Присяга

«Победой яркою согрета, ликует майская весна…»

Сёлетняя вясна, як ніколі, багатая на халады і дажджы. Не песціла надвор’е і  раніцай 9 Мая. Тым не менш, на плошчы імя Леніна ў райцэнтры ў вызначаны час пачаў збірацца святочна апрануты люд, а прылягаючыя вуліцы запаланілі калоны, упрыгожаныя транспарантамі, паветранымі шарамі, веснавымі кветкамі і іншымі яркімі атрыбутамі пераможнага шэсця. На ганаровым месцы – “Бессмяротны полк”. У яго страі – юнакі і дзяўчаты з партрэтамі тых, хто адстаяў Перамогу, але ўжо ніколі не возьме ўдзел у яе святкаванні…

Зрэшты, фотаздымкі продкаў, стаўшых удзельнікамі былых баёў, можна было бачыць у руках многіх гараджан, якія лічаць сваім абавязкам менавіта такім чынам ушанаваць памяць родных людзей, нагадаць іншым пра іх неўміручы подзвіг. З асаблівым пачуццём знайшла поглядам фотаздымак Ганаровага грамадзяніна г. Лунінца, франтавіка, для якога вайна пачалася на карэла-фінскім фронце, а закончылася цяжкім раненнем ва Ўсходняй Прусіі, артылерыста Аляксея Віктаравіча Мінакова. Сёння ён са светлай усмешкай пазірае на ўсіх з партрэта ў руках дачкі Таццяны…

Роўна ў 11 гадзін пад гукі гімна пачынаецца святочны мітынг. Сабраўшыхся вітае старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Яго прамова – шчырая і пранікнёная – у чарговы раз нагадвае пра подзвіг тых, хто ў неймаверна цяжкіх умовах ваеннага ліхалецця адстаяў для нас магчымасць радавацца мірнаму жыццю.

– Немагчыма пералічыць імёны ўсіх загінуўшых – вельмі вялікі гэты сумны спіс. Але мы ніколі не забудзем, якімі ахвярамі аплачана Перамога. Назаўсёды застануцца ў нашай памяці тыя, хто загінуў за свабоду, змагаючыся на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі, хто быў замучаны ў лагерах смерці і засценках гестапа, хто не вытрымаў знясільваючай працы на чужбіне, – гэтыя словы Аляксандра Мікалаевіча сталі сімвалічным пралогам да наступнай старонкі мерапрыемства – хвіліны маўчання.

Падкрэсліўшы, што Дзень Перамогі з’яўляецца ўсенародным святам, кіраўнік раёна ўспомніў працаўнікоў тылу, якія ў цэхах і на палях замянілі тых, хто пайшоў на фронт. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас служыцеляў царквы, якія благаслаўлялі людзей на подзвіг, дапамагалі зборам ахвяраванняў, асабіста здзяйснялі гераічныя ўчынкі ў імя веры і Радзімы.

Самыя цёплыя словы былі адрасаваны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Іх рады ра-дзеюць апошнім часам асабліва прыкметна. Сёлета на святкаванне здолелі завітаць каля дзясятка ўдзельнікаў і сведкаў былых баёў. Іх вопыт і жыццёвая мудрасць маюць асабліва высокую цану ў час, калі ў многіх кропках планеты хто-ніхто забывае ўрокі страшнай вайны ці, горш таго, імкнецца перапісаць гісторыю. Але Перамога была і застаецца нашай, і ніхто ў нас яе не забярэ!

Ва ўнісон з гэтымі словамі было выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна Лунінецкага раёна Паўла Акімавіча Дабрынца, які заклікаў памятаць, што няма на зямлі нічога даражэйшага за мір, які мы абавязаны свята берагчы.

Працягваць лепшыя традыцыі старэйшага пакалення ад імя моладзі паабяцаў адзінаццаці-класнік Лунінецкай гімназіі Аляксандр Верас , а самыя юныя ўдзельнікі свята парадавалі ўзнёслымі вершаванымі радкамі, прысвечанымі ветэранам і слаўнай Перамозе. Пасля гэтага ў неба ўзмылі галубы – велічны сімвал міру на зямлі.

Завяршылася афіцыйная частка святочным шэсцем калон працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. Урачыстым маршам прайшлі яны да помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам, дзе адбылося ўскладанне вянкоў і кветак.

Нягледзячы на тое, што надвор’е хутчэй нагадвала восень, чым вясну, святочны настрой не пакідаў лунінчан на працягу ўсяго дня. Гэтаму спрыяла канцэртная праграма, якая пачалася адразу, як прагучаў салют у гонар Перамогі і ўдзячныя нашчадкі ўсклалі вянкі і кветкі да абеліскаў загінуўшым. Землякі не шкадавалі апладысментаў у адрас народнага хора ветэранаў “Спадчына”, ансамбляў “Вандроўнікі”, “Шляхцічы”, “Залатое птушаня” і “Весніца”, танцавальных калектываў “Абіссаль” і “Мірыданс”, трыа “Кураж”, салістаў Ніны Ерамяевіч, Алега Жумашава, Андрэя Канапацкага, Крысціны Збралевіч, Максіма Перапёлкіна, Івана Бушылы, Генадзя Шэўчыка, Сяргея Місікава і іншых.

На плошчы Леніна радавалі талентамі юныя артысты. Тут жа хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў забаўляльных мерапрыемствах і дэманстравалі свае здольнасці ў малюнку на асфальце.

Цікавасць выклікалі выставы каля фантана, краязнаўчага музея і гасцініцы “Юбілейная”. Работнікі гандлю і грамадскага харчавання арганізавалі на вуліцы Савецкая “летнія кафэ”, па-клапаціліся пра тое, каб наведвальнікаў не намачыў дожджык і, зразумела, пра святочныя прысмакі. Па традыцыі папулярнасцю карыста-ліся шашлыкі, кандытарскія і кулінарныя вырабы. Дзяцей больш за ўсё вабілі катанне на надзіманых горках і электрамабілях, а таксама скачкі на батутах.

На стадыёне “Палессе” сабраліся прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Адкрылі праграму паказальныя выступленні юных баксёраў – выхаванцаў Міхаіла Майсака. У дартсе лепшымі сталі Алена Янковіч і Вячаслаў Грабовіч, у армрэстлінгу – Дзмітрый Насковіч, у кіданні кольцаў – Анастасія Воран, у адцісканні – Сяргей Зылевіч. Міні-футбольны турнір завяршыўся перамогай каманды “Ветэраны”. Спаборніцтвы па стрытболе і валейболе праходзілі ў спартыўнай зале СДЮШАР. Тут лепшымі сталі адпаведна “Маналіт” і “Дарожнік”.

Вечарам цэнтрам гуляння стала плошча Леніна, дзе лунінчане спявалі, віншавалі адзін аднаго са святам Перамогі, кружыліся ў вальсе, танцавалі пад сучасныя мелодыі і разам праспявалі “Дзень Перамогі”. А потым горад упрыгожыў феерверк…

 

Песні франтавыя, узнагароды  баявыя…

Нягледзячы на непагадзь, сотні жыхароў Мікашэвіч  прынялі ўдзел у святочным шэсці ў гонар Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Упрыгожаныя калоны дзяцей і дарослых каляровай стужкай прайшлі ад Палаца культуры РУВП «Граніт» да плошчы імя Каржа, дзе адбыўся ўрачысты мітынг.

Са святам гараджан  павіншавала старшыня гарвыканкама Галіна Сыцэвіч. Да яе цёплых і шчырых слоў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. Ён падзякаваў былым салдатам, партызанам і працаўнікам тылу за мірнае і незалежнае існаванне. Пра  самаадданасць і мужнасць бацькоў, дзедаў і прадзедаў нагадалі выступленні дырэктараў: ААТ «Спецжалезабетон» – Васіля Басевіча і сярэдняй школы №1 – Людмілы Насеня, намесніка генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Маргарыты Сераокай, воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Жыбарта. Гараджанка Ксенія Калошыц расказала пра сучастнае жыццё, напоўненае цікавымі падзеямі.      Яго падмурак стварылі ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, іх з кожным годам становіцца менш.  Зараз у Мікашэвічах засталося сем. Цудоўна аздобілі ўрачыстасць песні ў выкананні вучняў СШ №1 і дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

Хвілінай маўчання ўшанавалі жыхары Мікашэвіч памяць усіх тых, хто загінуў у барацьбе за незалежнасць і свабоду роднай краіны. Потым пад салют усклалі кветкі і вянкі да помніка салдату-вызваліцелю.

Святкаванне перамясцілася на плошчу каля Палаца культуры РУВП «Граніт».  Там у свае палаткі  запрашаў выязны гандаль філіялаў “Грамадскае харчаванне” і “Мікашэвіцкае РГТ” райспажыўтаварыства. А яшчэ ўсе жадаючыя змаглі наведаць конкурсную праграму інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні сярод падраздзяленняў гранітаздабываючага прадпрыемства.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть