Перасякаць прасторы Сусвету
ОсобаПрисяга

Перасякаць прасторы Сусвету

на ўнікальных экспедыцыйных суднах і ваенных караблях марскога касмічнага флоту пашчасціла ўраджэнцу вёскі Намакрава, капітану другога ранга, жыхару Санкт-Пецярбурга Паўлу ШКУТУ.

дед

Нарадзіўся ў 1933-ім у звычайнай сялянскай сям’і, у якой гадаваліся шасцёра дзяцей. Шкадуе Павел Ціханавіч, што з родных цяпер нікога не засталося. Падтрымлівае сувязі толькі са стрыечным братам Віктарам і яго жонкай Верай Трухановічамі з Лунінца. Ведае, што недзе на Украіне асталяваўся такі ж родзіч, але нітачкі стасункаў у свой час абарваліся, так не аднавіліся і дагэтуль… У наш край былы марак прыязджае зрэдку: калі бацькі яшчэ жылі, візіты (хай сабе і на дзень-два) былі рэгулярнымі. Пабудзе на малой радзі-ме крыху – і зноў адправіцца ў чарговы рэйс. Цяпер жа і ехаць няма да каго – хіба што пакланіцца магілам самых дарагіх лю-дзей. Прыйдзе на вясковы пагост, гляне на чорна-белыя здымкі жалобных медальёнаў, і ў сэрцы заныюць успаміны былой маладосці…

Яму пашчасціла закончыць чыгуначную школу №5, якой тады кіравала дырэктар Марыя Канстанцінаўна Ратнер. У дружным класе вучылася 15 дзяўчат і столькі ж – юнакоў. На жаль, Паўлу Ціханавічу так і не ўдалося ні разу пабываць на сустрэчы з выпускнікамі. Пасля атрымання атэстата сталасці паступіў у ваенна-марское вучылішча ў горадзе Пушкін. Тагачасныя студэнты вельмі ганарыліся тым фактам, што карпусы ўстановы адукацыі размяшчаліся ў “царскіх палатах” – тэрыторыя належала Кацярынін-скаму Палацу. Маладога спецыяліста накіравалі на службу ў Севастопаль. Пасада намесніка начальніка камандзіра пункта сувязі патрабавала новых ведаў і больш дасканалай кваліфікацыі. За імі Павел Ціханавіч накіраваўся ў Ваенную акадэмію сувязі ў Санкт-Пецярбург. Па-ранейшаму марыў пра флот, але трапіў у ракетныя войскі. Суровае Брацкае мора ў Іркуцку і саслужыўцы з доляй іроніі сустрэлі сімпатычнага навабранца ў белай фуражцы. Але да новай справы душа не ляжала. Літаральна праз два гады воляй выпадку ўдалося перавесціся ў Маскву. Тут вопытнага і кваліфікаванага работніка прызначылі намеснікам начальніка экспедыцыі па разлікова-рашаючых устройствах на навукова-даследчым судне Акадэміі навук СССР “Касманаўт Уладзімір Камароў”. Яго дзейнасць забяспечвала аператыўнае ўпраўленне касмічнымі апаратамі, вымярэнне далёкасці і радыяльнай хуткасці касмічных аб’ектаў, прыём тэлеметрычнай і навуковай інфармацыі, вядзенне перамоў з касманаўтамі. Асноўным раёнам работы быў Атлантычны акіян.

Але флагманам у Службе касмічных даследаванняў СССР лічылася судна “Касманаўт Юрый Гагарын”. Самы непасрэдны ўдзел у яго будаўніцтве, якое адбылося на Балтыйскім заводзе ў Ленінградзе ў 1971-ым, прыняў П.Ц. Шкут. Унікальны па сваіх памерах (даўжынёй больш як 230 метраў і шырынёй 32 метры), карабель меў 11 палуб! Увасобіўшы ў сабе навейшыя дасягненні айчыннай навукі і тэхнікі, быў здольны самастойна выконваць усе задачы, звязаныя з забеспячэннем палётаў розных апаратаў, пілатуемых касмічных караблёў і арбі-тальных станцый.

Дагэтуль Павел Ціханавіч памятае першыя даследаванні “Касманаўта Юрыя Гагарына” ў трапічных умовах, якія праходзілі па Гібралтарскім праліве. Увогуле, ён пабываў ва ўсіх краінах свету, акрамя Японіі і Кітая. З трывогай праходзіў разам з экіпажам славуты Бермудскі трохвугольнік. На Кубе сустракаўся з самім Фідэлем Кастра! Добра валодае іспанскай, англійскай і нямецкай мовамі. Бадай, не хопіць газетнай плошчы, каб апісаць маляўнічыя краявіды марскіх падарожжаў.

Была ў працоўнай біяграфіі П.Ц. Шкута і старонка, прысвечаная ніве адукацыі. Пэўны час ён выкладаў “Сістэмы касмічнай, радыёлінейнай і трансфернай сувязі” ў Ваеннай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. З’яўляецца аўтарам падручніка па гэтай тэме. Але сэрца Паўла Ціханавіча па-ранейшаму належала флоту. Звольніўшыся, яшчэ 12 год хадзіў у экспедыцыі на судне “Касманаўт Віктар Пацаеў”. Дарэчы, сёння яно – адзінае ў свеце, якое мае на сваім борце музейную экспазіцыю.

Яшчэ падчас службы ў Севастопалі на танцах у мясцовым клубе пазнаёміўся з будучай жонкай Людмілай. Сёлетняй вясной Шкуты адсвяткавалі брыльянтавае вяселле. З важнай датай юбіляраў віншавалі дачка Алена, унукі Улад і Ромка. Дзесьці глыбока ў душы шчаслівы дзед марыць пра асаблівы падарунак – праўнука. Упэўнена, усё абавязкова ажыццявіцца, толькі б ставала сілы і здароўя яшчэ на доўгія гады!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть