Присяга

Выстаялі, каб жыць…

Жуланов15 лютага споўніцца 26 год з дня выводу савецкіх войск з Афганістана. Напярэдадні адметнай даты сустрэліся са старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандрам ЖУЛАНАВЫМ.

Усяго праз Афганістан прайшлі амаль 29 тысяч ураджэнцаў Беларусі, з іх 771 чалавек — загінуў, яшчэ 12 — лічацца без вестак прапаўшымі. Сярод прадстаўнікоў Лунінеччыны ў пекле вайны пабывалі больш як 300 чалавек, 9 — дамоў не вярнуліся. Гэта Мікалай Захарчук, Аляксандр Зайчанка, Іван Зылевіч, Віктар Канапацкі, Павел Кавалевіч, Анатоль Коўшык, Міхаіл Мацкевіч, Аляксандр Трухановіч і Сяргей Юрко. На ўсіх школах, дзе вучыліся загінуўшыя землякі, ёсць мемарыяльныя дошкі. У родных вёсках і г. Мікашэвічы іх імёнамі названы вуліцы. Стараемся не пакідаць без увагі бацькоў гэтых хлопцаў.

На ўліку ў нашай арганізацыі стаяць 190 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Усім уручылі пасведчанні новага ўзору. Ёсць тры інваліды, якія атрымалі раненні ў гарах Афганістана. Яшчэ 8 чалавек прызнаны інвалідамі па агульнаму захворванню. За 26 год па розных прычынах страцілі 34 баявыя таварышы.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць шчырую ўдзячнасць жонкам воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яны заслугоўваюць самых цёплых слоў, таму што ў свой час дачакаліся мужоў з вайны, а сёння дзеляць з імі радасці і нягоды.

Агульнымі намаганнямі вырашаем пытанні працаўладкавання, аказваем юрыдычную дапамогу сем’ям. Члены арганізацыі часта выступаюць перад вучнямі школ, гімназій, каледжаў. Ладзяцца сустрэчы з піянерамі, актывістамі БРСМ. Штогод нашы актывісты ўручаюць маладым лунінчанам пашпарты, павесткі прызыўнікам. Арганізоўваем спартыўныя спаборніцтвы. Традыцыйнымі сталі турніры па міні-футболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, настольным тэнісе і вапейболе, якія праходзяць у гонар памяці загінуўшых землякоў на базе СДЮШАР, сярэдніх школ: №2 — у Лунінцы, Дзятлавічах і Бастыні. Дарэчы, у апошняй установе адукацыі прымае наведвальнікаў музей воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Многія ініцыятывы знаходзяць водгук у самых актыўных афганцаў — Аляксандра Брэзіна, Юрыя Жабіцкага, Мікалая Кавальца, Івана Наварыча, Аляксандра Рамановіча, Леаніда Жыбарта, Анатоля Брэзіна, Сяргея Буневіча, Генадзя Губарэвіча, Яўхіма Кірзнера, Валерыя Бузынчыка, Віктара Сайко, Аляксандра Чымбура і іншых. Амаль усе яны яшчэ працуюць на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна. Паказваючы добрыя вынікі ў прафесійнай дзейнасці, з’яўляюцца спецыялістамі высокага класа, маюць заслужены аўтарытэт сярод калег.

Плённа супрацоўнічаем з райвыканкамам, раённым саветам ветэранаў вайны і працы, ДТСААФ і іншымі арганізацыямі. У 70-годдзе юбілею Перамогі савецкага народа над фашысцкімі захопнікамі прымем актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах: аўтапрабегах, сустрэчах з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, школьнымі калектывамі. Ніхто ніколі не застаецца ўбаку ад выбарчых кампаній рознага кшталту. Вось і сёлета абавязкова прагаласуем за Беларусь, за яе народ і росквіт нашай дзяржавы!

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть