«Никогда не придет он домой, ничего не успеет доделать…»
Присяга

«Никогда не придет он домой, ничего не успеет доделать…»

Разгалістыя ліпы каля Дварэцкай яслі-сад-СШ многія дзесяцігоддзі хаваюць у сваёй засені мары мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, з’яўляюцца маўклівымі сведкамі іх сталення. Міма іх бегаў некалі са школьным ранцам на плячах і Анатоль Коўшык – звычайны падлетак, які марыў стаць інжынерам. Ды лёс распарадзіўся іначай. Цяпер ён пазірае на сваіх аднавяскоўцаў з мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на ўваходзе ў родную навучальную ўстанову… Вялікі гранітны помнік на мясцовых могілках палохае надпісам дат яго нараджэння і смерці, паміж якімі да болю кароткі прамежак – (1968-1988гг.). 
Хаця ў памяці блізкіх Анатоль навечна застаўся яшчэ маладзейшым, 18-гадовым. У такім узросце прызвалі на вайсковую службу, у час праходжання якой ён загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Да дэмабілізацыі заставалася некалькі месяцаў, ішоў вывад войск з баявой кропкі ваюючай краіны. Таму жыло спадзяванне, што самае рызыкоўнае ўжо мінула. Але цёплы летні дзень 14 чэрвеня стаў апошнім для чатырох салдат: дваіх расіян і дваіх беларусаў – з Гомельшчыны і Лунінеччыны…
Менавіта ў гэтую сумную дату ўшанаваць памяць баявога таварыша заўсёды збіраюцца саслужыўцы, сябры, родныя, прадстаўнікі мясцовай улады і раённых грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, “Беларускі саюз афіцэраў” і “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы”. Сёлета споўнілася 30 год, як у Дварэц прыляцела страшная вестка аб непапраўным…


Мітынг прайшоў у школьным двары. Пад тымі самымі ліпамі, якія якраз расцвілі і дарылі непаўторны водар. У жалобным маўчанні схілілі галовы равеснікі Анатоля Коўшыка, скроні якіх за гэты час паспелі пасівець. Побач з імі з засяроджаным выразам твараў застылі прадстаўнікі новага пакалення вяскоўцаў – цяперашнія вучні. Сярод іх маглі б стаяць дзеці і нават унукі загінуўшага салдата-пагранічніка, але ж лёс распарадзіўся інакш…
Страту сына не здолеў перажыць бацька Сцяпан Дзмітрыевіч – праз 7 год у адной агароджы паявілася другая магіла. Матуліна сэрца пакутуе і аплаквае смерць сына і мужа дагэтуль – Алене Антонаўне сёлета споўнілася 88 год. Вельмі сталы ўзрост не дазволіў ёй прыняць удзел у мерапрыемстве. Але на школьны двор прыйшлі сёстры Анатоля – Надзея і Марыя. Іх успаміны пра малодшага брата прасякнуты несціхаючым болем. Нашмат старэйшыя, яны пастаянна песцілі хлапчука. Ён і вырас у іх на руках. Любаваліся, якім стаў прыгожым і статным, марылі пра вяселле пасля дэмабілізацыі. Ды не збылося, не спраўдзілася… Ціхім паўшэптам яны згадваюць мінулае:
“На Толіных провадах у армію ішоў вельмі моцны дождж. Нібыта сама зямля плакала, прадчуваючы непапраўнае…”, “Калі Толя быў яшчэ школьнікам, маці дрэнны сон бачыла. Быццам у незнаёмым месцы шмат людской крыві. І яе кроў туды трапіла. Вось так і атрымалася…”, “Цэлы год са службы фотаздымкаў не прысылаў. Прасілі – хоць адзін, хоць маленькі, каб толькі пабачыць, якім стаў. Калі атрымалі нарэшце, то плакалі ўсе. А ён там – здаровы, вясёлы, пасталелы”, “Апошнія пісьмо і пасылка вярнуліся назад. Цукерак прасіў прыслаць, пячэння. І так было горка, а над тымі прысмакамі яшчэ мацней галасілі…”, “Ён пісаў, што знаходзіцца не ў Афганістане, а ў Туркменіі. Але мы адчувалі. Асабліва бацька – глядзеў на карту і ўздыхаў. Бо сам служыў, многае без слоў разумеў…”.
Горкі камяк падступае да горла былых саслужыўцаў, калі яны згадваюць пра таварыша, з якім разам ішлі праз ваенныя будні. Мадэрнізаваная дэсантна-штурмавая група атрымлівала няпростыя задачы, рызыка заўсёды была вялікай. Выжыць дапамагала вера ў лепшае, ды выратоўвала гэта не заўсёды… Пётр Бункевіч прыехаў пакланіцца помніку сябра са Светлагорскага раёна. Абняў сясцёр Толі, з якімі сустракаюцца кожныя пяць год – на юбілейныя сумныя даты. Развітаўшыся, разам з іншымі саслужыўцамі яны накіраваліся на другія могілкі, на Гомельшчыну. Павезлі з сабой прывітанне ад блізкіх аднаго загінуўшага бацькам другога. Людзі ўжывую ніколі не бачыліся, але агульная бяда парадніла.
Каля магілы Анатоля Коўшыка настаяцель храма в. Вічын Васіль Мартынаў прачытаў малітву. Пагранічнікі дакрануліся далонямі да высокага помніка, быццам да пляча свайго саслужыўца. Вянкі і букеты з адбіткам горычы і смутку ляглі на жоўты пясок, усе схілілі галовы ў хвіліне маўчання. Разыходзіліся з пачуццём шкадавання ад немагчымасці нешта паправіць і перайначыць. Далёка віднеліся надпісы белай фарбай на чорнай стужцы карзіны з кветкамі – “Баявому сябру – ад братоў па зброі”.

Марыя ЯРАХОВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть