Присяга

Сувязіст з перадавой

с передовойЛёс гэтага чалавека вельмі падобны на лёс яго сучаснікаў. Міхаіл Міхайлавіч ПАРТУС нарадзіўся ў 1924 годзе ў вялікай сям’і, у якой было яшчэ шасцёра дзяцей. Бацькі прыехалі на хутар Чэрабасава з Жытомірскай вобласці Украіны, а ў 1926-ым пераехалі ў Навасёлкі. Міхаіл быў старанны і вельмі працавіты – дапамагаў па гаспадарцы і… вучыўся – за адзін навучальны год засвоіў праграму трох класаў польскай школы.

Вайна застала ў стаўшай роднай вёсцы. А ў жніўні 1944-га юнак і сам прымераў салдацкі шынель. Адпраўляючыся на фронт, упэўнена сказаў бацьку: “Немцы пацерпяць крах у вайне”. Першыя 3 месяцы рыхтаваліся па праграме курса маладога байца непадалёк ад польскага Любліна. За кароткі час асвоіў спецыяльнасць ваеннага тэлефаніста і тым самым, як і абяцаў бацьку, штодня набліжаў доўгачаканы Дзень Перамогі.

Самыя цяжкія дні былі пры фарсіраванні Віслы – забяспечвалі сувязь паміж наступаючымі войскамі: провад пракладвалі над ракой, аднак ён часта абрываўся ад варожых мін і снарадаў. Потым быў Одэр. “Разжыліся” трафейным тэлефонным провадам, які можна было расцягнуць па дну ракі.

У красавіку 1945 года Міхаіл Міхайлавіч атрымаў свой першы медаль — “За баявыя заслугі”, пазней – “За вызваленне Варшавы”. Дзень Перамогі сустрэў у сталіцы Германіі, пра гэта сведчаць медалі “За ўзяцце Берліна” і “За Перамогу над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. А ўсяго М.М. Партус атрымаў адзінаццаць медаляў і ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені.

Пасля заканчэння вайны яшчэ некалькі месяцаў кватэраваліся ў горадзе Магдэбург, дзе і быў зроблены фотаздымак. На ім М.М. Партус – у цэнтры. Пазней іх вайсковую часць перавялі ў горад Бярдзічаў ва Украіну. Тут жылі ў былых царскіх казармах. У 1946 годзе вярнуўся дамоў. Праз два гады ажаніўся на Марыі Марко з Бастыні. Разам выгадавалі сямёра дзяцей. Некаторы час Міхаіл Міхайлавіч працаваў на вузкакалейцы Люшча-Чучавічы, а пазней змяніў прафесію – стаў майстрам па пашыву абутку і яго рамонце. І не здраджваў ёй да заслужанага адпачынку. Праўда, на адным месцы доўга не сядзеў – за сваю працоўную дзейнасць змяніў больш як два дзясяткі населеных пунктаў чатырох былых Саюзных рэспублік. Мае не адзін дзясятак пісьмовых падзяк.

Ёсць у біяграфіі Міхаіла Міхайлавіча Партуса і “чорная пляма”. Пасля вайны ўступіў у канфлікт з законам таго часу, які забараняў мець свабоду веравызнання. Мужчына ж не мог здрадзіць сваім перакананням і глыбокай веры. Быў пакараны пазбаўленнем волі на восем гадоў, аднак пасля васьмі месяцаў адпушчаны і поўнасцю рэабілітаваны. Гэтае выпрабаванне не скарыла яго душы, а вера ў Бога яшчэ больш узмацнілася.

Цяпер ветэран жыве ў Яжаўках. Вельмі сціплы чалавек з болем у сэрцы прыгадвае франтавыя гады. Не-не ды паявіцца на шчацэ скупая мужчынская сляза пры ўспаміне пра загінуўшых саслужыўцаў-паплечнікаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть