Лунінеччына ўрачыста адзначыла 29-ую гадавіну вываду войск з Афганістана
Присяга

Лунінеччына ўрачыста адзначыла 29-ую гадавіну вываду войск з Афганістана

Мітынг-рэквіем каля помніка загінуўшым землякам сабраў баявых таварышаў, іх блізкіх, ваенна-служачых, прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці. Вершаваныя радкі, прачытаныя Галінай Куліцкай, прымусілі ў чарговы раз успомніць пра падзеі ў далёкай паўднёвай краіне, дзе трагічна абарваліся жыцці дзевяці ўраджэнцаў раёна. У іх памяць прагучалі мірныя залпы, а да падножжа помніка ляглі вянкі і кветкі…

У кінатэатры “Кастрычнік” воінаў-інтэрнацыяналістаў вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Ён адзначыў, што 10-гадовая неаб’яўленая вайна прынесла нашаму народу шмат гора. Але салдаты праявілі лепшыя чалавечыя якасці – мужнасць, стойкасць, высакароднасць, і да канца заставаліся вернымі армейскай прысязе і сваёй Айчыне.

Глухія гукі метранома адлічылі хвіліну маўчання ў памяць пра Аляксандра Зайчанку з Мікашэвіч, Мікалая Захарчука з Чэрабасава, Івана Зылевіча з Бастыні, Паўла Кавалевіча з Дрэбска, Віктара Канапацкага з Дзятлавіч, Анатоля Коўшыка з Дварца, Міхаіла Мацкевіча з Ракітна, Аляксандра Трухановіча з Сітніцы і Сяргея Юрко з Велуты.

Тым, каму пашчасціла вярнуцца дамоў, выказаны шчырыя словы ўдзячнасці за гераізм, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Кіраўнік раёна ўручыў узнагароды ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане Івану Андруховічу, Васілю Грышкевічу, Дзмітрыю Парфімовічу і Сцяпану Халімончыку. Такую ж прыемную місію выканаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар. Памятным падарункам ён заахвоціў Вячаслава Нагорнага (на здымку).

Звярнуўся да баявых таварышаў і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Кавалец. Па яго словах, праз пекла Афгана прайшлі 296 жыхароў Лунінеччыны, але чарговую гадавіну вываду войск сустракаюць ужо толькі 184 чалавекі… Па традыцыі быў падрыхтаваны святочны загад, які зачытаў намеснік старшыні Аляксандр Рамановіч. За актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці арганізацыі і асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі ўдастоены: медаля “За заслугі” – Васіль Мамайка, Анатоль Ліхтар і Аляксандр Ляўковіч, нагруднага знака “Ветэран Афганскай вайны” – Васіль Багук, Віктар Драгун, Уладзімір Пракаповіч, каштоўных падарункаў – Вячаслаў Рамановіч, Алег Трыфанаў.

Акрамя іх, на сцэне пабывалі яшчэ многа воінаў-інтэрнацыяналістаў. Цёплыя віншаванні і шчырыя пажаданні ў іх адрас гучалі ад кіраўнікоў раённых: савета ветэранаў – Надзеі Лазіцкай, арганізацый ГА “Беларускі саюз афіцэраў” – Уладзіміра Жураўлёва і ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы” – Сяргея Сойкі, Лунінецка-Ганцавіцкай міжраённай структуры ДТСААФ – Барыса Гнедзькі, аб’яднання прафсаюзаў – Ігара Гапона.

Кожнае выступленне чаргавалася з выдатнымі нумарамі мастацкай самадзейнасці, дапоўненымі відэарадам “Хронікі Афганскай вайны” і фотаздымкамі. Сваю творчасць гледачам падарылі Генадзь Шэўчык, Алег Жумашаў, Крысціна Збралевіч, Леанід Яраховіч, Іван Бушыла і іншыя артысты.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть