Сімвал адзінства авіятараў
Присяга

Сімвал адзінства авіятараў

СухойІм па праву лічыцца помнік авіяканструктару Паўлу Сухому (1895-1975), двойчы Герою Сацыіялістыічнай працы, які ў 1918-1920 гадах жыў і працаваў у Лунінцы. Каля яго ў мінулую нядзелю — у Дзень ваенна-паветраных сіл — сабраліся прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў і грамадскасці, каб разам адзначыць 120-гадовы юбілей з дня нараджэння вядомага заснавальніка савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі.

Зпрывітальным словам да прысутных звярнуліся старшыні: раённага Савета дэпутатаў — Віктар Рафаловіч, Лунінецка-Ганцавіцкай міжраённай структуры ДТСААФ — Барыс Гнедзька, арганізацый “Беларускага саюза афіцэраў’ — Уладзімір Жураўлёў і “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” — Аляксандр Жуланаў, намеснік ваеннага камісара райваенкамата Аляксей Маёраў, намеснікі камандзіраў вайсковых часцей: №65408 — Аляксандр Лазіцкі, радыётэхнічнага цэнтра — Дзяніс Трэцьяк, ветэран Узброеных Сіл РБ Васіль Елізаў. Кожны з іх знайшоў цёплыя словы ў адрас тых, хто справай жыцця выбраў прафесію абараняць Радзіму як на зямлі, так і ў небе. У хвалюючых расказах успаміналі біяграфію Паўла Восіпавіча, прыводзілі цікавыя выпадкі з выпрабаванняў яго самалётаў, дзяліліся дасягненнямі сучаснай авіяцыі. Пад мірныя залпы ў памяць Паўла Сухога да помніка ўсклалі вянкі і кветкі.

Дзень правядзення мерапрыемства супаў з чарговай гадавінай трагічнай гібелі ў 1949-ым гвардыі капітана Мікалая Давыдава, у гонар якога каля аўтазаправачнай станцыі ў Лунінцы ўстаноўлены помнік-самалёт. Цырымонія ўшанавання памяці працягнулася на старых могілках у райцэнтры, дзе побач з яго магілай свой апошні прытулак знайшлі Героі Савецкага Саюза — гвардыі капітан іван Пяцяры і старшы сержант Пётр Багданаў. Іх імёнамі названы вуліцы, якія ўвайшлі ў склад выбарчых акруг дэпутатаў райсавета Ігара Невара і Уладзіміра Рыбака (ад яго імя выступіў Аляксандр Вярэніч). Ігар Леанідавіч выказаў удзячнасць за дагледжанасць і добраўпарадкаванне магіл. Гэтымі справамі займаўся грамадскі актывіст Канстанцін Гоман разам з прадстаўнікамі лясгаса і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, за чыімі калектывамі яны замацаваны. Ганаровыя госці мерапрыемства — родзічы Івана Пяцяры, якія прыехалі з Гомеля, — выказалі ўпэўненасць, што подзвігі герояў вайны такія неабыякавыя землякі абавязкова будуць памятаць. Слова трымалі пляменнік Віктар Яўгенавіч і ўнук Андрэй Віктаравіч. Клірык Свята-Крыжаўзвіжанскага храма ў Лунінцы іерэй Георгій Філіновіч адслужыў ліцію і асвяціў магілы. Іх упрыгожылі новыя вянкі і кветкі, якія ляглі на мармуровыя пліты пад залпы мірнага салюту.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть