Присяга

Загінуў без вайны

военннн26 год сэрца жанчыны перапаўняе пякучы боль.
26 разоў Новы год – не свята, а горкі ўспамін, калі яна пакутліва перабірае ў памяці да драбніц той снежаньскі дзень, які зруйнаваў яе мацярынскае шчасце, знішчыў адчуванне спакою.
Ганна Паўловіч і цяпер не можа змірыцца з самай страшнай стратай у іх сям’і. 21 снежня 1987 года яны назаўсёды развіталіся з сынам і братам Іванам, ваеннаслужачым тэрміновай службы, які пайшоў з жыцця праз 1 год і 19 дзён пасля прызыву…
Спачатку прыйшла тэлеграма. Скупыя афіцыйныя радкі паведамлення аглушылі жахлівай незваротнасцю:
«Ваш сын Павлович Иван Федорович погиб при исполнении служебного долга… Огнестрельное ранение груди и живота. Острая кровопотеря».
Бы ў сне, была паездка мужчын на месца трагедыі, доўгае чаканне, іх вяртанне з труной. Потым – пахаванне, незнаёмыя людзі ў ваеннай форме, марныя словы супакаення і асэнсаванне непапраўнай страты…
Не хацелася жыць, вяртацца ў рэальнасць. Згадваўся вясёлы хлапчук Ваня, сярэдні ў сям’і. Вось ён – першакласнік, у велікаватым, крыху не па росту, гарнітуры перад пачаткам школьных заняткаў…
Потым – падлетак, які з лёгкасцю спраўляецца з паўсядзённай сялянскай працай, вясёлы і жыццярадасны… Яго першыя дакументы – атэстат сталасці і пасведчанне трактарыста… Новыя працоўныя будні, калі сеў за руль «жалезнага каня» і зусім нядоўга пашчыраваў у калгасе…
Усе яго юнацкія мары, якія павінны былі збыцца пасля выканання галоўнага ваеннага абавязку…
Часта гаварыў:
– Мама, вярнуся з арміі, зараблю грошай, куплю машыну і прыеду дадому, пасігналю. А ты ўбачыш і скажаш тату: “Глядзі, Федзя, наш Ваня прыехаў!”.
Тыя словы чуюцца маці ўсе доўгія гады, што раздзяляюць яе з сынам.
– “Не прыехаў… не паспеў… прывезлі…”, – нібы пульсуе думка, не даючы спакою ні днём, ні ноччу.
Тады многа аднавяскоўцаў і знаёмых трапіла ў Афганістан. Калі Івану выпала служыць у Маскве, думалі, пашанцавала.
– Ад лёсу нікуды не дзенешся. Дзякаваць Богу, “афганцы” вярнуліся жывымі, а Ванька… – у вачах Ганны Мікалаеўны смутак жыве вельмі глыбока, не пускаючы туды светлыя пачуцці.
Усіх падрабязнасцей таго, што здарылася і прывяло да трагедыі, маці не ведае. Ці гэта ваенная тайна, ці адпаведныя службы пашкадавалі мучыць кволае сэрца жанчыны пакутлівымі звесткамі, цяпер адназначна сказаць нельга.
Дакумент аб узнагароджванні нагрудным знакам «За отличие в службе», датаваны тымі страшнымі днямі, які яшчэ раз пацвярджае, што юнак аддана выконваў заданні, якіх патрабавалі абавязак і сумленне.
А іначай паступаць яго не навучылі бацькі. Вясковая сям’я ў Галым Бары гадавала чацвёра дзяцей. Лёня, Галя, Ваня, Валодзя – яны былі, як адно цэлае, дружна вырашаючы ўсе надзённыя пытанні.
Бацька Фёдар Міронавіч – экскаватаршчык, сам мясцовы, з вялікай раднёй, дзе ўсе здольныя і старанныя. Маці Ганна Мікалаеўна – з Добрай Волі, суседняй вёскі, даярка і палявод у калгасе, таксама з ганаровай працоўнай гісторыяй продкаў. Яны знайшлі разуменне паміж сабой, жылі дружна. І дзеці нараджаліся жаданымі, у атмасферы павагі і любові.
Галоўным захапленнем і адпачынкам для хлапчукоў была рыбалка. Ваня не адставаў ад братоў, не баючыся рана падняцца з ложка, каб з першымі пром-нямі сонца ўмыцца свежай расой, ідучы на рэчку.
Гады праляцелі так незаўважана, што провады ў армію былі некалькі нечаканымі. І супадзенне – 30 лістапада, у дзень 18-годдзя гучаў і развітальны марш “Славянкі”. Моладзь весела жартавала, дзяўчаты паўсур’ёзна абяцалі не выходзіць замуж, дачакацца Ваню дадому. Не дачакаліся. Цяпер іх унукі гуляюць на вуліцы з мячыкам і будуюць палацы з пяску…
Жыццё працягваецца. Але боль трывожыць няшчасных бацькоў усё часцей. Без пары пабялелі валасы і глыбей уеліся маршчынкі. Дачка жыве ў Пінску. Лёня і Валодзя з сем’ямі – побач з бацькамі, даючы тым усемагчымую падтрымку. Шасцёра ўнукаў і трое праўнукаў – жаданыя госці ў бабулінай хаце. Не-не, ды мільгне думка: “А якімі б цяпер былі дзеткі Івана?”. Але Ганна Мікалаеўна не падае выгляду, як ёй балюча, уздыхае, і аддае малым увесь вольны час і любоў без астатку. Найчасцейшы госць – пяцігадовы праўнучак Алёша. Жывучы з мамай у горадзе, хлапчук просіцца ў вёску, дзе старэйшыя раскажуць і пакажуць столькі новага для цікаўнага малыша. Тут можна дагледзець жывёлу, дапамагчы ўпарадкаваць дровы, а галоўнае, вабіць вя-лікая машына, на якой працуе дзед Лёня.
Фотаздымак Івана – у самым цэнтры пакоя. Салдат глядзіць на родных з лёгкай усмешкай на твары, светлыя даверлівыя вочы кранаюць да глыбіні душы. І хочацца папрасіць прабачэння. І не толькі ў яго і ў маці. За тое, што мы мала згадваем пра іх. Больш увагі аддаецца родным і ахвярам афганскай вайны. Але выкананы абавязак на службе ў мірны час, які каштаваў чалавечага жыцця, не менш важны, а галоўнае, такі ж трагічны і балючы. І Ваня – не адзін, у Вулькаўскім сельсавеце яшчэ ў некалькіх сем’яў юнакі не вярнуліся жывымі.
Чым хоць крышачку аблегчыць боль няшчасных матуль? Толькі нашай светлай памяццю пра бязвінных ахвяр мірнага неба.
Яшчэ папрасіла ў Ганны Мікалаеўны дараваць, што растрывожыла ўспамінамі незагайваючую рану.
– А думаеце, я забываю хоць калі-небудзь? – быў адказ. – Я часта пераглядваю яго тоненькі пакуначак з дакументамі. Паўспамінаю, паплачу…
У яе думках маленькі Ваня бяжыць насустрач сонцу са смехам і дзіцячай непасрэднасцю ў вачах. Ці сядзіць з гітарай і напявае любімыя песні. Некаторыя запомніліся назаўсёды і іх немагчыма слухаць без слёз… Такія думкі, хай і з адбіткам горычы, але дадаюць крышачку новых сіл матулінай адзіноце. Бо ў сынавым кароценькім жыцці былі светлыя моманты, даражыць якімі жанчына будзе да апошняга дыхання.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть