страты доўгага  веку

Людзі, якія сёлета сустракаюць 90-гадовы юбілей, пасталелі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але многія з іх, нягледзячы на юны ўзрост, паспелі ўнесці свой пасільны ўклад у барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Дзяржава памятае пра гэта і бязмежна дзякуе былым падлеткам за стваральную працу ці баявыя заслугі. За тое, што яны забывалі пра гульні і бесклапотнасць, а нароўні з дарослымі неслі на слабых плячах усе цяжкасці суровага часу.

На долю лунінчаніна Сцяпана КРУГАЎЦА выпалі якраз такія нягоды. Нарадзіўся 12 лютага 1927 года. Сёлета юбіляра віншавалі дзеці, унукі і праўнукі. Ад раённага савета ветэранаў прачулыя словы гучалі з вуснаў Надзеі Лазіцкай і Паўла Дабрынца. Старажыл сціпла ўсміхаўся ад увагі, а ў памяці маланкай праносіліся падзеі далёкага мінулага…

Іх вялікая сям’я асталявалася ў Язвінках, жылі бедна. Сцёпка, як мог, дапамагаў дарослым: нарыхтоўваў сена і апрацоўваў зямлю, пасвіў коней і кароў. Хадзіў у польскую школу, крыху – у савецкую. Пазней навучыўся валодаць зброяй і быў залічаны ў батальён, які ажыццяўляў ахову важных аб’ектаў на Лунінеччыне. Неўзабаве юнака прызвалі ў армію. Служыў 4 гады. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся дадому да знаёмых клопатаў і задумаўся пра стварэнне сям’і.

Сустрэча з лунінчанкай Надзеяй Булгакавай стала пачаткам новага этапа ў жыцці. Яе родныя пераехалі з Расійскай Федэрацыі. На Палессі прадстаўнікі старэйшага пакалення апынуліся дзякуючы чыгунцы, дзе працаваў бацька.

Шлюб заключылі ў 1953-ім, выгадавалі 3 сыны і дачку. Паспявалі быць не толькі адказнымі і любячымі татам і мамай, годна спраўляліся з рабочымі абавязкамі. Надзея Георгіеўна атрымала спецыяльнасць бухгалтара ў Столінскай школе паляводаў і рахункаводаў. Рабочыя будні прысвячала чыгунцы, працягваючы дынастыю. Сцяпан Іванавіч працаваў інкасатарам у ашчадбанку, меў пасведчанне малодшага саветніка фінансавай службы трэцяга рангу.

У 1954-ым выйшаў загад пра ўздым і механізацыю сельскай гаспадаркі. Як камсамольца, маладога і адказнага работніка, накіравалі ў Пінск вучыцца на трактарыста. Хутка асвоіў новыя веды, смела ўзяўся за руль. Па спецыяльнасці ўладкаваўся ў тагачасную МТС. Першая тэхніка была на жалезных колах, мала чым нагадвала сучасную – камфортную і хуткую. Пазней з удасканаленнем механізацыі перасядаў на іншыя трактары і агрэгаты ў мясцовым калгасе “Авангард”, зведаў усе тонкасці ў іх рабоце.

Заўсёды дасягаў выдатных вынікаў, аб чым сведчаць запісы ў працоўнай кніжцы: “Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, тройчы станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, мае адзнакі “За доблесную працу” і “Ударнік пяцігодкі”. Партрэт перадавіка ўпрыгожваў раённую Дошку Гонару. З баявых узнагарод у сямейным ар-хіве захоўваецца медаль “За Перамогу над Германіяй”.

Працяглы час паспеў папрацаваць брыгадзірам трактарнай брыгады і майстрам-наладчыкам. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак некалькі год быў качагарам, бо цяжка адразу адчуць сябе незапатрабаваным. Далей жыццё напоўнілася спакоем ціхай старасці ўдваіх з адзінай выбранніцай. Адзначылі ў коле блізкіх 60-годдзе шлюбу. На жаль, на гэтым летапіс сямейнага шчасця закончыўся – у 2014-ым Надзеі Георгіеўны не стала…

Свой важны юбілей Сцяпан Іванавіч сустрэў разам з нашчадкамі. Сын Сяргей жыве ў Ніжнім Ноўгарадзе, былы ваенны. Дачка Ніна – лунінчанка, інжынер па адукацыі, узначальвала вытворчы аддзел ЖКГ, зараз на пенсіі. Мікалай і Уладзімір таксама асталяваліся ў райцэнтры, працуюць у фірме, якая займаецца рэалізацыяй металапракату. У дзедавым доме часта бываюць 9 унукаў і 8 праўнукаў.

Пабудова ўзведзена ў маладосці Сцяпана Іванавіча, але сустракае цяплом, дагле-джанасцю і ўтульнасцю. Тут выраслі дзеці, адсюль ішлі яны ў самастойную дарогу. Мноства фотаздымкаў адлюстроўваюць гісторыю доўгага веку, які закранае ваенны перыяд, савецкі час і сучаснасць. Чорна-белыя выявы з мінулага размясціліся побач з каляровымі, быццам, яшчэ раз дапамагаючы ўпэўніцца, што сённяшняе жыццё больш светлае і радаснае, чым тая цяжкая барацьба за свабоду і незалежнасць, якая выпала на юнацтва Сцяпана Іванавіча. Доўгажыхар з лёгкай зайздрасцю пазірае на сучаснікаў і параў-ноўвае іх сталенне пад мірным сонцам са сваім – горкім, галодным, пакутлівым. Жывы сведка вайны заклікае нас з усіх сіл берагчы чыстае неба над галавой.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть