Плац, казарма і «дэмбель» Джым
Присяга

Плац, казарма і «дэмбель» Джым

погранзаставаЭстафету добрых спраў, распачатых з мэтай ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, індывідуальныя прадпрымальнікі Канстанцін Гоман і Сцяпан Мельнік працягнулі незвычайнай і вельмі цікавай экскурсіяй у вайсковую часць №1235 Пінскага пагранатрада. Ініцыятыву падтрымалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Увызначаны час камфартабельны аўтобус чакаў вучняў гарадскіх школ №1, 2, 3 і 4, Язвінскай і Лахвенскай СШ, а таксама падлеткаў, што стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Усяго ў паездку адправіліся 38 юнакоў і дзяўчат. Па дарозе ім паспелі расказаць пра сваю армейскую службу старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў і таксіст Сцяпан Мельнік. На кантрольна-прапускным пункце гасцей сустракаў старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы Андрэй Шрамук. З яго першых слоў стала зразумела, што прысутнасць грамадзянскіх людзей на рэжымным аб’екце патрабуе адказных паводзін. Размеркаваўшы групу ў калону па 5 чалавек, апынуліся на плацу, дзе звычайна праходзіць пастраенне салдацкага саставу і адпрацоўка задач. Далейшы шлях працягнулі ў падрыхтоўчых гарадках: пагранічнай службы, каравульным і агнявым. Тут Андрэй Сцяпанавіч падрабязна паказаў на вучэбных месцах, як выглядае граніца і ажыццяўляецца яе ахова, расказаў пра алгарытм затрымання парушальнікаў.

Паколькі надвор’е ў дзень экскурсіі не песціла цяплом, нас гасцінна запрасілі ў клуб. У актавай зале паказалі відэафільм, прымеркаваны да 20-гадовага юбілею, які армейская сям’я адзначыла летась. З цікавых кадраў стала вядома, што часць паявілася 3 студзеня 1994-га. У лістападзе 1997-га ваеннаслужачыя Пінскага пагранатрада заступілі на ахову Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Украінай, а ўжо ў красавіку 1998 г. ім уручана Баявое Знамя. 20-хвілінная стужка пазнаёміла з падрыхтоўкай спецыялістаў, іх заняткамі, трэніроўкамі і дасягненнямі.

Сагрэўшыся, зноў накіраваліся на вуліцу. Запамінальным стала наведванне гадавальніка службовых сабак. Свабодныя вальеры сведчылі, што іх гаспадары зараз на баявых заданнях. З-пад металічнай сеткі выглядвала толькі нямецкая аўчарка Джым. Кінолагі ласкава называюць яго “дэмбелем”: чатырохногі “салдат” аддана праслужыў 12 год. Ён — сапраўдны аўтарытэт для маладзейшых. Напрыклад, для 3-гадовага сабакі бельгійскай пароды, які адрозніваецца спрытнасцю і хуткасцю. Ён лёгка “ўзляцеў” над 2-метровай перашкодай, смірна чакаючы заахвочвання. Не, зусім не цукру, як, верагодна, вы падумалі. Ласунак — звычайны гумавы мячык. За такім артыстам можна было б назіраць доўга, але расповяды ваеннаслужачых аб тым, колькі парушальнікаў незаконных перавозак грузаў удалося затрымаць, дзякуючы менавіта службовым сабакам, вярталі нас у суровую рэальнасць. І яшчэ невядома, што ў экстранных выпадках будзе пачуць страшней: “Стой, страляць буду!” ці “Стой, пушчу сабаку!”. Гэтыя фразы ваеннаслужачыя параілі запомніць на ўсё жыццё.

Наша экскурсія завяршылася ў казарме. На першым паверсе ў чыстым і прыбраным пакоі, дзе размясціліся 40 ложкаў і столькі ж тумбачак, знайшлося месца і для іконы Божай Маці, упрыгожанай саматканым ручніком.

Па дарозе дамоў падлеткі дзякавалі арганізатарам за цікавую паездку, а некаторыя ўжо задумваліся аб будучай прафесіі ваеннага.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть