Присяга

Салдат, чыгуначнік, старажыл

Здавалася б, што значыць у чалавечым лёсе адзін год – прамільгне, нават не заўважыш. Але здараюцца выпадкі, калі многае ў жыцці залежыць ад даты нараджэння. Для лунінчаніна Дзмітрыя ШЭЙНЮКА яна стала лёсавызначальнай – быў бы ён на год старэйшым, як паўналетні ваяваў бы на фронце ў 1944-1945 гг. А паявіўшыся на свет на год пазней – не паспеў бы прайсці падрыхтоўку і ажыццяўляць ахову стратэгічных аб’ектаў у ваенны час…

Нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Беразніца Ружанскага раёна ў звычайнай сям’і, меў братоў і сясцёр. Бацька быў брыгадзірам у калгасе, маці працавала пад яго кіраўніцтвам. З абавязкамі па дому дапамагалі дзеці. І Дзмітрый спазнаў усю вясковую работу – ад касы да плуга, паспеў пахадзіць у польскую школу.

З цяжкасцю перажылі акупацыю, ледзь дачакаліся прыходу сваіх. Адразу пачалася мабілізацыя на фронт. Стомленай за доўгі час баявых дзеянняў савецкай арміі патрабавалася ўліванне новай сілы, таму на службу пачалі прызываць 17-гадовых юнакоў. У іх лік па ўзроставай катэгорыі трапіў Дзмітрый.

Родныя праводзілі яго восенню 1944-га. Ішла вайна, ніхто не ведаў, куды праляжа вайсковы шлях, таму развітваліся з трывогай у сэрцах. Але ўменне ўпраўляцца са зброяй і знаёмства з абавязкамі пехацінцаў будучы баец праходзіў у свабоднай Беларусі. Адпраўленне на фронт было запланавана на май. Дзмітрыю даручылі ахову сакрэтных ваенных аб’ектаў, месца-знаходжанне якіх дысцыплінаваны салдат не называе і зараз, праз 70 год!

На шчасце для ўсіх прыйшла Вялікая Перамога, якая дала магчымасць заняцца больш мірнымі справамі. Некаторы час разам з аднапалчанамі суправаджалі ў зваротную дарогу вязняў, прымусова вывезеных у Нямеччыну. Далей прымаў удзел у адраджэнні роднай зямлі, скалечанай доўгай вайной.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму, папрацаваў у зерненарыхтоўчай арганізацыі. Але хутка зразумеў, што сэрца прагне іншага.

Шукаючы сябе ў прафесіі, вырашыў стаць чыгуначнікам і паступіў у Гродзенскі тэхнікум. Праз 3 гады з новенькім пасведчаннем у кішэні і жывым агеньчыкам у вачах рабочы шлях прывёў юнака на Лу-нінеччыну.

У якасці машыніста ўпраўляў магутным саставам, пракладваючы свае дарогі па жалезных рэйках у розныя бакі палескага краю. Найбольш запомніліся паездкі ў Брэст, Баранавічы і Калінкавічы. За працяглы час работы кожны прыпынак ведаў на памяць, мог дакладна вызначыць дзе знаходзіцца састаў, не пазіраючы на назвы і надпісы, знаёмымі здаваліся нават дрэвы.

Лунінецкім дзяўчатам не пашанцавала. Малады і прыгожы чыгуначнік прыехаў не адзін. З малой радзімы ён прывёз жонку Кацярыну. Ураджэнка Віцебшчыны апынулася на Палессі таксама па размеркаванню, будучы выпускніцай сельгастэхнікума. Знаёмства з Дзмітрыем прывяло яе да новага, на гэты раз апошняга пераезду на месца жыхарства.

І калі яны праляцелі, тыя больш як 60 вёснаў і зім, пражытых разам? Кожную раніцу спяшаючыся па справах на чыгунку ці ў насенную лабараторыю, дзе Кацярына Паўлаўна працавала аграномам, яны не заўважалі, як хутка мінае час. Падрасталі сыны, паступова пакідаючы незапатрабаванымі дзіцячыя цацкі, складваючы ў стосы спісаныя дзённікі і сшыткі школьных дыктантаў, спяшаючыся за атэстатамі сталасці на выпускны баль.

Павел закончыў Ленінградскі эканамічны інстытут, жыве ў родным горадзе, працуе галоўным механікам у аўтабазе. Дзмітрый вырашыў паступіць у Вышэйшае ваенна-інжынернае вучылішча ў Серпухаве, маёр пагранічных войскаў у запасе. Цяпер маючы больш вольнага часу, прысвячае яго высакароднай справе – даглядае аслабелых бацькоў, якія не здольны абыходзіцца самастойна.

Цяжкая форма інсульту 3 гады таму прыкавала да ложка Кацярыну Паўлаўну. Муж усім сэрцам імкнецца падтрымліваць дарагую жанчыну, але паважаны ўзрост прымушае быць больш асцярожным у рухах і Дзмітрыя Паўлавіча. У сакавіку ён адзначыў 90-годдзе з дня нараджэння. Сярод мноства іншых прымаў шчырыя віншаванні ад унука Дзімы, які працуе ў рачным порце ў Пінску, і ўнучкі Юлі, якая прысвяціла сябе медыцыне – стала ўрачом.

Тры пакаленні ў сям’і Шэйнюк носяць аднолькавае імя Дзмітрый. Аддаючы даніну павагі старэйшым, малодшыя называюць так сваіх нашчадкаў. І хаця часам здараецца невялікая блытаніна з-за гэтага, але мужчын-ская палова з гонарам носіць імя, імкнецца захаваць яго чыстым і сумленным. Менавіта такія якасці доўгажыхар Дзмітрый Паўлавіч лічыць галоўнымі для кожнага чалавека, такімі хоча бачыць сваіх блізкіх у любой, нават самай складанай жыццёвай сітуацыі.

У пачатку працоўнага шляху сям’я Шэйнюк жыла ў цэнтры горада, на плошчы імя Леніна. Кватэра без выгод – два невялічкія пакойчыкі, дзе дарослыя туліліся разам з дзецьмі. Пазней атрымалі больш камфортнае жыллё, у якім сустрэлі старасць. Ёсць дачны ўчастак, дзе праводзілі водпускі і выхадныя за любімымі з маленства сялянскімі клопатамі – сеялі, палолі, капалі. Радаваліся багатым ураджаям, любаваліся маладым садам. Пра той прыемны, размерана-руплівы час нагадваюць шматлікія фотаздымкі ў сямейным альбоме.

Не пакідае без увагі ўдзельніка вайны раённы савет ветэранаў. Да юбілею атрымаў цёплыя віншаванні і падарунак з рук старшыні Надзеі Лазіцкай. Пажаданні моцнага здароўя і доўгага веку прымаў таксама і ад чыгуначнікаў, якія памятаюць былых працаўнікоў, што дзякуючы сваёй стараннасці заўсёды былі прыкладам для пераймання.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть