Сонца — ў хату, радасць — у сэрцы
Присяга

Сонца — ў хату, радасць — у сэрцы

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКалі ранак толькі-толькі пачынае сваё шэсце над наваколлем, і светлай стужкай азараецца ўсходняя частка неба, людзі старэйшага пакалення даўно прачнуліся і з нецярпеннем чакаюць першых промняў новага дня. Магчыма ім не спіцца таму, што за ноч разбалелася стомленае цела, праганяючы спакой і агортваючы рознымі думкамі. Часцей яны напоўнены паўсядзённымі клопатамі пра дзяцей і ўнукаў. Але аднойчы памяць вяртае ў далёкае юнацтва, якое не было лёгкім, бо на іх долю выпалі нягоды краіны, якая змагалася з захопнікамі і адбудоўвалася з руін…

Якаў Кузьміч ДУДАРГА з Вулькі 1 таксама часта прачынаецца на досвітку. Сустракаючы 82-ую вясну свайго жыцця, былы малалетні вязень фашызму яскрава памятае горкае дзяцінства. Спачатку было сонца, хлопчык рос пад надзейнай апекай родных, марыў хутчэй стаць дарослым. Прызвычаіўся дапамагаць старэйшым у больш простых вясковых абавязках, на якія хапала ўмення ды сілы. Але раптам усё афарбавалася ў чорныя колеры — загрукацелі ўзрывы бомбаў і снарадаў, якія неслі на сабе сталёвыя машыны з вялікімі чорнымі крыжамі, пачулася незнаёмая гамонка грозных вайскоўцаў, якіх усе вельмі баяліся. Агульная ўстрывожанасць перадалася і малому, але на ўсе яго недаўменныя роспыты блізкія і знаёмыя адказвалі адным кароткім словам — вайна…

Падарожжа ў чужую варожую краіну для Якава пачалося без згоды сям’і. Нікога тады не хвалявалі жаданні і просьбы простых людзей. Сагналі разам з суседзямі, размеркавалі па вагонах. I яны са слязамі і горыччу рушылі ў доўгую і цяжкую дарогу. Пасля многіх сутак у цеснаце, холадзе і голадзе дасягнулі нямецкай мяжы. Дзеці хварэлі, дарослыя плакалі, але ніхто не адгукваўся на людскую бяду. Дзверы закрываліся на вялізны замок, каб не збеглі. Калі хто паміраў, гэта не хвалявала ўзброеную варту. Чалавечае жыццё не мела для іх ніякай каштоўнасці.

Хоць з пакутамі, але пры дапамозе малітваў яны вытрымалі. На чужую зямлю ступілі ўпяцярых — тата, мама, 10-гадовы Якаў, яго старэйшы брат і трохмесячная сястрычка. Іх накіравалі да заможных гаспадароў. Бацька і брат выконвалі цяжкую фізічную работу ва двары ці ў полі, мама даіла кароў. Догляд за малой быў на яго плячах. Яшчэ і сам толькі ледзь падрос, гуляць бы, як усе малыя. Але ён адказна ставіўся да абавязкаў, шкадаваў дзяўчынку.

Сталелі намнога хутчэй за равеснікаў, якім пашчасціла нарадзіцца і вырасці ў мірны час. Жылі з даўкім пачуццём свайго бяссілля перад захопнікамі, што нішчылі родную зямлю, ды яшчэ эксплуатавалі няшчасных людзей. Але ў той жа час радаваліся, што пакуль жывыя. Так мінула два гады. Весткі пра набліжэнне фронту і магчымую змену ўлады перадаваліся шэптам, толькі менавіта яны дапамагалі ў пераадоленні цяжкасцей.

Іх вызвалілі англічане. Потым ужо нашы салдаты сабралі ў сямейныя лагеры, дзе камплектавалі групы для адпраўкі на Радзіму. Ведала іх сям’я, што дома чакае разруха ды галеча, але і думак не было, каб застацца жыць на чужыне.

Вярталіся занадта доўга. Па разбітай бомбамі чыгунцы цягнікі ішлі памаленечку, часцей стаялі ў тупіках. У вагоны набівалася ў некалькі разоў больш народу, чым магло ўмясціць цеснае памяшканне. Часам узбіраліся на дах, на паваротах пры хуткасці страшна калаціла, можна было лёгка сарвацца і загінуць. Але ніхто не думаў пра небяспеку. Галоўнае, што скончылася вайна!

Любой дарозе прыходзіць канец. Так і яны, неўзабаве ўбачылі сваю вёску. Хата была спаленай — ворагі ў час адступлення пакідалі пасля сябе страшнае пажарышча. Спачатку юціліся ў радні, потым пачалі будавацца…

Гаспадары да сённяшніх дзён абаграваюць дровамі ды цяплом сваіх сэрцаў родныя сцены той пасляваеннай новабудоўлі. Тады гэта быў прыгожы і дыхтоўны дом, у якім марылася пра шчасце. Дзесяцігоддзі ператварылі яго ў больш сціплы будынак на фоне навейшых, але для насельнікаў гэта — самы дарагі куточак на зямлі…

Працоўныя дасягненні вясковага юнака пачаліся ў калгасе. Ён застаўся верным знаёмым палеткам, не шукаў лепшага дабрабыту ў невядомасці. Браўся за любую справу, куды накіроўваў брыгадзір, найчасцей пасвіў ці даглядаў грамадскі статак.

Хутка сэрцам Якава завалодала каханне. Знаёмая дзяўчына Вера здалася самай незвычайнай, хацелася быць разам. Яна таксама паспела нацярпецца ў вайну ад захоп-нікаў. Толькі цудам пазбегла вывазу ў Германію. У жнівеньскую спякоту 1957-га яны стварылі ся-м’ю. Марылі тады, каб гэтак жа цёпла заўсёды было ў іх хаце. На шчасце, тыя жаданні збыліся — даўно ўжо разам з нашчадкамі адсвяткавалі залатое вяселле…

У іх нарадзілася трое дзяцей. Два сыны і дачушка дадалі новым сценам драўлянага будынку радасці і надзеі. Хадзілі ў школу, сустракаліся з першымі юначымі праблемамі. Але, назіраючы як падрастаюць малыя, сэрцы дарослых перапаўняла радасць — галоўнае, што няма вайны. Ім можна думаць пра будучыню, ісці да простых жыццёвых перамог сярод абароненасці і законнасці. Ад такога параўнання са сваім дзяцінствам хацелася верыць толькі ў светлае і прыгожае.

Неймаверна хутка праляцелі гады. Цяпер дзеці даўно дарослыя, і ў бацькоўскую хату прыходзяць і прыязджаюць, каб праведаць слабенькіх тату і маму, спытацца пра хвалюючае. Не мінаюць дзеда з бабуляй 7 унукаў і 7 праўукаў.

Мінулае Якава Кузьміча не засталося незаўважаным. У старасці прыйшла кампенсацыя за скалечанае дзяцінства. Але ці хопіць тых грошай, каб знікла трывожнасць ад набалелага? Ды жыве ў сэрцы горыч, што занадта позна згадалі пра іх. Сколькі спакутаваных людзей не дажыло да прызнання той дарэмнай працы і здзекаў на чужыне. А колькі знаёмых — малых і дарослых — загінула ў тыя страшныя дні акупацыі…

Часта такія думкі хвалююць у змрочную раніцу, калі сон недзе знікае, і мінулае кадрамі хвалюючага кінафільма вяртае яго ў дзяцінства. Радуе старога, што зараз ён не адзінокі — побач надзейная спадарожніца, жыццё з якой нісколькі яму не надакучыла. Наадварот, прамільгнула, як адзін дзень.

Шэрань ранішняга паўзмроку хутка змяняецца на светлыя промні сонца, якое выглядвае з-за дрэў і пабудоў. Так пачынаецца новы дзень, які праганяе сумныя думкі, навеяныя цяжкімі ўспамінамі. Нязначныя клопаты завуць гаспадароў — адхіліць фіранкі, каб прагрэліся змрочныя пакоі, прыгатаваць сняданак, каб потым удваіх у ціхіх размовах правесці чарговы дзень іх жыццёвай восені.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть