Присяга

Паклон героям, адстаяўшым перамогу!

Па добрай традыцыі напярэдадні 9 Мая ў сем’ях ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з падарункамі пабывалі госці.

Першым дэлегацыю ў складзе старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Аксёнавай, ваенкома Уладзіміра Жука і галоўнага рэдактара “Лунінецкіх навін” Таццяны Вайцяхоўскай вітаў Ганаровы грама-дзянін Лунінецкага раёна П.А. Дабрынец. Нягледзячы на ўзрост, а ідзе яму 93-ці год, ветэран захаваў бадзёрасць духу і пазітыўнае стаўленне да жыцця. У кватэры на бачным месцы – невялікі фотакалаж, на якім адлюстраваны ўдзельнік партызанскага руху Павел Дабрынец у час ваеннага ліхалецця і сённяшні задуменны ветэран з пасівелымі скронямі. Гэта – падарунак выхаванцаў аднаго з мясцовых каледжаў, дзе Павел Акімавіч і сёння – часты госць. У гутарцы ён адзначыў, што заўсёды ахвотна сустракаецца з моладдзю, дзеліцца ўспамінамі, расказвае пра юнацтва, абпаленае вайной. Упэўнены, што такія сустрэчы і яму дапамагаюць адчуваць сябе ў страі, не паддавацца імкліваму часу, які не-не ды нагадае хваробай. Развітваючыся, ветэран з гумарам паабяцаў “яшчэ пазмагацца з імі”: адразу пасля свята яго чакаюць у ваенным шпіталі ў Бараўлянах.

Т.Р. Капралавай ідзе 87-мы год. Восень жыцця ўдзельніцы партызанскага руху сагрэта цяплом блізкіх. Кватэра ў старым доме мае ўтульны сучасны выгляд: гадоў колькі таму з яе рамонтам дапамаглі раённыя ўлады. Чалавек Таццяна Рыгораўна настойлівы, не хавае, што некалькі разоў з мэтай знайсці разуменне і падтрымку звярталася да Прэзідэнта.

– Вельмі ўдзячна Аляксандру Рыгоравічу, што не забывае ён пра ветэранаў. Дзякуй і раённым уладам за ўвагу,– гаворыць лунінчанка, прымаючы падарункі.

Час не дадае здароўя. Яшчэ летась жанчына самастойна выходзіла на плошчу ў Дзень Перамогі, сёлета таксама не адмовілася ад даўняй традыцыі – але ўжо з дапамогай інваліднага крэсла.

Не можа пахваліцца моцным здароўем і 87-гадовая ўдзельніца партызанскага руху Г.І. Жук. Яна не абыходзіцца без старонняй дапамогі, таму побач заўсёды хтосьці з блізкіх. У час візіту гасцей каля Ганны Ігнатаўны завіхалася дачка. Бачачы стан пажылой жанчыны, кіраўнік раёна адразу завёў гаворку пра магчымасць па-правіць здароўе ў санаторыі. Вядома – з дапамогай суправаджаючага. Прапанову жанчына сустрэла прыязна.

Скарыстаўшыся магчымасцю пагаварыць з гасцямі, паскардзілася на адсутнасць у старым доме выгод. А яшчэ – падзялілася ўспамінамі, сярод якіх самай горкай старонкай быў арышт бацькі – партызан-скага сувязнога. Моцна збітага, гітлераўцы вадзілі яго па хатах з прапановай назваць імя і прозвішча, але ніхто з суседзяў партызана не выдаў. Пазней яго расстралялі. У тую ж ноч сям’ю героя вывелі ў лес да партызанаў…

Чарговы Дзень Перамогі Г.П. Камандзіс сустракае сярод родных людзей. Яго дом на вуліцы Калініна ў райцэнтры, як і дамы іншых ветэранаў, пазначаны сімвалічнай шыльдай. Дагледжаны двор, утульнасць і парадак у пакоях – заслуга блізкіх. Нягледзячы на ўзрост, а 24 ліпеня Георгію Паўлавічу споўніцца 92 гады, ён задаволены, што зноў мае магчымасць радавацца пераможнаму маю, сустрэцца з братамі па зброі, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш. Развітваючыся з гасцямі, паабяцаў абавязкова паўдзельнічаць у святкаванні на плошчы імя Леніна. І слова сваё стрымаў. Няхай вёснаў яшчэ шмат будзе ў жыцці гэтага заслужанага чалавека!

М.М. Канапацкі – невысокі, сухенькі – уразіў А.М. Пачко моцным поціскам рукі. Нягледзячы на ўзрост, 89-гадовы Міхаіл Міхайлавіч застаецца рухавым і вельмі жыццелюбівым. Дагэтуль не прапускае ніводнага футбольнага матча з удзелам нашага клуба “Граніт”. Вось і напярэдадні пабываў на стадыёне “Палессе” і быў вельмі рады таму, што любімая камнада з разгромным лікам здолела вый-граць у “Смаргоні”. Упэўнена, калі б “гранітаўцы” ведалі, якія балельшчыкі іх пад-трымліваюць, гулялі б яшчэ больш вынікова! Свае захапленні ахвотна абмяркоў-ваў з гасцямі. Што да праблем, то з імі дапамагаюць спраўляцца блізкія людзі: у час наведвання ветэрана нас сустракаў яго сын Генадзь, які працягвае бацькоўскую дынастыю на чыгунцы.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч напярэдадні свята пабываў у Бастынскім сельсавеце, дзе пераможную вясну сустракаюць удзельнік партызанскага руху К.В. Арабей і франтавік М.Л. Клімчук.

Спачатку – кірунак на падворак былога партызана. Канстанціну Васільевічу ў пэўным сэнсе пашанцавала: старасць дзеліць разам з жонкай Надзеяй Аляксандраўнай. Дом на ўскраіне Бастыні – былы хутар Варанёўка – сёння радуецца не толькі дачцэ і сыну, але і чатыром унукам і шасці праўнукам. Сталы ўзрост не становіцца перашкодай у сялянскіх клопатах: дагэтуль сям’я атрымлівае надзел у полі, апрацоўваць які дапамагаюць родныя. Прымаючы віншаванні і падарункі, старыя прасілі ў Бога аднаго – каб захаваў мір для нашчадкаў.

На адной з дзвюх жылых сядзіб хутара Княжыставічы кіраўніка дэпутацкага корпусу раёна В.А. Рафаловіча і старшыню Бастынскага сельвыканкама Ф.М. Рашэцкага чакаў М.Л. Клімчук. Недахоп чалавечых зносін не лепшым чынам уплывае на настрой Міхаіла Лаўрэнцьевіча, якому ідзе 91-шы год. Ён з сумам адзначае, што жыццё прайшло, што 11 год без гаспадыні таксама не дадаюць радасці.

– Мабыць, і мне пара збірацца ў апошнюю дарогу, – з сумам зазначае ветэран. Стараемся разважыць яго роспытам пра родных – у мнагадзетнай сям’і выгадаваліся шасцёра дзяцей. Твар суразмоўцы святлее. Атрымаўшы запрашэнне на свята, ён няпэўна абяцае, што калі будуць на тое сілы і Божая воля, абавязкова пабывае на цэнтральнай сядзібе. Кіраўнік мясцовай вертыкалі абяцае пасадзейнічаць з транспартам.

Пра падарункі для ветэранаў вайны Бастынскага сельсавета паклапаціліся індывідуальныя прадпрымальнікі Т.Р. Ільіч і А.В. Дырман.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.Л. Невар разам са старшынёй прафкама цэнтральнай раённай бальніцы Н.М. Рагажынскай напярэдадні Дня Перамогі пабывалі ў У.К. Янцэвіча. Уладзіміра Канстанцінавіча ў Любані і навакольных вёсках ведаюць і паважаюць. Прычым, не толькі як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, але і як чалавека, які ў любы час прывык прыходзіць на дапамогу. Усё жыццё ён адпрацаваў фельчарам, дзелячы з землякамі іх радасці і турботы. Мабыць, за дабрыню і спагаду паслаў лёс гэтаму чалавеку прыгожае і змястоўнае жыццё. Сустракаючы чарговую пераможную вясну, 86-гадовы Уладзімір Канстанцінавіч вельмі шчыра, як умеюць толькі тыя, хто спазнаў вайну, гаворыць пра спакой на зямлі Айчыны і тое, як важна яго мацаваць і берагчы.

 

Надзяваюць ветэраны медалі

У гэтыя святочныя дні шчырыя словы падзякі за мірнае, незалежнае існаванне і віншаванні з Днём Перамогі прымалі  ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Мікашэвічах.

Сстаршыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Людміле Казадаевай, галоўнаму спецыялісту райкама БРСМ Алене Кавалёнак і прадстаўнікам мясцовай выканаўчай улады шмат цікавага расказаў 95-гадовы Пётр Сельвіч, які вярнуўся з фронта з двума раненнямі. У святочным пінжаку з баявымі і юбілейнымі ўзнагародамі сустракаў гасцей Уладзімір Губко. Юнаком ён тры гады правёў на прымусовых работах у фашысцкай Германіі, а пасля вызвалення біў ворага на яго тэрыторыі. Пра беларускае падполле нагадала Анастасія Літвіновіч – радавая партызанскага атрада імя Панамарэнкі-Катоўскага. У апошнія гады жыццё Аляксандры  Новікавай і Веры Шэўчык абмежавана чатырма сценамі з-за цяжкіх хвароб: справіцца з імі пажылым жанчынам дапамагаюць дзеці. Нягледзячы на тое, што ўзрост бярэ сваё, Ганна Шэўчык настроена аптымістычна. А ўсё дзякуючы ўнукам і праўнукам, якія часта наведваюць кватэру ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. У вузкім сямейным асяроддзі сустрэў чарговы Дзень Перамогі Віктар Яцкевіч. Успомніў няпросты час вогненнага ліхалецця, таварышаў па зброі, а таксама родных і сяброў, якіх адняла вайна. Частка з іх пахавана ў брацкай магіле на тэрыторыі былога хутара Смалярня непадалёк ад Мікашэвіч.

НА ЗДЫМКАХ: Людміла Казадаева і Анастасія Літвіновіч; Віктар Яцкевіч; Алена Кавалёнак і Ганна Шэўчык; зяць Валянцін Ляшук заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу Уладзіміру Губко.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть