Присяга

Тры сястры

жывуць з памяццю аб вайне, што прыпала на іх маладосць, і аб родных, якія набліжалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай…
Селянін Адрыян Наумовіч з вуліцы Царкоўная (цяпер Гагарына) у пачатку ХХ стагоддзя гадаваў васьмёра дзяцей. Пасталеўшы, яго старэйшы сын з рэдкім імем Яўстрацій уладкаваўся на чыгунку. На ся-дзібе трымаў каня і, як усе гаспадары, адпрацоўваў “шарварак”: у вызначаныя дні вазіў камяні ў Лунін для ўкладкі брукаванай дарогі. У яго сям’і таксама нарадзілася васьмёра дзяцей. На жаль, трое памерлі немаўлятамі. Тры дачкі – лунінецкія доўгажыхаркі.
Быццам выконваючы лёсанаканаванне падзяліцца звесткамі аб заўчасна завяршыўшых зямны шлях родных, увагу да сваёй сям’і прыцягнула Вольга Шуляк:
– З цікавасцю чытаю ў газеце матэрыялы Льва Коласава. Калі публікаваліся артыкулы аб Лунінецкай гімназіі, думала пра брата, які там вучыўся. Маю і здымак…
У час Першай сусветнай вайны бацькі выязджалі ў Арлоўскую губерню, дзе ў 1915 годзе нарадзіўся Мікіта. Вярнуліся дамоў “пры Польшчы”. З цягам часу здольны хлопчык вытрымаў экзамены ў польскую дзяржаўную гімназію. Ён захапляўся маляваннем і спортам. З бярозы выстругаў калодку, прымацаваў дрот і стаў трэніравацца на лёдзе – у наваколлях хапала сажалак, што зімой ператвараліся ў каток. Перамог у Лунінцы, ездзіў на канькабежныя спаборніцтвы ў Варшаву. На жаль, Мікіту не было і 17-ці год, калі заўчасна памёр. Суседзі гаварылі, што ўпаў на лёд і разбіў галаву. На самай справе, брат захварэў на менінгіт. Ад гэтай хваробы тагачасныя ўрачы не вылечвалі…
Захапілася стосам фота-здымкаў у альбомах 85-гадовай лунінчанкі. Вольга Яўстрацьеўна ахвотна працягнула ўспаміны. І аб вучобе ў “паўшэхнай школе”, дзе аднойчы настаўніца так ударыла тоўстай драўлянай лінейкай, што ў вучаніцы месяц плячо было чорным… І аб жахах акупацыі, калі немцы высялілі Наумовічаў з дома і давялося цясніцца ў сусе-дзяў, а потым наогул ратавацца ў сямейным партызанскім лагеры… Пасля вызвалення праз месяц памерла мама – сіроты нацярпеліся і ад мачахі…
Старэйшы брат, Васіль,
у 1944-ым быў прызваны ў армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай служыў у Берліне. Захаваліся здымкі, дзе лунінецкі хлопец адлюстраваны на фоне славутасцей сталіцы Германіі. У мірны час Васіль Яўстрацьевіч Наумовіч служыў у пажарнай часці. Памёр на 89-ым годзе жыцця 29 студзеня – у дзень нараджэння адной з сясцёр.
Сёлета яна, Надзея Сакалова, адзначае 90-годдзе. У час акупацыі дзяўчына была вывезена на прымусовую працу ў Нямеччыну. Вярнулася ў 1945-ым. Выйшла замуж за франтавіка. Выхавалі траіх дзяцей. Амаль 20 год працавала свінаркай саўгаса “Авангард”, фермы якога размяшчаліся на ўскрайку Лунінца. Муж займаў розныя пасады ў шэрагу аргані-зацый, на пенсію выйшаў з дрэваапрацоўчага камбіната, існаванне якога спыніў разбуральны час… Інвалід вайны Іван Герасімавіч Сакалоў памёр 15 год таму. Не так даўно Надзея Яўстрацьеўна страціла старэйшага сына. На схіле год маму падтрымлівае малодшы. Дачка асталявалася ў Расіі, дзе жывуць і двое ўнукаў, яшчэ адна ўнучка – у родным горадзе.
Юбілярка прымала віншаванні і ад старэйшай сястры – 92-гадовай Настассі Чарняўскай. Яна 25 год адпрацавала ў гандлі, потым яшчэ амаль столькі ж – санітаркай-буфетчыцай скурвендыспансера.
– Паважаная старажыхарка добразычліва ставіцца да людзей, – адзначае паштальён РВПС Валянціна Канапацкая. – Люблю заходзіць у яе дом. Настасся Яўстрацьеўна заўсёды сустракае гасцінна, называе дачкой…
Вольга – малодшая сястра. У верасні 1944-га ўладкавалася паштовым агентам. Неўзабаве перайшла на тэлеграф і засталася там на ўсё жыццё, працуючы яшчэ больш як 15 год пасля выхаду на пенсію. Мужам Вольгі Яўстрацьеўны таксама стаў франтавік – Васіль Майсеевіч Шуляк. Нарадзілася двое дзецей. У горадзе яна найбольш вядома, дзякуючы захапленню сама-дзейнай творчасцю. У пасляваенны час спявала ў калектыве пад кіраўніцтвам Ксеніі Бясан. Калі Сімін хор распаўся, тэлеграфістка працягвала выступленні разам з калегамі па працы. Выязджалі ў вёскі раёна, гастралявалі па гарадах Украіны.
– Заўсёды была “лёгкай на ўздым”, – усміхаецца старажыл. – Неаднаразова выбіралі казначэем мясцкама, таму што год брала пуцёўкі ў санаторыі. Аб’ездзіла палову Саюза!
Свае ўражанні самадзейная артыстка ўвасабляла ў розных ролях на сцэне. З канца 1950-ых вялікай папулярнасцю ў лунінчан карыстаўся драматычны гурток РДК-касцёла. У шэрагу спектакляў была занята і Вольга Яўстрацьеўна. Потым з аднадумцамі стварыла фальклорны ансамбль “Крынічанька”, дзе кожная спявачка прадстаўляла самаробны касцюм роднага паселішча. Карэнная лунінчанка выступала ў маміным шлюбным фартушку, пакуль ён зусім не знасіўся… У сакавіку 1988-га ў ліку першых прыйшла ў хор ветэранаў вайны і працы “Спадчына”, які дагэтуль лічыць сваім калектывам.
Вользе Яўстрацьеўне, як
і сястры, таксама давялося перажыць смерць сына. Унукі падарылі праўнукаў.
– Я – двойчы прабабуля, – аптымістычна заўважае старажыхарка.
Цеплынёй адагравае сям’я дачкі, дзе ўнук – супрацоўнік міліцыі, завочнік Акадэміі МУС, а ўнучка – студэнтка Баранавіцкага ўніверсітэта. Сапраўдныя святы для бабулі – наведванне роднымі яе дома. Сядзіба прываблівае шмат-лікімі вырабамі залатых рук гаспадыні і памяццю аб ро-дзе, што занатаваны ў фотоздымках і ва ўспамінах:
– Не паспела расказаць вам пра братоў бацькі. У час вайны адзін з іх быў партызанам. Жонку і дзяцей забілі немцы. Дзядзька не ўпаў духам: пасля вызвалення працаваў на чыгунцы, стварыў другую сям’ю, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР…
Абяцаю словаахвотнай суразмоўніцы, што абавязкова занатую і гэту гісторыю.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара і з альбома В.Я. Шуляк.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть