Присяга

“Я ні ў чым не вінаваты…”

Сведкі расказвалі, што так крычаў Васіль Сямёнавіч Кішкевіч з вёскі Красная Воля, калі яго расстрэльвалі немцы ва ўрочышчы Баханова.
Звычайны 40-гадовы селянін у свой час ажаніўся з дзяўчынай з Азярніцы. Працавалі і выхоўвалі пяцёра дзяцей. З радасцю сустрэлі ўз’яднанне Заходняй Беларусі ў складзе БССР. Асаблівай падтрымкай дзеянняў савецкай улады вылучаўся брат жонкі – Адам Фёдаравіч Пятніца.
Калі раён быў акупіраваны, жыхары вымушаны былі падпарадкавацца “новаму парадку”. На прымусовую працу ў Нямеччыну аднаго за другім угналі двух старэйшых сыноў Кішкевічаў. А потым хтосьці з жыхароў данёс немцам, што брат Проські (так па-мясцоваму называлі Ефрасінню) – савецкі актывіст. За гэта немцы арыштавалі яго швагра (!!!), загадалі ісці ў Лунінец са сваім канём і павозкай.
У Васіля ў Краснай Волі была замужняя сястра. Настасся Сямёнаўна Раковіч стала прасіць мужа:
– Едзь у Лунінец, даведайся, што здарылася з братам.
Звярнуліся да знаёмага з даваеннага часу лунінча-ніна. Пётр Захаравіч Швец у 1939-1941 гг. настаўнічаў у Краснай Волі (дарэчы, вядома, што быў падполь-шчыкам). Муж яго сястры, Уладзімір Аляксандравіч Рыхцер, у час акупацыі меў статус “фальксдойчэ” (так называлі немцаў, якія жылі за межамі Германіі). Ён праз камендатуру дапамог селяніну сустрэцца са сваяком.
Васіль Сямёнавіч расказаў, што вольна рухаецца па Лунінцу, таму што яму загадана дастаўляць прадукты салдатам, якія размешчаны ў розных частках горада.
– Дык чаму ты не ўцякаеш? – спытаў швагер.
– Кабылку шкада, – адказаў Васіль Сямёнавіч. – Сям’я вялікая, куды нам без скаціны? А я ні ў чым жа не вінаваты. Можа, хутка адпусцяць?..
Вярнуўшыся дамоў і заспакоіўшы родных, праз два дні вясковец з Краснай Волі зноў накіраваўся ў Лунінец – павёз швагру прыгатаваныя хатнія харчы. Але яму сказалі, што Васіль Кішкевіч ужо расстраляны на Баханова. Узрушаны гораснай весткай, той нават знайшоў сведкаў, якія паведамілі жудасныя падрабязнасці расстрэлу…
Гэта быў 1943-ці. Праз год на тыф захварэла яго жонка. Адчуваючы блізкі канец, перад смерцю яна аб адным прасіла мужа:
– У Проські пяцёра сірот. Не пакінь іх без дапамогі. Пастаў на ногі дзяцей майго брата…
У 1945-ым Ефрасіння Фёдараўна перайшла ў дом Ільі Мікалаевіча Раковіча. Да гэтага часу ў яе засталося ўжо чацвёра дзяцей. 20-гадовы Адам загінуў у Нямеччыне. На два гады мала-дзейшы за брата Фёдар вярнуўся, жыў у бацькоўскай хаце. У малалетніх дзяцей (Марыі было 13 год, Кандрату – 9, Настассі – 7) хутка паявіліся брацік і сястрычка. На жаль, пасляваенная нястача не дазволіла захаваць жыццё Мікалаю – немаўля памерла ад “гарачкі”, як казалі ў вёсцы.
Трагічную гісторыю сваёй сям’і захоўвае Таццяна Ільінічна Раковіч. Яна 40 год выкладала хімію і біялогію лунінецкім школьнікам. Расказала, што невінаваты “віноўнік” смерці першага мужа яе мамы, Адам Фёдаравіч Пятніца, быў прызваны на фронт, з першых дзён удзельнічаў у Вялікай Айчыннай. З вайны вярнуўся інвалідам – страціў нагу. Карыстаўся павагай і аўтарытэтам у аднавяскоўцаў… Цікавы лёс і Уладзіміра Рыхцера. У 1958-ым гараджан з арганізатарскімі здольнасцямі накіроўвалі на ўздым сельскай гаспадаркі. Вось і ён у складзе так званых “трыццацітысячнікаў” узначаліў калгас у Вульцы 2, да якога хутка далучылі і калектыў Краснай Волі. Праз два гады Уладзімір Аляксандравіч стаў старшынёй калгаса “Маяк камунізму” ў Кажан-Гарадку і вывеў яго ў “мільянеры”. У 1966-ым узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. На жаль, зайздроснікі ўзвялі паклёп на працавітага чалавека. Вымушаны пераехаць ва Украіну, ён быў там намеснікам дырэктара агародніннаводчага саўгаса. Перанесеныя стрэсы прыспешылі смерць у 59 год…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть