Присяга

Сустрэча на апаленым рубяжы

Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” – помнік чалавечай мужнасці і бязмежнага патрыятызму. Яго наведванне было галоўнай марай у дзяцінстве. Калі выпускніцай пашчасціла ўзысці на прыступкі каля вечнага агню, сэрца перапоўнілі пачуцці гонару за воінаў-абаронцаў і боль за іх велізарныя пакуты. Менавіта той прыклад чалавечнасці дапамагаў на працягу многіх год прымаць рашэнні з падсвядомасцю і аглядкай на адвагу маладых герояў.
З часам свае мацярын-скія пачуцці, трывога за дзяцей, асэнсаванне непапраўнай страты для няшчасных матуль, яшчэ вастрэй закраналі за жывое.
Удзел у праграме “круглага стала” па тэме: “Патрыятычная тэматыка ў сродках масавай інфармацыі Брэстчыны ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі”, які праводзіўся на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, толькі дадаў адчуванне найвялікшай павагі да абаронцаў.
Спачатку была экскурсія. Зноў і зноў трымцела ў сэрцы і на вачах паяўляліся слёзы пры дакрананні да бязмежнага подзвігу савецкіх салдат. Апалены камень даваў зразумець, які патрыятызм захліснуў нашых воінаў у тым вогненным пекле. Іх апошні надпіс: «Умрем, но из крепости не уйдем!»… Спынены гадзіннік у страшныя хвіліны баёў ад невыноснага пажару… Рэчы дамашняга абіходу, знойдзеныя на месцы людскіх пахаванняў…
Тут кожная пясчынка – сведка адвагі і мужнасці. А зямля, палітая чалавечай крывёй, яшчэ тоіць многа не знойдзенага, не адкрытага за дзесяцігоддзі. Тыя экспанаты, што ляжаць на паліцах, – толькі маленькая частачка агульнага болю ад страшнага слова “вайна”.
Каб новыя пакаленні не страцілі пачуццё патрыятызму, каб не агрубелі юныя сэрцы ад нашай усеагульнай занятасці, спешкі і абыякавасці да ўсяго акружаючага і створаны музей – напамін і абярэг ад жахаў ваеннага ліхалецця.
Немагчыма пра Брэсцкую крэпасць расказаць словамі ці паказаць на фотаздымках. Тут трэба пабываць. Толькі каля помнікаў, пад нябачнай іскрынкай ад вечнага агню, з’явіцца асаблівае пачуццё, якое немагчыма асэнсаваць і растлумачыць…
Такія ж ўражанні адлюстроўваліся на тварах іншых наведвальнікаў. Асабліва кранаюча ўспрымалі ўбачанае дзеці і падлеткі. А наведваюць мемарыяльны комплекс тысячы людзей. Вечарамі сюды прыходзяць матулі з дзецьмі, сумяшчаючы адпачынак з карыснымі ўрокамі выхавання. Для гэтага і заваёўвалася перамога – каб нашчадкі маглі спакойна жыць на роднай зямлі.
Музей Абароны Брэсцкай крэпасці – пра сёння і заўтра дзяржаўнай установы расказалі яго дырэктар Рыгор Бысюк і намеснік Ларыса Бібік. Цікавасць сярод наведвальнікаў узрастае, іх колькасць павялічваецца. Хутка ў будынку казармы, пабудаванай амаль два стагоддзі таму, адкрыецца новы “Музей вайны – тэрыторыя Міру”. 8 залаў стануць працягам, а не копіяй існуючага. Часта супрацоўнікі выязджаюць з экспанатамі ў рэгіёны вобласці. Пабывалі ў Баранавічах, Кобрыне, Пружанах…
У 2011-ым знойдзены новыя магілы байцоў, імёны якіх увекавечылі на плітах каля вечнага агню. Для крэпасці вайна не скончылася, бо яшчэ не пахаваны апошні салдат.
Дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Ганна Карапузава расказала пра гістарычныя дакументы ваеннага часу. Знішчаныя за адзін дзень амаль 17 тысяч яўрэяў занатаваны ў нямецкіх спісах лёгкім росчыркам пяра. Папера захоўвае так многа людскога болю…
Пра асвятленне тэмы патрыятызму ў рэгіянальных СМІ, на якіх момантах сканцэнтраваць большую ўвагу, каб ніхто не застаўся забытым, разважалі рэдактар аддзела абласной газеты “Зара” Яўген Літвіновіч і адказны сакратар Пружан-скай раённай газеты “Раённыя будні” Ірына Сядова. З кожным годам усё менш застаецца людзей, якія прайшлі ваеннымі дарогамі да вызвалення. Але засталіся дзеці і падлеткі, якія былі сведкамі страшных падзей, і памяць захавала яркія ўспаміны. Менавіта іх расказ на старонках газет бу-дзе карысна прачытаць сучаснікам.
У заключным слове першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Гетман параіў газетчыкам больш звяртацца да жывых сведкаў таго страшнага часу, іх нашчадкаў і кніг “Памяць”, дзе занатаваны самыя значныя звесткі нашай гісторыі.
Пасля вяртання з Брэста не адпускала шчымлівае пачуццё. Маленькі каменьчык, падняты на апаленай вогненным пеклам зямлі, здаецца, памятае страшныя па-дзеі 1941-га. І нам нельга забываць жахі ваеннага ліхалецця, каб не дапусціць новых узброеных канфліктаў. Бо агульнавядома, калі забываюць пра вайну – пачынаецца новая. У сучасным свеце так неспакойна. Як важна зараз дакрануцца да вечнага агню, каб яго светлае полымя памяці абара-ніла ўсіх нас ад новых пакут, болю і страты чалавечых жыццяў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть