Присяга

«Не плачце, ён у вас – герой…»

Менавіта такія словы чулі матулі, калі ў іх дамы прыходзілі з весткай, што іх сыны вярнуліся на радзіму з “афганскай” вайны ў цынкавых трунах. “Навошта мне герой? Мне сын патрэбны!” – часцей за ўсё можна было пачуць у адказ ад жанчын, чые боль і смутак не згасаюць па сённяшні дзень…

3

Штогод напярэдадні гадавіны дня вываду савецкіх войск з Афганістана актывісты раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” разам з прадстаўнікамі ўлады, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і раённай газеты “Лунінецкія навіны” з падарункамі наведваюць матуль і бацькоў, чые сыны загінулі, выконваючы свой воінскі абавязак.

– Навошта я яшчэ жыву? – літаральна з парога задае пытанне Вера Рыгораўна Юрко, якая летась адзначыла 85-годдзе. – Майго ж Сярожкі так даўно няма…

Жанчына прысела каля акна і стала прыгадваць той сумны дзень, калі ў Велуту даставілі “груз 200”. Перажыць гора дапамаглі дзеці. Акрамя Сяргея, у сям’і Юрко іх 7. А яшчэ стымулам да жыцця з’яўляюцца 16 унукаў і 13 праўнукаў.

– Трэба ж, Бог даў, што з 13 праўнукаў – 12 хлопчыкаў, – працягвае размову Вера Рыгораўна. – У мяне ўсё добра, дзеці не пакідаюць без увагі…

7

 

19 красавіка 1984 года страшная вестка аб смерці сына Віктара прыйшла ў дом сям’і Канапацкіх. У Дзятлавічах аб ім дагэтуль памятаюць, яго памяці прысвечаны турнір па настольным тэнісе, які штогод праводзіцца ў мясцовай школе.

– Пасля смерці Віктара наш сын Мікалай кожны дзень наведваў могілкі, дзе праводзіў па некалькі гадзін, – прыгадвае Валянціна Іванаўна. – Але аднойчы яму пры-сніўся сон, у якім брат загадаў не прыходзіць больш. Толькі тады Мікалай супакоіўся і перастаў употайкі бегаць да магілы…

 

6

У Дварцы на вуліцы, якая носіць імя загінуўшага ў 1988 годзе ў Афганістане Анатоля Коўшыка, жыве яго матуля Алена Антонаўна. У сілу свайго ўзросту, а ёй зараз ідзе 87-мы год, жанчына амаль нічога не чуе. Побач з ёй жывуць дочкі, якія акружылі клопатам і пяшчотай.

– Толік быў самым малодшым у сям’і, – расказвае сястра загінуўшага Марыя, якая не так даўно пераехала на Лунінеччыну з Запарожскай вобласці (Украіна). – Ён быў любімчыкам нашым, добра вучыўся ў школе. Я прасіла яго, каб ён паступаў у ВНУ у Днепрапятроўску. Толік не хацеў ад’язджаць далёка ад дому, таму падаў дакументы ў тагачасны Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але не прайшоў па конкурсе, балаў не хапіла. Хутка прызвалі ў армію…

5

 

Вера Дзмітрыеўна Мацкевіч з Ракітна не дачакалася свайго сына Міхаіла, які загінуў у 1981-ым на афганскай зямлі.

– На жаль, 16 год таму не стала і майго мужа. Калісьці ў нас была заможная гаспадарка, аб чым наведваюць пабудовы на прысядзібным участку. Зараз гэта ў мінулым. Вось толькі кот Рыжык і застаўся. У мяне 3 дачкі і сын. Жывуць яны асобна, але не забываюць, клапоцяцца пра мяне. А вось мая сястра Праскоўя Дзмітрыеўна Калянковіч ніколі не мела сям’і і дзяцей. Яна з 1929 года, ёй догляд патрэбны. Мая ўнучка хацела да яе прапісацца, каб жыць побач і дапамагаць, дык у сельсавеце адмовілі. Дапамажыце, калі ласка.

Тут жа просьбу Веры Дзмітрыеўны ўзяў на заўвагу загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Молчан і паабяцаў разабрацца.

4

 

Беражліва захоўвае памяць аб загінуўшым сыне Паўлу Іван Паўлавіч Кавалевіч, які жыве ў Дрэбску:

– Бачыце, які відны і дужы юнак, – працягвае фотаздымак бацька. – Добры хлопец быў, на ўсе рукі майстар, не баяўся ніякай работы. Шахцёрам працаваў у пасёлку Залатое…

Магчыма, яму тата змог бы перадаць свае здольнасці разьбара па дрэве і ў пляценні кошыкаў. Але лёс распарадзіўся інакш.

 

3

 

Не пашкадаваў лёс і Ніну Данілаўну Захарчук з Чэрабасава. Яна не толькі засталася ўдавой, але пахавала 4 дзяцей, у тым ліку Мікалая, які загінуў у далёкім Афгане… Адкуль толькі сілы бяруцца, яна і сама не ведае. Па некалькі разоў на год праходзіць курс лячэння ў бальніцы. А тут яшчэ візіт інспектара РАНС, які пагражаў 6-мільённым (недэнамінаваных рублёў) штрафам за праведзеную пад шпалерамі праводку, амаль не прывёў да страты прытомнасці. Супрацоўнікі РАНС сапраўды павінны клапаціцца пра бяспеку пажылых людзей, але рабіць гэта больш карэктна, з павагай да ўзросту. Дагэтуль жанчына вельмі перажывае і знаходзіцца ў стрэсавым стане. Яе сын прыязджаў з Мінска, зрабіў усё, што патрабаваў інспектар…

2

 

Жыхарку Сітніцы Марыю Аляксандраўну Трухановіч засталі за любімым заняткам – вязаннем. Жыве яна разам з сынам Іванам, а аб Аляксандру нагадваюць толькі фотаздымкі на сцяне.

– Як там нашы, ці ўсе жывыя? – спытала жанчына пра матуль “афганцаў” у прадстаўніка ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандра Рамановіча.

– Трымаюцца, – коратка па-ваеннаму адказаў Аляксандр Васільевіч. – Прыемна ўсведамляць, што ўсе вы дагэтуль ціка-віцеся адна адной і падтрымліваеце сувязь.

1

 

 

Як заўсёды, ветліва і гасцінна сустракала нас Аляксандра Барысаўна Зайчанка. І хаця ёй было не да гасцей з-за хваробы мужа Уладзіміра Паўлавіча, яна знайшла час для зносін. Матулі загінуўшага радавога Аляксандра Зайчанкі было цікава даведацца, што ў Мікашэвічах плануюць устанавіць помнік воінам-афганцам у лесапаркавай зоне каля гарадской бальніцы.

 

 

 

У гэты дзень Аляксандр Рамановіч і Сяргей Молчан казалі словы падзякі бацькам за тое, што яны выхавалі сапраўдных патрыётаў, якія выканалі свой абавязак перад Радзімай. Жадалі здароўя, дабрабыту і цярпення.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть