Выкрасліць сябе са спісаў загінуўшых
Присяга

Выкрасліць сябе са спісаў загінуўшых

DSCI2609“Няма лекаў ад старасці» — такі дыягназ у прадстаўнікоў даваеннага пакалення, якім з кожным годам усё цяжэй змагацца з хваробамі. Памяць усё менш адкрывае старонак з мінулага, праз якое прайшлі юнакі і дзяўчаты па дарогах вайны. I больш цьмяна выглядае маладосць з абдымкаў новых дзесяцігоддзяў…

Вольга ГРЫШЧАНКА нарадзілася ў вёсцы Чэрабасава ў 1926 годзе. Жыццё было спакойным, малая не задумвалася, што можа быць іначай. Але толькі-толькі зведаўшы дзявочыя клопаты — як лепш апрануцца, што абуць на вячоркі, як навучыцца зграбней танцаваць, ёй давялося забыцца пра ўсё, бо пачалася вайна.

Бацька быў камуністам, таму аказаўся ў ліку галоўных ворагаў новай улады. Спачатку спадзяваліся, што іх не крануць, але неўзабаве расстралялі дзве суседскія сям’і. Баючыся за асабістае жыццё, пайшлі да партызан. Тут дзяўчына спазнала ўсе нягоды і горыч ад цяжкіх страт. У зімовыя сцюжы даводзілася жыць у зямлянцы. Было адчуванне страху, што дарогу да лясных мсціўцаў праведаюць ворагі і знішчаць усіх і адразу.

Яе не пасылалі на заданні, але даводзілася даглядаць за параненымі. “Сястрычка, дапамажы.”, — малілі юныя байцы, сэрца сціскалася, а паратунку не было. Не прамінула варожая куля і бацьку. Доўга лячыўся, ды безвынікова — пайшоў з жыцця адразу пасля Перамогі.

Пад мірным небам Вольга марыла пра будучыню. Цяпер, праз 70 год, цяжка згадаць канкрэтную дату, але якраз тады яна спаткалася з украінцам Рыгорам. Ён вяртаўся з фронту, дарога пралягала праз Лунінеччыну. Маладыя людзі пазнаёміліся і хутка зразумелі, што не хочуць разлучацца. Мужчына так і застаўся ў Беларусі.

Многа расказваў пра вайну. Каля малдаўскага сяла Чобручы на беразе Днястра рота пад яго камандаваннем вяла цяжкія баі. У час аднаго з іх моцным узрывам накрыла некалькі чалавек. Падумаўшы, што ўсе мёртвыя, нехта з саслужыўцаў забраў з кішэні непрытомнага камандзіра яго дакументы. І неўзабаве ў родную вёску Абліткі Жытомірскай вобласці пайшла пахаванка.

А лейтэнант Грышчанка выжыў. Апрытомнеў у шпіталі, ужо далёка ад зоны баявых дзеянняў. Яго літаральна “адкапалі” пасля бою, калі хацелі пахаваць страчаных. Слабыя прыкметы жыцця дапамаглі не аказацца ў брацкай магіле. Пасля доўгіх месяцаў лячэння зноў быў на фронце, сустрэў Перамогу, а потым і сваё каханне…

Баявое мінулае яскрава ажыло ў іх сям’і ў 1969-ым, калі юныя следапыты з малдаўскага сяла адшукалі Рыгора Аляксандравіча. Аказалася, што там, на мармуровай пліце, высечана яго імя, якое значылася ў ліку загінуўшых з-за памылкова адпраўленай пахаванкі. Піянеры запрасілі прыехаць і сваёй рукой выкрасліць прозвішча ў спісе.

Фотаздымкі пра паездку ў Чобручы захоўваюцца да гэтых дзён. Урачысты мітынг і сама працэдура, якая сімвалізавала перамогу жыцця над небыццём. Тады наша “раёнка” апублікавала артыкул пад назвай “Всем смертям назло”, дзе падрабязна расказвала аб гэтай падзеі. Тыя пажаўцелыя радкі — таксама ў сямейным архіве.

Сям’я Грышчанка асталявалася ў Лунінцы. Рыгор Аляксандравіч настаўнічаў, а пасля выхаду на пенсію сталі непакоіць былыя раны. Змагацца з імі сіл не заставалася, таму некалькі дзесяцігоддзяў жыве толькі ў памяці родных. Не захаваліся і былыя ўзнагароды, якія ледзь умяшчаліся на святочным кіцелі былога камандзіра.

Вользе Усцінаўне зараз 88 год. Яна жыве ў кватэры, якую некалі атрымалі замест дома, што трапіў пад знос. Там быў вялікі агарод, праца на ім прыносіла не толькі прыбытак ад вырашчанага, але і вялікае задавальненне. Першы паверх дазваляе памаленечку выйсці на вуліцу, самастойна дабрацца на працэдуры ў паліклініку, якая знаходзіцца непадалёку. Потым яна зноў вяртаецца сюды, дзе ў пакоях стаіць цішыня, напоўненая ўспамінамі. Ды часам яны такія балючыя.

Пахаваўшы мужа, жанчыне давялося яшчэ раз зведаць страшную страту і правесці ў апошні шлях Уладзіміра, аднаго з сыноў. Горыч не пакінула матуліна сэрца, хоць мінула ўжо некалькі зім.

Радуюць тэлефонныя званкі другога сына — Віталь жыве ў Калінінградзе. А яшчэ цяплей на сэрцы, калі ён прыязджае ў госці. Ужо на пенсіі, таму затрымліваецца на Лунінеччыне на працяглы час, дорачы матулі хвіліны спакою і ўтульнасці.

Нідзе не захаваліся дакументы пра ўдзел Вольгі Усцінаўны ў партызанскім руху. У маладосці не думалася, што з часам гэта дасць адпаведныя льготы. Сведкі пайшлі з жыцця, ды і шукаць іх не імкнулася. Але мінулае прыходзіць у доўгія вечары, калі не бярэ сон ад болю ў целе, калі навальніца шуміць за вокнамі, нагадваючы пра трывожнае далёкае юнацтва.

Працоўныя будні жанчыны прайшлі ў якасці буфетчыцы на чыгуначным вакзале і ў адной з арганізацый горада. Некалькі класаў польскай школы далі першапачатковую адукацыю, якую ўдасканальвала на гандлёвых курсах у Ленінградзе. Там пабывала каля фінскай мяжы, дзе балоты і азёры вельмі нагадвалі роднае Палессе.

У Брэсце адзначыла 90-гадовы юбілей сястра Лізавета Усцінаўна. На сённяшні дзень з вялікай сям’і яны засталіся толькі ўдваіх. Не пазнаць, не знайсці і тых знаёмых краявідаў у роднай вёсачцы, дзе прайшло іх дзяцінства. Час няўмольны — ён зменьвае лёсы людзей і руйнуе прыроду.

“Мабыць, ужо не паспею прачытаць пра сябе, вельмі ж непакояць хваробы”, — сказала на развітанне Вольга Усцінаўна. На маё запэўніванне ў адваротным, толькі ўсміхнулася. Маўляў, няма лекаў ад старасці.

А так хацелася даўжэй слухаць яе расказ пра мінулае — часам горкае, часам вясёлае. Ні ў адным пакаленні не бывае бясконцай радасці ці бесперапынных выпрабаванняў. Людзі жылі — смяяліся і плакалі, страчвалі і знаходзілі. Толькі агульнай чорнай плямай у памяці засталася вайна, засцерагчы Радзіму ад якой вучаць тыя, хто прайшоў па яе палаючых сцежках. І не кожнаму з таго пакалення пашанцавала так, як лейтэнанту Грышчанку — сваёй рукой выкрасліць сваё імя са спісаў загінуўшых.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть