Присяга

Яго называлі Алёшай…

Год таму завяршыў зямны шлях удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Іванавіч Савіч з Багданаўкі. У вёсцы яго называлі Алёшай. Па настаянню жыхароў менавіта гэта імя высечана на надмагільным помніку.

Кожны чалавек рана ці позна задумваецца над сэнсам жыцця. У многіх гэта, пад уплывам добрых настаўнікаў і бацькоў, адбываецца яшчэ ў школьныя гады. Вось і ліцэіст Артур Антановіч аднойчы прыйшоў да вельмі дарослай думкі:
“Сувязь пакаленняў не павінна перарывацца. Мы жывём дзеля працягу жыцця на зямлі. І што даведаюцца пра наш час наступныя пакаленні, залежыць ад кожнага з нас. Значыць, мне самому неабходна ведаць пра маіх папярэднікаў”.
Па прапанове настаўніцы Валянціны Канстанцінаўны Казун вучань 10 “Д” класа напісаў эсэ, прысвечанае прадзеду.
Багданаўка вядома сваімі вялікімі сем’ямі. Продкі Артура – не выключэнне. У Івана і Акуліны Савічаў раслі сямёра дзяцей – шэсць сыноў і дачка. Аляксандр быў малодшым. Матуля ласкава называла яго Лёшка. Так і прыжылося гэта імя ў вёсцы, з цягам часу ператварыўшыся ў Аляксея.
Калі спрадвечныя заняткі сялян парушыла акупацыя, ад небяспекі людзі ратаваліся ў навакольных лясах. 22-гадовы вясковец уступіў у рады народных мсціўцаў. Праўнуку пашчасціла запісаць успаміны ветэрана вайны:
«Наш атрад «За Радзіму» стаяў каля вёскі Рэчкі паблізу Лагішына. Цяпер гэта Івацэвіцкі раён. Партызаны ўзрывалі рэйкі, нападалі на нямецкія склады. Удзельнічаў у некаторых баявых аперацыях, але хутка захварэў на тыф…
Пасля вызвалення раёна ад фашыстаў быў прызваны ў Савецкую армію. Воінскую прысягу прыняў 6 верасня 1944 года. Ваяваў радавым кулямётчыкам 244 стралковага палка ў скла-дзе I Беларускага фронту пад камандаваннем Георгія Канстанцінавіча Жукава. Стаялі на рацэ Вісла, паўгода знаходзіліся ў абароне. У ходзе наступлення на Варшаву 15 студзеня 1945 года я быў паранены ў левую руку. Трапіў у медсанбат. Лячыўся ў адным са шпіталяў Куйбышаўскай вобласці. Пасля выздараўлення накіравалі ў 6 роту 2 батальёна 162 гвардзейскага стралковага палка. За 20 кіламетраў да Берліна нас “перакінулі” на вызваленне Прагі”.
У сакавіку 1946-га франтавік вярнуўся ў родныя мясціны. Вайна забрала пяць жыццяў з яго сям’і: ад тыфу памерлі маці і брат, яшчэ трое братоў загінулі на фронце. І вёскі не было – спалена фашыстамі. Трагедыя шматпакутнай Багданаўкі ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”… Сціснуўшы зубы, каб не дазволіць сабе адчаю, аднаўляў дом і двор. Знайшоў сілы жыць далей і быў шчаслівым ад таго, што спрыяў хутчэйшаму ўсталяванню спакою на зямлі.
З такой жа ўпартасцю, як змагаўся з ворагам, былы салдат служыў мірнай працы ў калектыўнай гаспадарцы. Сваім галоўным святам заўсёды называў Дзень Перамогі. І сумленна дажыўшы да шчаслівага часу, калі грамадства стала шанаваць сваіх абаронцаў, 9-га мая вясковец апранаў ваенную гімнасцёрку з ордэнам Айчыннай вайны I ступені, знакам “Партызан Беларусі”, медалямі “За баявыя заслугі” і “За перамогу над Германіяй”, а таксама “Ветэран працы”. Чаканячы крок, былы франтавік ішоў на парад. А праўнук з гонарам пазіраў на мужны сур’ёзны твар, на не па гадах цвёрдую паходку прадзеда…
Свае развагі аб велічы подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай і недапушчэнні паўтарэння вайны юнак завяршае паэтычнымі радкамі Ларысы Геніюш:
На роднай зямельцы
Усе мы не госці,
Усе мы чыесьці,
Усе мы кагосьці.
Хоць спарахнелі
Дзядоў нашых косці,
У нашай натуры
Ёсць іхняе штосьці.
Праца Артура пераканала, што ён годна ўшанаваў памяць ваеннага пакалення ў асобе свайго прадзеда, значыць, варты быць сапраўдным нашчадкам салдата Вялікай Перамогі. Верыцца ў тое, што ад свайго прадзеда юнак возьме не толькі ўласцівую сялянам працавітасць, але і тую адданасць Радзіме, якая звычайных людзей ператварала ў мужных воінаў, дазваляла пераадольваць самыя цяжкія выпрабаванні лёсу як у вайсковым, так і ў мірным жыцці.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть