Присяга

Хай не баляць вам раны, ветэраны!

радюкСямён Аляксеевіч Радзюк быў першынцам у сям’і, дзе нарадзілася 14 дзяцей. Сямёра братоў і сясцёр памерлі маленькімі. Самы балючы ўспамін дзіцячых гадоў – страта малодшага браціка ад апендыцыту. Бяссілле перад бядой прымусіла хлапчука пасталець раней сваіх год.
Сям’я пераехала з Баравікоў на недалёкі хутар Завільская Ніва, дзе мела нядрэнны надзел зямлі. Цяжкая вясковая праца прыносіла адчуванне ўпэўненасці і не была абузай. Але пачалася вайна…
Пасля гаспадарання немцаў засталося пажарышча ад стагоў жыта і загубленая жывёла. Адчай прымусіў падлетка ісці ў партызаны. Жаданне адпомсціць за зруйнаваны дабрабыт і спакой прывяло Сямёна Аляксеевіча ў атрад імя Будзённага, які дыслацыраваўся каля вёскі Хорастава Салігор-скага раёна. Пасля злучэння з Чырвонай арміяй у 1944-ым хлопец стаў стралком 2 узвода 2 роты 29 палка 12 гвардзейскай дывізіі. Усе назвы і лічбы таго часу ветэран і зараз ведае на памяць. Яго ціхі расповяд пра ваеннае ліхалецце можна слухаць гадзінамі…
… Тады іх шлях быў на Берлін. Спачатку фарсіравалі Одэр. Пераправа праводзілася пад градам бомбаў і куль з нямецкіх самалётаў. Касякі варожых паветраных машын нагадвалі байцу клін гусей над родным Палессем. Толькі замест знаёмага клёкату з неба сыпалася смерць. Хуткае цячэнне адносіла лодкі ў невядомы бок… Тады ён выжыў і быў паранены ўжо на Эльбе. Куля пашкадавала юнае сэрца байца і прайшла навылёт праз плячо.
Доўга лячыўся ў шпіталі, таму не трапіў у Японію, куды накіравалі іх полк. Яшчэ на тры доўгія гады застаўся ў войску праходзіць тэрміновую ваенную службу.
Дамоў вярнуўся ў сакавіку 1948-га. Сям’я ўжо крыху акрыяла ад ваеннай разрухі. Адразу ўзяўся за плуг, бо засумаваў па звыклай сялянскай працы. Ногі грузлі ў вясновай слоце, а яму хацелася бясконца наразаць роўныя барозны па мяккай раллі…
Сустрэўся з сябрамі, стаў хадзіць на вячоркі. Аднойчы паклікалі на вяселле. Там пазнаёміўся з дзяўчынай з Добрай Волі. Праскоўя так спадабалася юнаму Сямёну, што ён у той жа вечар агарошыў дзяўчыну пытаннем:
– А ты пойдзеш за мяне замуж?
Тая паглядзела, памаўчала і адказала смела і ўпэўнена:
– Пайду!
Так і пачалося іх сямейнае шчасце. Павянчаліся ў Вічынскай царкве, куды ездзілі на конях з песнямі і гармонікам. Вяселле было сціплым, але запамінальным. Жыць разам пачалі ў сям’і жонкі, паціху пабудавалі драўляны домік у Галым Бары. Перабраліся ў сваю хату ўжо мнагадзетнымі бацькамі. З 1949 па 1968 гады ў іх нара-дзілася 10 дзяцей!
Усе выраслі, але траім быў адмераны Богам нядоўгі век. Няма ў жывых старэйшай дачкі Надзеі, жыхаркі далёкага Растова. Сын Іван пахаваны на Украіне. Скончыўся зямны шлях Мікалая, які жыў у Мікашэвічах…
На малой Радзіме засталіся толькі Вера і Васіль. Марыя жыве ў Лахве, Міхаіл і Аляксандр – у Мікашэвічах. Вольга і Ганна апынуліся ў Мінскай вобласці.
Здаецца, гадаваць так многа дзяцей цяжка. Але Сямён Аляксеевіч і Праскоўя Савічна Радзюкі спраўляліся не толькі дагледзець малых, але і працавалі ў калгасе. Жанчына ўвесь час была паляводам, а гаспадар з пачаткам меліярацыі перайшоў у МУААС, дзе праз 23 гады выйшаў на пенсію.
Побач з драўляным домікам пабудавалі цагляны – вялікі і прасторны. Якраз дарэчы, бо надышоў час вяселляў і провадаў у армію. Паступова дзеці разляталіся «віць свае гнёзды». Па-рознаму склаліся іх лёсы, але па кожным аднолькава балела ў грудзях у бацькоў. А калі па роднай крывінцы давялося правіць хаўтуры, матчына сэрца не вытрымала…
Прайшло некалькі гадоў, як Сямён Аляксеевіч пахаваў сваю адзіную спадарожніцу жыцця. Напамінам пра яе засталіся посцілкі, якія Праскоўя Савічна клапатліва ткала на самаробным станку ў роднай хаце. Яны беражлі-ва захоўваюцца ў шафе. Два ордэны «Мацярынскай славы» занялі пачэснае месца сярод ваенных узнагарод ветэрана: ордэна Айчыннай вайны 1 ступені, медалёў «За адвагу» і «За баявыя заслугі». А фотаздымкі дарагой сэрцу жанчыны Сямён Аляксеевіч заўсёды захоўвае пры сабе.
У хаце адчуваецца адсутнасць жаночага цяпла, бо жыве 87-гадовы ветэран вайны з сынам і ўнукам. Але ад добрых вачэй гэтага немаладога чалавека адразу цяплее на сэрцы. Добразычлівасць чуецца ў кожным яго слове. Пасля аперацыі дзядуля ледзь-ледзь выходзіць на вуліцу, але пра яго ёсць каму клапаціцца. Дачка жыве побач, унучка робіць усе патрэбныя працэдуры, сацыяльны работнік выконвае неабходныя даручэнні, цікавіцца мясцовая ўлада. Часта адведваюць унукі і праўнукі. Падлічыць жа ўсіх нашчадкаў амаль немагчыма – колькасць пастаянна павялічваецца. Вось і зараз чакаецца прыбаўленне ў сям’і ўнучкі.
Сямён Аляксеевіч шчыра ўдзячны за клопат аб ім. Усім жадае моцнага здароўя, шчасця і поспехаў. І раіць мужна пераносіць усе цяжкасці, якія часам дасылае жыццё. Ледзь узнімаючыся з ложка, з вялікімі пакункамі лекаў на століку, страціўшы дарагіх сэрцу лю-дзей, чалавек збярог у душы пачуццё дабрыні і сардэчнасці, веры і надзеі. Менавіта такімі людзьмі ў далёкім 1945-ым была заваявана наша Перамога і менавіта такімі мы павінны выхаваць нашых дзяцей.
Паклонімся яшчэ раз ветэранам!
Хай не баляць ім стомленыя раны!
Іх выбраў час плаціць сваёй крывёю,
За кожны міг дзіцячага спакою.
За кожны дом, за рэчку і паляну,
Падзякуем сардэчна ветэранам!
Яны ішлі пад жудасныя кулі,
І вечным сном на полі тым заснулі.
Іх вечны сон, іх мужнасць і цярпенне,
За мірны лёс для новых пакаленняў!
Не зможам мы аддзячыць ім да скону –
Памолімся ў хаце, ля іконы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть