“Юбілей Перамогі сустрэць усім разам”
Присяга

“Юбілей Перамогі сустрэць усім разам”

ветераныАгульныя шчырыя пачуцці ўвасобіліся ў такое пажаданне ветэранам Вялікай Айчыннай на іх чарговым ушанаванні. Былых франтавікоў і партызан, працаўнікоў тылу і работнікаў прыфрантавых чыгунак ад імя кіраўніцтва вузла вітаў начальнік станцыі Лунінец Сяргей Скіба.
Па стану здароўя, на жаль, ні адзін з ветэранаў вайны дыстанцыі пуці не мог прыняць удзел ва ўрачыстасці. Лакаматыўнае дэпо прадстаўлялі пяць самых паважаных пенсіянераў (яшчэ пяцёра прынялі віншаванні дома). Адзін з прысутных заўважыў, што 20 год таму на станцыі ўшаноўвалі больш як сорак удзельнікаў былых змаганняў – цяпер іх было толькі чатыры. Усе радаваліся, што змаглі сабрацца ў клубе (як па-ранейшаму называюць ведамасны ДК). У падарунак ад вузлавога савета ветэранаў вайны ганаровыя госці атрымалі кветкі і, пасля музычных вітанняў, запрашэнне за “салодкі стол”.
Варты самых добрых уражанняў і канцэрт, што сапраўды быў годны мэты ўрачыстасці. Застаўка сцэны адлюстравала прыгожы краявід нашай Беларусі, што адразу выклікала светлыя ўсмешкі гледачоў. Вядучыя Тамара Федасеева і Андрэй Канапацкі на чыстай роднай мове даносілі гледачам пранікнёныя словы нацыянальных паэтаў. Большасць песень таксама гучала па-беларускі – у выкананні як гэтых жа салістаў, так і запрошаных Ніны Ераміевіч і Максіма Перапёлкіна. Асабліва спадабаліся прысутным юныя ўдзельніцы музычнай студыі “Нота”. Захаплялі харэаграфічныя нумары, у тым ліку выканаўцаў сучасных танцаў з ансамбля “Абіссаль”. Цудоўным падарункам стала выступленне народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Прымакі”.
Амаль дасягнуўшыя ці нават перасягнуўшыя 90-гадовы ўзрост ветэраны вайны Віктар Селядцоў, Георгій Камандзіс, Мікалай Філонік, Адам Арашкевіч, Лізавета Красікава, Міхаіл Канапацкі, Тамара Аляшкевіч, Вера Ванюк, Іосіф Лазіцкі сфатаграфаваліся на памяць з кіраўнікамі і прадстаўнікамі грамадскасці чыгуначнага вузла. Гэты здымак стане рэлік-віяй і ў гісторыі станцыі Лунінец, што сёлета адзначае 130-годдзе, і ў сямейных альбомах нашчадкаў пакалення пераможцаў.
Галіна ТУРКЕВІЧ, спецыяліст па кадрах станцыі Лунінец.
ФотаТаццяны КАНАПАЦКАЙ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть