Присяга

Памяць аб загінуўшых – берагчы жывым!

Пажаўцелы ад часу аркуш пінскай газеты “Полесская правда” за 6 лютага 1945 года. Радкі, надрукаваныя ў час вызвалення, думкі і адчуванні людзей, якія толькі-толькі скінулі навалу ваеннага ліхалецця. Яшчэ на фронце льецца кроў і новыя адваяваныя кіламетры цаной людскіх жыццяў набліжаюць вялікую Перамогу. Там, у агульным страі і нашы землякі. Вось вытрымкі з аповяду пра аднаго з іх: 

“Пулеметчик Василий Дырман.

Однажды ночью немцы начали разведку боем. Под прикрытием артиллерийского огня они повели наступление на траншею, где была расположена группа боевого охранения. Среди бойцов был молодой смекалистый парень из д. Вулька 1 Лунинецкого района Василий Дырман.
В эту ночь он впервые принимал боевое крещение. Напрягая зрение, всматривался в темноту, стремясь быстрее обезоружить врага…
…Немцы бросились в атаку, и в ту же минуту заработал пулемет Дырмана. Яростный ливень свинца обрушился на противника. Чтобы лучше бить врага, Василий выбрался на бруствер. Ничем не прикрытый, он стрелял короткими очередями и не думал о смерти. Первое боевое испытание боец выдержал с честью, и его грудь украсила медаль «За Отвагу»…
…Вскоре боец Дырман еще раз отличился, при взятии языка. Медалью за «Боевые заслуги» был отмечен пулеметчик за эту ночную операцию. Спасибо его родителям Екатерине Степановне и Петру Степановичу за то, что они вырастили и воспитали такого мужественного и отважного сына. Я горжусь тем, что он находится в моем подразделении.
Старший лейтенант Разанов.»

Горка ўсведамляць, што якраз тады, калі родныя і суседзі з гонарам чыталі ў газеце пра свайго знаёмага, на тэрыторыі Польшчы і Германіі ішлі цяжкія баі. І на чужой зямлі скончыўся шлях слаўнага беларуса Васіля Дырмана…
Яму было 22 гады, дома засталіся жонка Ганна і 4-месячны сыночак Валодзька.
Намнога пазней, калі хлапчук падрасце, кароценькая публікацыя пра бацьку стане найдаражэйшай рэліквіяй. А пасталеўшы, ён адшукае лейтэнанта Разанава, які раскажа пра апошні бой і назаве адрас брацкай магілы.
Ужо маючы сваіх дзяцей, Уладзімір Васільевіч зной-дзе сілы і час, каб з’ездзіць у польскую Цыбінку і застыць ля мураванага помніка на месцы бацькавага спачыну. Тая паездка дасць адчуванне выкананага сыноўняга абавязку, дапаможа мужчыне сваіх нашчадкаў выхаваць сумленнымі і стойкімі…
Адпаведны надпіс пра Васіля Дырмана занатаваны на мясцовым помніку ў Луніне. Туды з нізкім паклонам блізкія прыходзяць у Дзень Перамогі. Павага і ўдзячнасць да памяці воінаў-вызваліцеляў дадавала родным сілы змагацца з цяжкасцямі. Хай і балюча раніла абыякавасць ці пагарда, з якімі здаралася сутыкацца.
Салдацкая ўдава Ганна Дырман усю нерастрачаную любоў і пяшчоту аддавала адзінаму сыну. Аднойчы пайшла ў ваенкамат па-прасіць дапамогі для будаўніцтва дома. Бяздушны чыноўнік адмовіў і груба пасмяяўся над чужым горам. Якой страшнай абразай сталі такія адносіны для жанчыны. Да самай старасці боль адзывалася ў яе змучаным сэрцы. Больш старалася ні ў кога і нічога не прасіць, хаця жылося нялёгка. Родныя нябожчыка-мужа з’ехалі ў Кіргізію. А як было цяжка пасля вайны без мужчынскіх рук у вёсцы – ведае ўсё старэйшае пакаленне.
Але Валодзя вырас, стаў вадзіцелем. Яго жонка На-дзея Васільеўна з разуменнем і любоўю прыйшла ў сям’ю. Менавіта яна зараз прынесла ў рэдакцыю газету з далёкага 45-га і расказала пра лёс свёкра. Хочацца ад душы падзякаваць жанчыне за беражлівыя адносіны да мінулага. Цяпер яна засталася адна, даўно пахаваўшы свякроў і два гады назад назаўсёды развітаўшыся з 68-гадовым мужам.
На шчасце, сямейная дынастыя Дырманаў працягваецца. Іх дачка Вольга жыве ў Дзятлавічах, сын Уладзімір – у Лобчы. Нарадзілася 5 унукаў. Ім, юным, бабуля расказвае пра прадзеда, кулямётчыка Васіля Дырмана і паказвае яго ордэнскую кніжку, дзе ўпісаны баявыя медалі і Ордэн Чырвонай Зоркі. І газету, равесніцу Перамогі, з нататкамі пра баявыя будні байца…
Чытаючы радкі, напісаныя амаль 70 год назад, захоплівае дыханне ад той ваеннай рэчаіснасці, ад гераізму і мужнасці савецкага салдата. І ўзнімаецца ў сэрцы бязмежная павага за нашых землякоў, якія цаною свайго жыцця заваявалі мір і спакой. Нізкі паклон Вам, вызваліцелі!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть